30 студзеня споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння выдатнага майстра мастацкага слова Івана Пятровіча Шамякіна, імя якога залатымі літарамі ўпісана ў скарбніцу беларускай і нават сусветнай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя.
Ранні перыяд жыцця Івана Шамякіна быў цесна і непасрэдна звязаны з Гомельшчынай. Будучы пісьменнік, навуковы і грамадскі дзеяч нарадзіўся 30 студзеня 1921 года ў вёсцы Карма сучаснага Добрушскага раёна ў сям’і лесніка. Пасля заканчэння ў 1936 годзе Макаўскай сямігодкі працягнуў вучобу ў Гомельскім тэхнікуме будаўнічых матэрыялаў. Атрымаўшы праз 4 гады дыплом спецыяліста, Іван Шамякін працаваў тэхнікам-тэхнолагам кірпічнага завода ў горадзе Беластоку (зараз – тэрыторыя Польшчы), аднак затрымаўся там нядоўга – у 1940 годзе яго прызвалі ў рады дзеючай Чырвонай Арміі. Служыў у далёкім Запаляр’і пад Мурманскам у зенітна-артылерыйскай часці, пазней з баямі прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну: камандзір арудыйнага разліку, камсорг роты Шамякін мужна змагаўся з фашыстамі на Поўначы, у Польшчы, удзельнічаў у Берлінскай наступальнай аперацыі, за што адзначаны шматлікімі ўзнагародамі.
Пасля дэмабілізацыі ў кастрычніку 1945 года воін-франтавік вярнуўся на радзіму. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Пракопаўскай сямігадовай школы (Гомельскі раён), адначасова завочна вучыўся ў Гомельскім педагагічным інстытуце і займаўся літаратурнай дзейнасцю. Дарэчы, пачынаў Іван Шамякін з вершаў, а таксама з нататкаў-допісаў у раённыя газеты яшчэ ў даваенны час, на мяжы 40-50-х плённа супрацоўнічаў з абласным друкаваным выданнем “Гомельская праўда”. Свой першы мастацкі празаічны твор – апавяданне “У снежнай пустыні” Іван Пятровіч напісаў, будучы на фронце, у 1944 годзе (апублікаваны двума гадамі пазней), у 1945-м у часопісе “Полымя” была надрукавана і першая аповесць пачынаючага літаратара “Помста”, зразумела, прысвечаная ваенным падзеям.
Яшчэ працуючы настаўнікам у сямігодцы пад Гомелем, Іван Шамякін пачаў работу над раманам “Глыбокая плынь”, дзе быў шырока і дакладна адлюстраваны партызанскі рух у час фашысцкай акупацыі на Беларусі. Названы твор, які выйшаў у свет у 1949 годзе, меў велізарны поспех у чытачоў, а сам аўтар стаў лаўрэатам Сталінскай прэміі (1951 г.). І гэта ў 30-гадовым узросце!
Наогул, па раманах і аповесцях Івана Шамякіна можна дэталёва прасачыць ваенную і пасляваенную гісторыю нашай краіны. Ён адным з першых у савецкай літаратуры стаў адлюстроўваць тэму Вялікай Айчыннай вайны – бессмяротныя подзвігі яго равеснікаў назаўсёды ўвайшлі ў апавяданні, аповесці і раманы пісьменніка. Разам з “Глыбокай плынню” гэта такія шырока вядомыя творы, як “Вазьму твой боль”, “Шлюбная ноч”, “Эшалон у Германію” і іншыя. Асобна ў гэтым жа радзе знахо- дзіцца знакамітая пенталогія “Трывожнае шчасце”, добра знаёмая многім з нас са школьнай праграмы, дзе ў пяці аповесцях, аб’яднаных галоўнымі героямі Пятром Шапятовічам і Сашай Траянавай (правобразы самога аўтара і яго жонкі Марыі Філатаўны), раскрываецца тэма кахання і вернасці, жыццёвых каштоўнасцяў, загартаваных жорсткімі выпрабаваннямі суровага часу.
Разам з тым, Іван Пятровіч Шамякін не абмяжоўваўся толькі ваеннай тэматыкай, ён наогул лічыўся, бадай, што самым разнапланавым пісьменнікам навейшай беларускай літаратуры. Калі, напрыклад, Васіль Быкаў быў яркім прадстаўніком жанра “ваеннай лейтэнанцкай прозы”, Уладзімір Караткевіч – майстрам гістарычнага дэтэктыва, Іван Мележ – летапісцам палескай хронікі часоў калектывізацыі і гэтак далей, то ў Івана Шамякіна, здаецца, была неабсяжная прастора па любой тэматыцы. Вось толькі некаторыя прыклады. Якія праблемы сельскай інтэлігенцыі? Чытайце шамякінскі раман “Крыніцы” і ўсё зразумееце. Патрэбны псіхалагічны партрэт гараджан? Вось вам раман “Атланты і карыятыды”. Мала гістарычнага мінулага ў творчасці Шамякіна? Няпраўда, раманы “Петраград – Брэст” і “Вялікая княгіня” даказваюць адваротнае. Ці актуальная тэма Чарнобыля? Пра гэта падрабязна даведаецеся з рамана “Злая зорка”. І яшчэ. Многія літаратурныя крытыкі (ды і чытачы таксама) абсалютна правільна характарызавалі пры жыцці Івана Пятровіча як сапраўднага майстра сюжэту для сваёй мастацкай прозы. Прасцей кажучы, ад амаль кожнага яго твора, прачытаўшы першыя радкі, далей ужо немагчыма адарвацца: завязваецца пэўная інтрыга, і ты з вялікай цікавасцю чакаеш, што будзе далей. Да таго ж гэты пісьменнік вызначаўся хуткасцю напісання. Расказваюць, што прасягнуты свежай ідэяй ён за адну ноч мог напісаць немалое па аб’ёму апавяданне, назаўтра аддаць рукапіс у набор, і вельмі хутка чытачы з захапленнем знаёміліся з новым творам на старонках часопіса ці газеты.
Неабходна адзначыць, што Іван Шамякін, вобразна кажучы, заўсёды трымаў руку на пульсе часу. Так, для сваіх твораў ён выбіраў актуальныя, часам – вельмі смелыя пытанні, хвалюючыя грамадства, з усёй сілай таленту і абвастрэння грамадзянскага пачуцця ўздымаў важныя сацыяльныя і маральна- этычныя праблемы сучаснасці. Так было ў творчасці пісьменніка савецкага перыяду, на этапе так званай перабудовы, у гады станаўлення незалежнай беларускай дзяржавы. Таму і любіла Івана Пятровіча шматмільённая чытацкая аўдыторыя. Усяго ж з-пад яго пяра за 60 гадоў творчага шляху выйшла ў свет 130 кніг агульным тыражом звыш 25 мільёнаў экземпляраў, а гэта 12 раманаў, 26 аповесцяў, 10 п’ес, некалькі дзясяткаў апавяданняў, дзённікавыя запісы, велізарная колькасць артыкулаў і нарысаў. Кнігі пісьменніка перакладзены на больш чым 30 моў народаў свету.
Іван Шамякін, які з пачатку 50-х жыў і працаваў у сталіцы нашай рэспублікі, таксама з’яўляўся і актыўным грамадскім дзеячам. У 1971-1985 гадах ён узначальваў Вярхоўны Савет БССР, быў членам Вярхоўнага Савета СССР, старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, акадэмікам Нацыянальнай акадэміі Беларусі. У 1972 годзе І. П. Шамякін стаў народным пісьменнікам БССР, а ў 1981 годзе яму прысвоена высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы. Ён быў лаўрэатам многіх прэмій у галіне літаратуры, меў шмат узнагарод, у тым ліку і баявых.
Івана Пятровіча Шамякіна не стала 14 кастрычніка 2004 года. Яго памяць ушанавана ў назве вуліцы ў Мінску, педагагічнага ўніверсітэта ў Мазыры, помнік народнаму пісьменніку ўсталяваны ў Добрушы, бюст – на радзіме ў вёсцы Карма (Добрушскі раён), іншыя месцы, маючыя дачыненне да жыцця і творчасці І. П. Шамякіна, абазначаны мемарыяльнымі дошкамі. А ў гэтыя дні з нагоды юбілею прызнанага майстара мастацкага слова, любімага пісьменніка многіх пакаленняў беларусаў мы ўспамінаем яго добрым словам і перачытваем радкі бессмяротных твораў славутага ўраджэнца Гомельшчыны.
Юрый Каспяровіч.
Фота з інтэрнета.
