Праводзіны зімы: сёлета адбыліся ў яе дадатковы дзень

Общество

Традыцыйнае свята гукання вясны – Масленіца шчыра вітала і дарослых, і дзяцей у суботу, 29 лютага, на Цэнтральнай плошчы г. п. Акцябрскі.

Так здарылася (і гэта лагічна), што гэтыя праводзіны зімы адбыліся якраз у апошні каляндарны дзень лютага, прычым, дадатковы, што абумоўлена бягучым высакосным годам. Тут нельга не ўзгадаць яшчэ адну адметнасць сёлятняй каляндарнай зімы, чаму ўсе мы былі сведкамі: яе самой упершыню за шмат дзесяцігоддзяў не было у прамым сэнсе гэтага слова. Дзякуй, што апошні лютаўскі дзень, які супаў з Масленіцай, з раніцы некалькі нагадаў (тэмпературай паветра ніжэй нуля і лёгкім сняжком у выглядзе рэдкіх “белых мух”), што ён усё ж такі яшчэ зімовы, надаўшы святу адпаведны каларыт.

Старажытны абрад Масленіцы так ці інакш вядомы ці не ўсім акцябрычанам. Тым не менш, арганізатары прайшоўшага ў Акцябрскім свята пад назвай “Масленіца ідзе – бліны ды мёд нясе” імкнуліся больш падрабязна раскрыць гасцям яго сутнасць, зрабіўшы займальнае і цікавае падарожжа па ўсіх сямі днях масленічнага тыдня з удзелам абрадавых герояў (Масленіцы, Дачкі, Вясны і іншых). Не абыходзілася, безумоўна, без вясёлых і гарэзлівых конкурсаў і розыгрышаў, а таксама выступленняў самадзейных артыстаў, якія зрабілі тэатралізаванае дзейства больш відовішчным і разнапланавым. Гледачы шчырымі апладысментамі сустракалі, у прынцыпе, пастаянных удзельнікаў раённых святаў накшталт сёлетняй Масленіцы – народныя калектывы “Рудабельскія зорачкі”, “Весніца”, “Спадчына”, вакальны ансамбль “Вяснянка”, салістаў Дзмітрыя Бяжкова, Вікторыю Яцушка і іншых.

Асноўны і абавязковы пачастунак на такое свята – масленічныя бліны можна было пакаштаваць у некалькіх месцах – на імправізаваным падворку раённай бібліятэкі, у гандлёвай кропцы філіяла аблспажыўтаварыства. Таксама ў акцябрычан і гасцей свята была магчымасць набыць сувеніры ад раённага дома рамёстваў, паўдзельнічаць у бяспройгрышнай латарэі, гульнях-забаўках з зімовым каларытам, якія прапаноўвалі супрацоўнікі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Раённае свята Масленіцы зноў жа згодна з непарушнай старадаўняй традыцыяй завяршылася спальваннем пудзіла Зімы, знікнуўшым у полымі за лічаныя хвіліны, так жа хуткацечна і непрыкметна, як і гэтая сёлетняя пара года, якая па кліматычных умовах зусім не адпавядала сваёй назве і не паказала сапраўднага характару. Тым не менш, і прайшоўшая Масленіца адкрыла дарогу вясне з традыцыйна лепшымі марамі, надзеямі і спадзяваннямі на будучае, што спрадвеку бытуе ў народзе.

Юрый Каспяровіч.

Фота аўтара.    



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *