Граб’ё. Ламавіцкі сельскі Савет

Человек и его дело

За вокнамі пабеглі палі, пералескі. Трымаем шлях у вёску Граб’ё Ламавіцкага сельсавета. Ад райцэнтра знаходзіцца яна недалека, на адлегласці ўсяго некалькі дзесяткаў кіламетраў, і на аўто дабірацца да яе вельмі хутка. Тым больш, што размешчана вёска каля цэнтральнай трасы. Так што, з якога боку не пад’едзеш сюды, не заблудзіш. Крыху ўбок, бліжэй да лесу, на водшыбе сяла стаіць вялікая хата Ганны Іванаўны Халадок. Селішча немалое, таму адразу падумалася, што дбайныя гаспадары жывуць тут. Потым высветлілася, што так яно і ёсць.

Адразу на падворку гасцей гучным брэхам сустрэў вялікі сабака, які спраўна выконваў свой абавязак – пільна ахоўваў хату гаспадароў і не прапускаў ніводнага чужака. Потым неўзабаве на ганку з’явіўся мужчына сталага ўзросту, ветліва запрасіў у хату. Тут яго жонку Ганну Іванаўну мы і засталі за звыклымі паўся-дзённымі клопатамі. Жанчына збіралася да аўталаўкі, якая абуджае ваколіцу некалькі разоў на тыдзень, таму адлегласці ад цывілізацыі мясцовыя жыхары не адчуваюць. Трэба было купіць прысмакаў на ўсю сям’ю. Вядома ж, укарміць траіх мужчын трэба: мужыка ды двух сыноў з двойні, якія апошні час жывуць разам са сталымі бацькамі. Немаладая жанчына-сялянка ўзрадвалася, што і да яе завіталі з райцэнтра. Вяскоўцы – яны ж такія – простыя і адкрытыя, гатовыя аддаць апошняе, каб толькі хто іх слухаў. І як заўсёды, у людзей таго пакалення, размова пачалася з цяжкай долі.
Ганна Іванаўна – жыхарка не карэнная, але ўсё жыццё пражыла менавіта тут – у Граб’і.
– Я з Жукавіч родам. Там радзіма маіх бацькоў, – па- дзялілася лагодная гаспадыня і дадала – Сухая маё бацькоўскае прозвішча. У маленстве я рана засталася без маці, таму гадавалася з цёткай, якая забрала мяне і майго малодшага брата да сябе ў Граб’ё. Аб ёй я заўсёды ўспамінаю з асаблівай пяшчотай, бо яна нас не кінула. У яе мы павырасталі, з гэтай вёскі ўцякалі ад ворага вайной і былі захоплены ў палон. Пасля праклятай, зноў вярнуліся сюды. Хадзілі ў школу. Працавалі. А як выйшла замуж за тутэйшага хлопца, так тут і засталася назаўсёды.
Уважліва слухаючы аповед Ганны Іванаўны аб яе нялёгкім лёсе, было зразумела, што ў крыві ў яе ўлюблёнасць у працу на роднай зямлі. Цяжка спачатку было прызвычаіцца да яе малечы. Пальцы аж да мазалёў націрала дзяўчынка, пакуль навучылася жаць сярпом жыта, ці потым яго малаціць. І нават нічога, каб не вайна. Пра яе жанчына ўспамінае з цяжкасцю на сэрцы. Гэтым, самым балючым успамінам, Ганна Іванаўна дзялілася са мной шчыра, па-жаночы, распавядаючы, чым абярнуліся для яе перажытыя здзекі нямецкіх акупантаў у азарыцкім лагеры смерці. Але ёй пашанцавала, уратавалася.
– Я не ваявала, не ўдзельнічала ў вайне, я – дзіця вайны, бо з 1931-га года нараджэння. Хаця, безумоўна, спаўна давялося сербануць горушка. У дзесяцігадовым узросце спазнала лютасць ненавіснага ворага. Слёз выплакала мора. Дасюль у памяці ўспаміны пра галоднае дзяцінства. Выжывалі як маглі. Таму і зараз рука не падымаецца штосьці выкінуць старое з дамашняга скарбу: раптам спатрэбіцца?
Калі гаворка заходзіць пра грошы, якія выплочвалі былым вязням фашысцкіх лагераў, то Ганна Іванаўна рэкамендуе паспрабаваць хоць ночку ранняй вясной пераначаваць з падушкай і коўдрай на купінах на балоце. Мо хто і асмеліцца, але наўрад ці захоча пасля такога адпачынку на сырой зямлі з нерастаўшым снегам і на веснавым, з лёгкім марозцам паветры, такіх дарэмных грошай. А як жа гэта перажыць самому, цяжка, нават, уявіць?
У пасляваенным жыцці Ганна Іванаўна нібы злучала супрацьлеглыя берагі: хата – сям’я, праца – гаспадарка. Сама гаспадыня ні дня не магла пражыць без яе, той самай працы, бо яна не толькі карміла, але і напаўняла сэнсам жыццё. З мужам шасцёра дзяцей паднялі на ногі. Разам шчыравалі і дома, і ў калгасе. Ён механізатарам адпрацаваў у тагачаснай гаспадарцы. Заслужыў шмат узнагарод. Тады сынам перадаў сваю бацькоўскую навуку. А Ганна Іванаўна і даглядчыцай была, і даяркай. На ферму штодня шыбавала. Тады пешшу дадому ляцела, каб паспець хатнія справы зрабіць. А летам на сотках усе “сядзелі”. Уручную апрацоўвалі па некалькі гектараў зямелькі-карміцелькі.
– Нічога, – кажа жанчына, паглядаючы на свае маршчыністыя рукі,– жывыя засталіся. Затое ж, якая фізічная вытрымка і загартоўка моцная. Усё, як мае быць. Такім чынам, сялянскія людзі ўратоўваліся ад цяжкасцей і аднастайнасці працоўных будняў.
Васьмідзесяціпяцігадовая суразмоўца быццам бы падзарадзіла сваім аптымізмам, мужнасцю і стаўленнем да жыцця. Бо вытрымаць жанчыне столькі жыццёвых перашкод немагчыма. А яна, як тая несупынная руплівіца, трымаецца і лічыць свамі абавязкам дапамагаць таму, каму неабходныя яе парады. Лічыць, што Ўсявышнім наканавана ёй быць настаўнікам для дзяцей і ўнукаў. Таму сваім выхаваннем Ганна Іванаўна дарыла і дорыць любоў да сям’і, шануе ў кожным сваім і чужым шчырасць, сумленнасць, добразычлівасць.
Не абураецца жанчына на лёс. Не скардзіцца і на памяць. Яна ў яе ўзросце выдатная. Ганна Іванаўна памятае ўсё ў дэталях і, нават, той выпадак, як пасля вайны прыдумаліся яны з братам у пошуку заробку і ежы падацца ў Баранавічы.
– А чаго туды? Сама не ведаю. Ад беднаты і голаду ехалі, куды вочы глядзелі, – тлумачыць яна. – На таварняку дабраліся да горада і пайшлі на незнаёмы хутар. Зайшлі ў хату, крытую чаротам і з глінянай падлогай. Нас не прагналі. Так мы і засталіся там працаваць. Брат летам пасвіў кароў. А я ж хутка падалася дадому. Ды не пустая, а з мехам жыта. Так мне хацелася зрабіць добрае родным. Прыйшлося спачатку з гэтым клункам за плячыма кіламетраў 30-40 пешшу да станцыі шыбаваць. Потым асобная гісторыя аб тым, як усю дарогу, стоячы на падножцы таварняка і, трымаючы цяжкі клунак, дабіралася назад у сваю вёску. Зараз, нават, складана ўявіць такое відовішча. Дзякуй Богу, усе пераадолелі, вытрымалі. На старасці гадоў пенсію зарабілі. Усяго хапае. Ёсць што паесці, і што знасіць. Толькі жыві, маці – кажуць дзеці ды ўнукі.
Яны для Ганны Іванаўны – галоўны арыентыр. Ну, а ў сям’і жанчына карыстаецца асаблівым даверам і лічыцца заўзятым правадыром. Такая важная ў яе пасада: прыгатаваць, сустрэць, пачаставаць, агарнуць ласкай дзесяць унукаў і чатырох праўнукаў. Акрамя бабулінага клопату, усе адчуваюць і яе маральнае выхаванне. З маленства сама шмат чытала кніг, газет, часопісаў. І не проста атрымлівала інфармацыю, а разам з героямі перажывае іх лёсы.
– Як пачну чытаць аб тым, што пазарасталі людскія двары бур’яном, ды пазабівалі дошкамі шыбы ў хатках, бацькоў састарэлых дзеці кідаюць на волю лёсу, дык знервуюся так, што галашу ноч да раніцы, – з трывогай выказала свае хваляванні баба Ганна.
Узгадала яна і пра меньшую ўнучку, што таксама заліваецца слязьмі (так яе шкадуе), калі Ганна Іванаўна чытае ёй вершык пра бабулю, які таксама вывучыла з газеты. Браць іх нікому не дазваляе. За ўвесь час цэлую хатнюю бібліятэку сабрала. Ледзь стос газет ды часопісаў прынесла перад сабою ў падцверджанне таму, што з маладосці выпісвае перыёдыку, ў тым ліку абавязкова і раёнку. Калі пайшла на пенсію, часу стала крыху болей. Пачала нават зачытвацца мясцовым друкаваннем. Тут і пра людзей, і пра апошнія навіны даведаешся.
За шыбкамі бялее зіма, а ў хаце цёпла, пахне сялянскай ежай, смажанымі шкваркамі ды варанай бульбай з печы. Сядзі сабе на печы, ды грэйся. Але гаспадыня не можа дачакацца вясны, бо не прывыкла да бяздзейнага баўлення часу.
– Калі апранаюцца вясною сады ў бела-ружовую, духмяную квецень, заспяваюць птушкі, то радуешся зямной прыгажосці, як малое дзіця. На свежым веснавым паветры, ды яшчэ ў дадатак і пры справе, адчуваеш сябе па-іншаму, – па сабе ведае працаўніца. –Прырода абуджаецца і моц дае, лечыць душэўныя раны. Да таго ж, прымушае думаць аб заўтрашнім дні, будаваць планы на будучыню. І хаця ў сталым узросце іх не так ужо і шмат, але пакуль чалавек жыве – заўсёды імкнецца да лепшага.
Тады і ты разумееш, што ад такіх вось сталых жанчын заўсёды «падпітваешся» мудрасцю, бо Ганна Іванаўна Халадок – наглядны прыклад працавітасці, дабрыні, адданасці да сям’і і роднай зямлі.
Наталля Ёвенка.
Фото аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *