Мы зноў чакаем «Берагіню». Якім будзе фестываль на гэты раз?

Важное Год народного единства Культура Общество

Фестываль адзінства

Акцябршчына зноў гасцінна сустракае чарговы фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня». Ён праводзіцца з 1998 года і ўжо стаў значнай падзеяй у культурным жыцці не толькі Гомельшчыны, але і ўсёй Беларусі.


Арганізатарамі гэтага ўнікальнага фальклорнага форуму, які мае неафіцыйную назву “Эксклюзіў у цэнтры Еўропы”, выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама, Акцябрскі раённы выканаўчы камітэт, Гомельскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Акцябрскага райвыканкама і Беларускі фонд культуры.


Як будзе праходзіць і чым будзе здзіўляць гэты самабытны фэст мы пацікавіліся ў начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Акцябрскага райвыканкама Карыны Курсевіч.


Карына Анатольеўна, жыхары яшчэ ў мінулым годзе чакалі свята народнай творчасці, якое стала брэндам нашага раёна. Але жыццё ўнесла свае карэктывы. І вось, нарэшце, мы зноў сустрэнемся з “Берагіняй”?
– Фестываль “Берагіня” – адзін з адметнейшых і цікавейшых фестываляў, які яскрава сведчыць аб багацці і разнастайнасці беларускай народнай, музычнай, спеўнай, танцавальнай спадчыны. Ён аб’ядноўвае асноўныя і найбольш грунтоўныя накірункі нацыянальнага фальклору, традыцый і рамёстваў.
XI Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня» адбудзецца 24 ліпеня. Ён крыху змяніў фармат і заключныя імпрэзы фестывалю ў гарадскім пасёлку Акцябрскі пройдуць ў адзін дзень.
У завяршальным этапе фестывалю прынцыповым з’яўляецца ўдзел рознаўзроставых айчынных фальклорных калектываў – дзіцячых, моладзевых; людзей сталага ўзросту; салістаў, пар (дуэтаў) – выканаўцаў узораў беларускіх народных мастацкіх традыцый.
Фестываль скіраваны, у першую чаргу, на моладзь, на новае пакаленне беларусаў, будуецца на прынцыпах этнапедагогікі. У віхуры танцаў, разнагалоссі спеваў, самабытнасці рамёстваў адбываецца еднасць пакаленняў, выхоўваецца вернасць бацькоўскім традыцыям, любоў да Радзімы. І таму невыпадкова сёлета, ў Год народнага адзінства, фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня» ладзіцца пад дэвізам «Фестываль адзінства».


– Давайце нагадаем чытачам, у чым жа адметнасць фестывалю “Берагіня”? Чым ён адрозніваецца ад іншых?
– Так, на Беларусі адбываецца шмат фестываляў. І ўсе яны адлюстроўваюць прыгажосць беларускай культуры, сваёй Бацькаўшчыны, ва ўсёй яе разнастайнасці. Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня» – адзіны фестываль у краіне, скіраваны на аўтэнтычныя формы народнай культуры, мастацкую адукацыю і выхаванне дзяцей, падлеткаў, навучэнскай і працоўнай моладзі сродкамі традыцыйнага народнага мастацтва. Фестываль праводзіцца з мэтай падтрымкі народнай творчасці і народных мастацкіх рамёстваў, захавання традыцый рэгіянальнай і мясцовай мастацкай культуры. Адметная рыса фестывалю – яго арыентаванасць на захаванне самабытнай народнай творчасці праз перадачу моладзі ведаў аб гісторыі беларускай і славянскай культур.


– Як праходзіць падрыхтоўка да фестывалю?
– Падрыхтоўка да фестывалю можна сказаць ніколі не прыпыняецца. Тое што ўбачаць гледачы на заключных імпрэзах, вынік руплівай працы многіх людзей, калектываў. Ад фестываля да фестываля ідзе работа па выяўленні, вывучэнні і вяртанні ў практыку разнастайных форм аўтэнтычнай фальклорнай спадчыны. Як гэта адбывалася ў апошнія гады будзе прадстаўлена 24 ліпеня.


– Якія калектывы сёлета парадуюць нас сваёй творчасцю? Ці будуць госці?
– У заключных мерапрыемствах прымуць удзел калектывы і танцавальныя пары Гомельскай, Брэсцкай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай абласцей і города Мінска, фальклорныя калектывы і танцавальныя пары з Акцябрскага раёна. Даедуць на фестываль калектывы-госці з Мінскай, Гомельскай абласцей.
Больш як 300 чалавек – удзельнікаў калектываў чакае «Берагіня» на Рудабельшчыне.

– Карына Анатольеўна, раскажыце падрабязней аб праграме “Берагіні”?
– Падчас фестывалю адбудуцца імпрэзы, якія сталі ўжо традыцыйнымі: конкурс танцавальных пар «Лявоніха» і конкурс салістаў «Барыня», IХ Рэспубліканскі турнір дзіцяча-моладзевых фальклорных калектываў «З рога – усяго многа», у якім прымуць удзел дзеці школьнага ўзросту. Таксама адбудзецца фэст беларускіх фальклорна-этнаграфічных гуртоў «Спадчына».
Кожны калектыў і яго удзельнікі прывязуць на «берагінеўскія» пляцоўкі песні і танцы свайго рэгіёна, сваёй мясцовасці, якія дапамагаюць спасцігнуць глыбіню жыццёвай філасофіі, этыкі і маралі.
Спадзяёмся, што даедуць да нас і калектывы-госці, адбудзецца «Рудабельскі кірмаш». Ну і, вядома ж, урачыстыя цырымонія адкрыцця і ўзнагароджвання, відовішча-шэсце ўдзельнікаў, канцэрт-прэзентацыя фальклорных айчынных гуртоў і лаўрэатаў XI Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня».


– А новыя фішкі на фестывалі будуць?
– Сёлета да базавых мерапрыемстваў дадаюцца забаўляльна-гульнёвая праграма для дзяцей і падлеткаў, майстар-класы па народных танцах, выстава-прэзентацыя “Традыцыі рэгіянальных фальклорных практык”. Думаю, усіх зацікавіць выставачны фотапраект Яўгена Пясецкага, на якім будуць прадстаўлены сюжэты і вобразы юбілейнай “Берагіні” 2018 года.
Звяртаюся да ўсіх жыхароў раёна, вобласці, краіны: наведайце фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Вы далучыцеся да чароўнага хараства народнага мастацтва, атрымаеце сапраўдную асалоду ад сустрэчы з багацейшай, самабытнай, духоўнай спадчынай, якая засталася нам ад продкаў.
– Дзякуй, Карына Анатольеўна. З нецярплівасцю чакаем свята народнай творчасці.
Алена СТАРЫНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *