4 снежня 2019 года на 84-м годзе пайшоў з жыцця Віктар Аляксандравіч Лоўгач, ветэран журналістыкі і друку Акцябрскага раёна,член Беларускага саюза журналістаў і грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
В. А. Лоўгач нарадзіўся 15 жніўня 1936 года ўвёсцы Хісцецкі Бор Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і.Будучы яшчэ навучэнцам старэйшых класаў Жыткавіцкай сярэдняй школы, пачаў актыўна друкавацца на старонках раённай і рэспубліканскіх газет. Служыў у авіяцыі, пасля арміі вучыўся ў Кіеўскім дзяржаўным універсітэце імя Т. Р.Шаўчэнкі на філасофскім факультэце.
Уся працоўная біяграфія В. А. Лоўгача непарыўна звязана з журналістыкай: пачынаў літаратурным супрацоўнікам у Капаткевіцкай“раёнцы” ў 1958 годзе, потым быў загадчыкам аддзела, адказным сакратаром,намеснікам рэдактара Чачэрскай раённай газеты, а з 1970 па 1999 год як рэдактар узначальваў калектыў Акцябрскага раённага друкаванага выдання “Чырвоны Кастрычнік”. Пад яго рэдагаваннем наша “раёнка” карысталася ўстойлівым попытам і папулярнасцю ў мясцовага чытача, неаднаразова ўдзельнічала ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах, у якіх займала першыя і прызавыя месцы. Сам Віктар Аляксандравіч быў адзначаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай Міністэрства культуры і друку Рэспублікі Беларусь за вялікі асабісты ўклад у развіццё айчыннай журналістыкі. Сярод высокіх узнагарод В. А. Лоўгача –таксама Ганаровыя граматы Дзяржкамітэта Савета Міністраў БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, праўлення Савецкага Фонда міру, Пахвальны ліст Камітэта народнага кантролю БССР, шэраг грамат і падзяк ад райвыканкама і райсавета дэпутатаў.
Не толькі ў нас у раёне, але і далёка за яг омежамі В. А. Лоўгач вядомы шырокаму колу чытачоў як таленавіты пісьменнік-сатырык. На працягу ўсяго творчага жыцця публікаваў празаічныя творы гумарыстычнага і сатырычнага жанраў у многіх перыядычных выданнях Беларусі, выдаў некалькі асобных кніжак.
На ўсіх участках сваёй працоўнай дзейнасці В. А.Лоўгач праявіў сябе выдатным арганізатарам, актывістам грамадскай работы, адметнай творчай асобай, кампетэнтным і граматным кіраўніком з высокай грамадзянскай пазіцыяй. Калегі па працы, знаёмыя, многія жыхары Акцябршчыны запомнілі Віктара Аляксандравіча як мэтанакіраванага, прынцыповага і разам з тым справядлівага, чулага і спагадлівага чалавека, вернага таварыша, шчырага сябра і мудрага дарадчыка, выдатнага сем’яніна і сапраўднага гаспадара.
Светлая памяць аб гэтым цудоўным чалавеку назаўсёды застанецца ў сэрцах усіх, хто жыў і працаваў побач з ім. З нагоды смерці Віктара Аляксандравіча Лоўгача выказваем шчырыя спачуванні яго родным і блізкім.
Акцябрскі раённы выканаўчы камітэт.
Акцябрскі раённы Савет дэпутатаў.
Калектыў і ветэраны ДУ “Рэдакцыя газеты “Чырвоны Кастрычнік”.