Адукацыя, падрыхтоўка да вясны і прусакі ў страве

Общество

У 30-я гады мінулага стагоддзя ў вёсцы Харомцы выдавалі сваю газету. Што можна было прачытаць у вясковай прэсе?
На студзеньскім пленуме цэнтральнага камітэта кампартыі ў 1934 годзе было прынята рашэнне аб стварэнні ў калгасах надзвычайных органаў – палітаддзелаў. Ім надаваліся функцыі палітычных, гаспадарчых і, нават, карных структур. Палітаддзел быў створаны і ў саўгасе “Харомцы”, які ўваходзіў у пачатку ХХ стагоддзя ў Глускі раён. Кожны палітаддзел абавязкова выдаваў шматтыражную газету.
Харамецкая газета называлася “За сацыялістычную свінагадоўлю” і выдавалася кароткі час – з 1933 па 1934 год пад папулярным лозунгам “Пралетарыі ўсіх краін, злучайцеся!”. Адказным рэдактарам газеты працаваў нехта Фарбман. Пад яго кіраўніцтвам сялянскі веснік выходзіў на беларускай мове раз у дэкаду ў друкарні глускай газеты “Сцяг калектывізацыі”. У розныя часы газета мела тыраж ад 200 да 500 экзэмпляраў.
Пра што пісалі ў саўгаснай газеце ў 30-я гады? Пагартаем старонкі некалькіх нумароў газеты “За сацыялістычную свінагадоўлю” і паглядзім, чым жылі Харомцы.
Безадказнасць калгаснікаў
Надышоў снежань 1934 года. Сяляне не паспяваюць выканаць план па засыпцы насенных фондаў добраачышчаным і высокасортным зярном. Занепакоены аграном Шутаў спрабуе заклікаць іх да ўдарнай працы праз газету. У нататцы “Падрыхтоўку да зімы ганебна зрываем” аграном нагадвае, што тэрмін выканання працы скончыўся, а выканана толькі 33 працэнты ад плана. Малацілка не працуе некалькі дзён за няспраўнасцю. У затрымцы рамонту інвентара і машын Шутаў вінаваціць таварыша Кляпусевіча, які адрывае механіка рамонтнай майстэрні ад асноўнай працы яздой на машыне і гэтым “ганебна зрывае падрыхтоўку”. А рабочыя Алейнікі Іван і Мікалай, а таксама Васілеўскі Павел “не хочуць зразумець важнасці” наведвання палявога гуртка. А маглі ж стаць брыгадзірамі паляводчых брыгад і навучыцца працаваць на сельгасмашынах! Толькі выправіўшы гэтыя памылкі можна ўдарна правесці ўсе работы вясенняй пасяўной кампаніі. “За гэта мы павінны драцца!” – так заканчвае нататку аграном Шутаў.
Не толькі ўзгаданыя грамадзяне зрывалі працу саўгаса. Праглядваючы змест публікацый, разумееш, што літаральна за кожную памылку можна было пабачыць сваё прозвішча ў крытычным артыкуле. Загадчык фермы Рымашэўскі не вядзе ўлік выдаткавання кармоў і раздачы брыгадам, не ва ўсіх свінарніках устаноўлены печы, тэхнік-свінавод Нікіценка не выконвае абавязкаў кіраўніка – “зайдзе ў камбінат, дойдзе да сталоўкі і назад, і больш у вочы яе не ўбачыш”.
Сталоўскі дэтэктыў
Цэлая дэтэктыўная гісторыя разгарнулася вакол працы саўгаснай сталоўкі ў тым жа снежні 1934 года. Працоўныя Станкевіч і Селіванаў у газеце скардзяцца на наяўнасць прусакоў у страве са сталоўкі. Мужчыны пісалі: “На працягу некалькіх дзён нам прывозяць абеды з сталовай на ферму №2 заўсёды з прусакамі. Калі пытаеш у работніцы, якая прывозіць абеды, чаму заўсёды прусакі ў страве, яна адказвае: “прусак – таксама мяса”. Па версіі ж работніцы сталоўкі, прусакоў у ежу кідалі самі сяляне, а пасля скардзіліся на яе, ды не столькі з-за якасці харчавання. Працоўныя былі незадаволеныя тым, што гэтая работніца – дачка кулака, была ўзята на працу загадчыкам сталоўкі без ведама кіраўніцтва, негледзячы на тое, што ў саўгасе хапае сваіх работніц.
Атрымаў сваю долю заўваг і загадчык сталоўкі Ю.Шаплыка. Спачатку за насякомых у абедах, а пасля і за спекуляцыі. “Пакуль у нашай сталовай будзе загадчыкам Шаплыка, гэтым агідным фактам, мяжуючымся са шкодніцтвам, не будзе канца” – пісалі працоўныя.
У артыкуле “Сталовай саўгаса загадвае спекулянт” таварышы Станкевіч, Шаплыка К. і Шагаў звяртаюць ўвагу на тое, што ўлік абедаў не вядзецца, талоны знішчаюцца, не запісваецца інфармацыя пра атрыманне рыбы, малака, пшанічнай мукі і круп на камерцыйныя абеды. “Сталовачны апарат павінен быць зараз жа перагледжаны, — патрабавалі аўтары артыкула, — бо сам загадчык з’яўляецца былым спекулянтам, які зараз спекулюе прадуктамі. Для сваёй карысці падбірае кулачак, якія непасрэдна дапамагаюць раскрадваць дзяржаўнае дабро”. Публікацыя дапамагла дабіцца справядлівасці. У наступным нумары газеты паведамлялася, што Шаплыка з працы зняты і справа аб раскрадванні прадуктаў перададзена следчым органам.
Ганьба ілжэўдарнікам вучобы
Дваццатыя і трыццатыя гады – час культурнага ўздыму і развіцця адукацыі. Дзеці простых сялян атрымалі магчымасць вучыцца ў школе, адкрываліся новыя адукацыйныя установы. Але не ўсе жадалі аддаваць дзяцей вучыцца. “Бацькі, калі вашы дзеці будуць у школе?” – пытаецца ў аднайменным артыкуле таварыш Парыбак у жыхароў падсобнай гаспадаркі Вовіна.
29 лістапада 1934 года на першай старонцы газеты быў апублікаваны ліст перадавікоў вучобы Харамецкай школы да ілжэўдарнікаў. Выдатнікі вучобы патрабуюць у сваіх таварышаў, каб тыя займаліся ўдарнай вучобай дома і ў школе, выправілі свае памылкі і выйшлі з адстаючых у перадавыя. “Ці варта і не сорамна быць адстаючым у вучобе ў той час, калі ўсе ўмовы для таго, каб добра вучыцца для нас створаны? – пішуць ударнікі. – Акрамя таго, што вы не хочаце вучыць урокі дома, закідаючы кнігі ў кут і, займаючыся беганнем па падваконнях, руганінай і хадзьбой па вечарынках, вы не хочаце ўважліва слухаць лекцыі ў час вучобы ў школе”.
Як бачым, на старонках газеты “За сацыялістычную свінагадоўлю” кожны селянін мог выступіць у ролі журналіста і выказацца на злабадзённыя тэмы. Людзі не баяліся крытыкаваць аднавяскоўцаў пад сваім сапраўдным імем. Выпадак са сталоўскім спекулянтам паказаў, што гэты СМІ быў сапраўднай чацвёртай уладай – следчыя органы адрэагавалі на артыкул у газеце і пачалі следства па факце спекуляцый. Здаецца, што цікавага прачытаеш у вясковай шматтыражцы? На праўдзе ж аказваецца, на аснове артыкулаў газеты можна было б напісаць цэлую аповесць пра жыццё харамецкіх сялян.
Данііл Шэйка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *