У ІХ Рэспубліканскім турніры дзіцяча-моладзевых фальклорных калектываў пераможцам стаў ансамбль «Рудабельскія зорачкі»

Культура Общество

У ІХ Рэспубліканскім турніры дзіцяча-моладзевых фальклорных калектываў, які на працягу шэрагу гадоў з’яўляецца неад’емнай часткай заключных імпрэзаў фестывалю “Берагіня”, прадстаўнікі Акцябршчыны атрымалі ўпэўненую заслужаную перамогу.


У гэтым творчым спаборніцтве пад назвай “З рога – усяго многа” дэманстравалі сваё майстэрства 8 фальклорных ансамбляў, удзельнікі якіх адносіліся да школьнага ўзросту. Гледачы фестывальных мерапрыемстваў яшчэ ў мінулыя разы на кожнай чарговай “Берагіні” праяўлялі вялікую цікавасць да гэтага своеасаблівага турніра: там кожная праграма выступаючых нагадвала сапраўдную майстэрню, дзе спалучаліся і арганічна дапаўнялі адзін аднаго лепшыя і арыгінальныя элементы народнай спадчыны – спеваў, танцаў, абрадаў, прастольных святаў і іншага. Нагадаем, што юныя знаўцы фальклору ў прэзентацыі сваёй праграмы выкарыстоўвалі карагод любой разнавіднасці ў мясцовай традыцыі, кадрылю (самастойную кампазіцыю без дакладнага капіравання парных побытавых танцаў ці традыцыйны танец кадрыльнага тыпу), польку на мясцовым матэрыяле, дэманстравалі сольна альбо ўсім ансамблем траецкія, купальныя ці жніўныя спевы, а таксама ансамблевы інструментальны найгрыш.


Неабходна адзначыць, што кожны з дзіцяча-моладзевых калектываў (а яны прадстаўлялі абсалютна розныя рэгіёны Беларусі) падчас выступлення паказаў сваю рызынку, адметную “фішку”, якая ажывіла і прыкметна ўпрыгожыла названае творчае спаборніцтва, не пакінула абыякавым ні гледачоў, ні членаў экспертнай групы.


Напрыклад, ансамбль “Ліпачка” з далёкай Драгічыншчыны не мог не звярнуць на сябе ўвагу карагодам са свечкай – адпраўкай сімвалічнага Багача на чырвоны кут, як сімвал добрага будучага ўраджаю, таксама, як і калектыў “Крыніца” з суседніх з намі Капаткевічаў – пляценнем дзяўчынкамі купальскіх вяночкаў пад акампанемент балалаечнікаў.

Застаўка-прывітанне і дзедавыя найгрышы з высокім узроўнем тэатралізацыі характарызавалі выступленне гаспадароў фестывалю – “Рудабельскіх зорачак”. Так і ў праграмах іншых калектываў прысутнічала нешта сваё, адметнае, не падобнае на іншых. Тут можна назваць карагод і найгрышы пад гармонік таксама нашых землякоў – ансамбля “Цярэшкавы шчодрыкі” з Рассвета, карагодны ручаёк пад гукі акардэона калектыва “Нальшчаначка” (Смаргонскі раён Гродненскай вобласці), дзявочыя спевы на высокапрафесійным узроўні, таксама як і шчырае выступленне самага юнага артыста сёлетняй “Берагіні”, 6-гадовага Сашы Кавалевіча, які пазней стаў уладальнікам спецыяльнага прыза фестывалю, з ваўкавыскага ансамбля “Чобаты”.

Спевы і танцы ў своеасаблівай манеры, не звыклай для нашых мясцін, можна было назіраць з выступленняў гасцей з Віцебшчыны – калектываў “Глыбінка” (Дубровенскі раён) і “Шчодрыкі” (горад Барань Аршанскага раёна).
Аднак любы конкурс для таго і ладзіцца, каб вызначыць самых лепшых, самых падрыхтаваных. А імі па выніках ІХ Рэспубліканскага турніра дзіцяча-моладзевых фальклорных калектываў “З рога – усяго многа” сталі акцябрычане – узорны фальклорны ансамбль “Рудабельскія зорачкі” Акцябрскага цэнтра вольнага часу (мастацкі кіраўнік – Вольга Дульская).

Другім і трэцім прызёрамі адпаведна сталі фальклорны калектыў “Крыніца” Капаткевіцкага ГДК Петрыкаўскага раёна і ўзорны ансамбль фальклорнага танца “Ліпачка” (аграгарадок Ліпнікі Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці). Яна на ўрачыстым закрыцці фестывалю “Берагіня” былі ўзнагароджаны Дыпломамі лаўрэатаў адпаведных ступеняў за папулярызацыю народнай творчасці і адданасць каранёвай традыцыі. Астатнія ўдзельнікі – дзіцяча-моладзевыя калектывы таксама атрымалі Дыпломы ўдзельнікаў за захаванне мясцовых традыцый і высокі выканальніцкі ўзровень.
Юрый Каспяровіч.
Фота Наталлі Евенка. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *