Мовазнаўчы позірк на назвы вуліц

Знай наших! Образование

Чым адметныя назвы вуліц нашага гарпасёлка з боку мовазнаўства, ці ёсць у іх лінгвістычныя асаблівасці? Гэтай цікавай тэме была прысвечана навуковая работа вучаніцы Акцябрскай раённай гімназіі Аміны Назаравай. Не так даўно дзяўчына прыняла ўдзел у Гомельскай абласной навукова-практіычнай канферэнцыі “Пошук”, па выніках якой стала переможцай і ўладальнікам Дыплома трэцяй ступені

Конкурс даследчых работ праводзіцца не першы год. Аміна і Таццяна Сяргееўна Крэч яшчэ ў мінулым навучальным годзе вырашылі, што прымуць удзел у гэтай дастаткова складанай канференцыі.

– Паколькі зараз ідзе Год малой радзімы, то тэму работы хацелі звязаць менавіта з Акцябрскім. І да нас прыйшла ідэя напісаць пра вуліцы, а дакладней зрабіць лінгвістычны аналіз назваў вуліц нашага гарпасёлка, — расказвае Таццяна Сяргееўна. — Мы разглядалі марфеміку, словаўтварэнне і марфалогію. Работа Аміны мела назву «Лiнгвiстычны аналiз назваў вулiц гарадскога пасёлка Акцябрскi».

– Мы даведаліся, што такое таманіміка — навука, якая вывучае геаграфічныя назвы, іх паходжанне, сэнсавае значэнне, развіццё, сучасны стан, напісанне і вымаўленне, а таксама гаданіміка – назвы лінейных аб’ектаў у горадзе, у тым ліку праспектаў, вуліц, завулкаў, праездаў, бульвараў, набярэжных прадметаў і рэалій, звязаных з заняткамі людзей, – удакладняе Аміна. – Затым рабілі лінгвістычны аналіз назваў. Нас зацікавілі вуліцы, якія названы ў гонар знакамітых людзей. Даведаліся пра Ціхана Бумажкова, Федара Паўлоўскага і іншых дзеячаў. Таксама я правяла сацыялагічнае апытанне вучнях гімназіі, ці ведаюць яны назвы вуліц нашага гарпасёлка. Але работа ўсё ж мела мовазнаўчы кірунак, то далёка ў гісторыю мы не пайшлі.

Непасрэдна на самой канферэнцыі, дзе прысутнічалі навукоўцы, моваведы, выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Фарнцыска Скарыны Аміна павінна была абараніць сваю работу: расказаць яе змест і адказаць на пытанні. Як расказвае дзяўчына, пытанні былі. Напрыклад, у яе запыталі – ці ёсць нешта незвычайнае ў назвах вуліц Акцябрскага, раз выбрана такая тэма. Аміна адказала, што як раз незвычайных назваў і няма, таму практычная значнасць работы ў тым, каб зацікавіць гэтай тэмай грамадскасць.

Трэба дадаць, што да абароны сваіх работ і публічнага выступлення былі дапушчаны ўсяго 10 вучняў з усёй вобласці. У першым этапе работ было вельмі шмат. Адразу іх правяраюць на плагіят, затым чытаюць выкладчыкі універсітэта і адбіраюць 10 лепшых. Пасля публічных выступленняў 5 вучняў былі адзначаны Дыпломамі. І далей яны будуць прымаць удзел у аналагічнай навукова-практычная канферэнцыі, але рэспубліканскага ўзроўню. Як кажуць Аміна і Таццяна Сяргееўна, зараз жа ў іх іншыя мэты: рыхтавацца да алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Нагадаем, што ў мінулым годзе Аміна стала ўладальнікам Дыплома ІІІ ступені ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. І ў гэтым годзе мы жадаем таленавітай дзяўчыне і яе настаўніцы такой жа значнай перамогі!

Ірына ЛЯШКОВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *