Вёска Вуглы Акцябрскага раёна запрашае

Общество

АсадчиеУ гэтай аддаленай ад райцэнтра вёсачцы даводзілася бываць амаль што праездам. Я ніколі не задумвалася аб яе назве. Але, калі добра прыглядзецца на карту раёна, то Вуглы па свайму геаграфічнаму размяшчэнню выглядаюць у форме кута. Напэўна, і паходжанне назвы гэтага населенага пункта – маляўнічага, прыгожага, акружанага гушчаром-лесам – брала пачатак менавіта адсюль. Своеасаблівым адметным знакам вёскі з’яўляецца і тое, што падворкі ў ёй размежаваны адной з цэнтральных аўтадарог раёна ў накірунку да абласнога цэнтра, Бабруйска, Светлагорска, а таксама іншых гарадоў. Акрамя таго, улетку і ўвосень сюды прыцягваюць вандроўнікаў і дачнікаў лясы. У сезон яны шчодрыя на ягады і грыбы.

Калісьці і гэта вёска раёна лічылася даволі вялікай і ажыўленай. Па вуліцах гойцала туды-сюды дзятва, дарослыя спяшаліся на працу. Справы хапала ўсім і заўсёды, пачынаючы з ранняй вясны і да позняй восені. Летнім ранкам, звычайна, ваколіцу абуджалі ўсім звыклыя гукі хатніх жывёлін ды птушак. Руплівыя гаспадыні спяшаліся ўпраўляцца па гаспадарцы, бо далей іх чакала работа ў калгасе. Таму пачыналі варушыцца амаль з першымі петушынымі спевамі, пад брэх сабак і мурлыканне катоў у чаканні каля хлява свежага сырадою. Усё гэта з таго жыцця, што, на жаль, не вернецца назад… Якое спазналі людзі сяла, гаспадары сваёй зямлі. З іх ліку Іван Ігнацьевіч і Еўдакія Васільеўна Асадчыя з Вуглоў (на здымку).

На старасці гадоў пенсіянеры засталіся ў вялікай хаце адны. Але ж толькі да таго часу, калі да іх наведваюцца дзеці, унукі і праўнукі. Іх багата – дзве дачкі, тры сыны, дзевяць унукаў, адзінаццаць праўнукаў. І не выключэнне, што з часам гэтыя арыфметычныя лічбы будуць змяняцца ў бок павелічэння.
– Гэта зусім не дзіва, бо род Асадчых павінен мець працяг, – з гонарам кажа Іван Ігнацьевіч.
З прыездам вялікай радні, бацькоўская хата ператвараецца ў вулей: з рання ідзе гамонка пра сёе-тое, да ночы паўсюль мітусня. З самага рання па пакоях разносіцца смачны пах снедання, якое маці старанна гатуе ў печы на ўсю вялікую сям’ю. Асабліва малыя чакаюць бабуліных аладак з ягадным кісялём. Для іх гэта сапраўднае свята. Свята і для бацькоў сабрацца разам пад дахам роднай хаты. І дарослым, і малым – усім вядома матуліна дабрыня і пяшчота. Згадзіцеся, для гэтага трэба мець вялікае сэрца.
– Любіць патрэбна ўсіх аднолькава, а дапамагаць – каму цяжэй, – лічаць муж і жонка.
У астатнія дні старыя занятыя паўсядзённай працай. трэба прыбрацца ў хаце, у двары, прыгатаваць абед. А потым – зноў адпачынак. Такі прыкладна расклад дня ў пенсіянераў.
– На жаль, на болей не хапае моцы, – кажуць яны.– Вачыма зрабілі б ўсё, ды рукі не могуць. Добра, што і так памаленьку кеўляем.
Зразумела, што ў абодвух за плячыма вялікі жыццёвы вопыт. Лёс прывучыў іх разлічваць толькі на свае сілы. Гаспадар увесь час працаваў механізатарам у мясцовым калгасе, Еўдакія Васільеўна шчыравала на ферме – была і свінаркай, і даяркай, і цялятніцай. На сабе гэтыя людзі спазналі ўсе цяжкасці сялянскай нялёгкай долі. Ды і дома трымалі немалую гаспадарку. Трэба было дзяцей падымаць на ногі. Іх узгадавалі, пачалі ўнукаў глядзець. І так неўзабаве прамільгнула ўсё жыццё, бы маланка асляпіла, і знікла ў небыццё на небасхіле.
А вайна? Колькі горычы прынесла яна ўсім людзям, колькі радасці пазбавіла, прыгасіла святло маладога жыцця? Іван Ігнацьевіч і Еўдакія Васільеўна таксама шмат пабачылі і перажылі. Ён прайшоў праз пекла Азарыцкага лагера смерці, яна зведала здзекі фашыстаў у Германіі. На шчасце, лёс быў міласэрным да гэтых людзей. Ім пашанцавала прайсці праз гарніла вайны, сустрэць Перамогу, парадавацца мірнаму жыццю і самім плённа папрацаваць на будучае раёна і краіны.
Зараз, нягледзячы на свой сталы ўзрост (абодвум за 85), яны не адчуваюць адзіноту. Бо разам. Хіба толькі сумуюць аб тым, што навокал амаль нікога не засталося. Родная з маладосці вуліца ператварылася ў пустую і бязлюдную. Яе пакой часам абуджаюць толькі такія вось заезжыя, як мы, чужакі. Вядома ж, незнаёмыя людзі! Тутэйшых ведаюць добра. Тут іх лічаныя асобы. А вось да нас гэтыя вяскоўцы праявілі асаблівую цікавасць: хто такія, адкуль? Пацікавіліся і мэтай прыезду. Мы, зразумела, усё растлумачылі, бо старыя любяць падрабязнасці, і спыталі ў іх дазволу, каб яны паведалі нам аб сабе. Супругі згадзіліся, бо тут з маладосці пусцілі карэнні, і вырві іх адсюль – не змогуць існаваць. Абжытае месца сям’я Асадчых ніколі пакідаць не збіралася. Да дабрабыту імкнуліся разам. Усё нажывалі, як кажуць, з мазалёў. І сапраўды, дагледжаная, без адзінай травіны, прыведзеная да ладу сядзіба, была аздоблена прыгожымі кветкамі і іншымі раслінамі. Пафарбаваная ў яркі колер і хата. Відаць, нядаўна, бо на яркім летнім сонцы аж блішчэла ад яго яскравых, палячых праменняў. Упрыгожваў падворак і роўны плот з каляровых дошчачак, прыбітых адна да аднае. А хіба ў руплівых гаспадароў можа быць па-іншаму? Тут жа жывуць дбайныя, працавітыя людзі. Ды і трактар Івана Ігнацьевіча, які выглядаў з-за вугла хаты, любому незнаёмцу даваў зразумець, што яго гаспадар – чалавек з умелымі рукамі, сапраўдны земляроб. Вясковы рабацяга, дый годзе! Такая і яго жонка. У розных справах яны могуць даць дзейсную параду і стаць яскравым прыкладам таму, як трэба адносіцца да працы, сям’і, суседзяў, аднавяскоўцаў. Напрыклад, такую клапатлівую маці і ўдалую, спрытную гаспадыню, як Еўдакія Васільеўна, – трэба яшчэ пашукаць. Прыгатаваныя яе пяшчотнымі рукамі стравы прыходзяцца даспадобы не толькі сваякам, але і кожнаму, хто хоць раз паспрабаваў яе студзень ці смажаніну. Спрактыкаваная гаспадыня шчыра пачастуе любога госця ўсім, чым зможа. А ўнукам, як ужо адзначалася, бабуля заўсёды гатавала ягадны кісель ды пякла аладкі: маленькія ці вялікія кругляшы памерам з патэльню. Выцягнутыя з печы, яны яшчэ «кусаліся» за пальцы малых так, што тыя не маглі іх трымаць. Перакідваючы з рукі ў руку самы найлепшы бабулін пачастунак, студзілі яго, каб хутчэй абмакнуць блін у смятану, масла ці клубнічнае варэнне. Нічога не скажаш, адна смаката!
– Абавязкова ў любую страву трэба ўкладваць душу, тады і смачна будзе, – кажа сталая жанчына. – Дзе яшчэ давядзецца паспытаць наварысты грыбны боршч, ці фасолевы суп з чыгунка, альбо разварыстую бульбу са свежанінаю, што шкварчыць на патэльні ў печы? Канешне, толькі ў сялянскай хаце ды ў добрай гаспадыні.
Увесь час прагнулі сэрцы Івана Ігнацьевіча і Еўдакіі Васільеўны прыгажосці і дабрыні. Няхай жа і далей ў дачыненні да гэтых простых сялян будзе як мага больш спагады і цеплыні ад сваякоў, аднавяскоўцаў, усіх тых, хто паважае і шануе чалавека працы, яго згарованыя мазолістыя рукі.
Наталля ЁВЕНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *