Жыхары населенага пункта Кавалі Акцябрскага сельсавета адзначылі свята вёскі

Общество

Па даўняй традыцыі напрыканцы ліпеня невялікі населены пункт Кавалі Акцябрскага сельсавета адзначаў сваё вясковае свята.

Вёска Кавалі, размешчаная сярод палёў уздоўж аўтадарогі ў напрамку Курына і Ламавіч, мае багатую гісторыю і здаўна славіцца сваімі людзьмі – шчырымі, працавітымі, пазітыўнымі, якіх адрознівае асаблівая любоў да культуры, народных традыцый, вылучае гаспадарлівасць, ініцыятыва, імкненне зрабіць свой родны куточак чыстым, дагледжаным і ўтульным. У адным з такіх месцаў, на так званай культурнай пляцоўцы пад адкрытым небам у самым цэнтры населенага пункта, пад засенню галін пладовага сада ў суботу, 30 ліпеня, дружна сабраліся жыхары і госці вёскі Кавалі на доўгачаканае свята.

Адкрыў урачыстасці з гэтай нагоды старшыня Акцябрскага сельсавета Аляксандр Луцковіч, які шчыра вітаў шматлікіх удзельнікаў мерапрыемства, адзначыўшы, што жыхары вёскі Кавалі стараюцца трымаць сваю адметную марку, штогод прыўносячы штосьці новае ў добраўпарадкаванне вясковай вуліцы і ўласных падворкаў па ўласнай ініцыятыве і з асабістым удзелам. І гэта відавочна: напэўна, ці не кожная сям’я з Кавалёў, кожны гаспадар імкнуцца, каб у іх дамах панаваў парадак, а ў двары і ля падворка красаваліся кветкі і пасаджаныя маладыя дрэўцы. Таму на свяце першымі і віншавалі тых вяскоўцаў, чые сядзібы камісіяй сельскага Савета былі вызначаны як лепшыя. Гэта гаспадыні падворкаў Таццяна Цімафееўна Кавалевіч, Наталля Цімафееўна Навуменка, Таццяна Яўгенаўна Содаль, Раіса Леанідаўна Арцюшка, Ганна Антонаўна Зелянкевіч, Марыя Рыгораўна Сямёнкіна, Алена Васільеўна Самусенка. Не ў баку засталіся і мужчыны. Так, у конкурсе “Майстар на ўсе рукі” заслужаную перамогу атрымаў Міхаіл Сцяпанавіч Кавалевіч. Удзельнікі свята таксама віталі лепшых гаспадароў іх вёскі Валерыя Яўгенавіча Кавалевіча, Івана Пракоф’евіча Содаля, Сяргея Васільевіча Самусенку, Уладзіміра Аляксандравіча Сямёнкіна, Уладзіміра Вітальевіча Навумава, Уладзіміра Пятровіча Мухіна, а сярод адзінокапражываючых пенсіянераў – Уладзіміра Рыгоравіча Коўганава.
Пад шчырыя апладысменты гледачоў віншаванні прымалі самыя старэйшыя на сёння жыхары вёскі Кавалі – гэта Кацярына Пракоф’еўна і Васіль Пятровіч Самусенкі, а таксама юбіляры сямейнага жыцця – Валянціна Іванаўна і Валянцін Сяргеевіч Велімовічы, якія ў гэтым годзе адзначаюць залатое вяселле, і Таццяна Яўгенаўна і Іван Пракоф’евіч Содалі, святкуючыя сапфіравую дату з дня іх уступлення ў шлюб.

У святочнай атмасферы шчырыя словы ўдзячнасці выказваліся ў адрас землякоў, якія вылучаюцца найбольшай актыўнасцю пры выкананні разнастайных мерапрыемстваў, аказваюць канкрэтную дапамогу ў той ці іншай сітуацыі. Гэта ініцыятар многіх добрых спраў, стараста вёскі Наталля Сямёнаўна Коўган, паважаны ўсімі медыцынскі работнік Галіна Станіславаўна Навумава, прызнаны захавальнік народных традыцый Марыя Мікалаеўна Мухіна, жыццярадасная спявачка-прыпевачніца Лідзія Віктараўна Балейка. Усім, каго віншавалі ў той дзень, адрасаваліся і музычныя падарункі.

Дарэчы, тыя ж самыя прыпеўкі, народныя і сучасныя песні ў гэты святочны летні дзень доўга плылі над наваколлем. Цудоўныя канцэртныя нумары на свяце вёскі Кавалі прадстаўлялі гледачам самадзейныя артысты – удзельнікі фальклорнага калектыва “Купалінка” з Пратасоў на чале з яго кіраўніком Святланай Катляровай. І не толькі. Упершыню гэты невялічкі населены пункт Акцябршчыны наведаў творчы калектыў Гомельскага гарадскога цэнтра інклюзіўнай культуры – адзінай у нашай краіне падобнай установы для людзей з інваліднасцю. Гамяльчане наведалі музей этнаграфіі Рудабельскага краю “Чароўны скарб”, створаны ў Кавалях мясцовай жыхаркай Марыяй Мікалаеўнай Мухінай, які госці вельмі высока ацанілі, пазнаёмілі ўдзельнікаў свята са сваёй інклюзіўнай творчасцю ў канцэртнай праграме “Мой родны куток беларускі”.

Юрый Каспяровіч.
Фота прадастаўлена Акцябрскім сельвыканкамам..


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *