Гармонь з моды не выходзіць

Культура

Хто ў раёне не ведае творчы самадзейны калектыў “Брачынскія музыкі” пад кіраўніцтвам Вольгі Гаўрылаўны Дульскай, які ўваходзіць у склад фальклорнага ўзорнага ансамбля “Рудабельскія зорачкі”? Напэўна, няма такіх дарослых ці дзяцей, якія б хоць раз не бачылі выступленне яго юных удзельнікаў ці не чулі пра яго існаванне. Больш як за два дзесяцігоддзі “Брачынскія музыкі” неаднаразова выступалі на розных мерапрыемствах раённага масштабу, а таксама па-за межамі Акцябршчыны. За гэты час калектыў стаў уладальнікам шматлікіх узнагарод.
Майстэрскі граючы на музычных інструментах, прыгожа выконваючы народныя песні і самабытна-побытавыя танцы, таленавітыя хлопчыкі і дзяўчынкі заўсёды заслугоўваюць шчырых апладысментаў гледачоў з вялікіх гарадоў і малых населеных пунктаў Беларусі. Для іх самае найлепшае прызнанне бачыць, як падабаецца гарадской і вясковай публіцы іх рэпертуар, прычым, з захаваннем мясцовых традацый у розных жанрах. А на высокі ўзровень выканаўчага майстэрства юных артыстаў выводзіць іх настаўніца – Вольга Гаўрылаўна, чалавек творчы, ініцыятыўны, патрабавальны і ў той жа час з вялікай душой, заўсёды хвалюецца за кожнага свайго ўдзельніка, і шчыра радуецца за яго асабістыя поспехі. І самае галоўнае тое, што Вольга Гаўрылаўна са сваімі выхаванцамі аб’яднаная адной мэтай. Разам яны папулярызуюць лепшыя традыцыі беларускай нацыянальнай культуры.
– Фальклор, яго жанры, сродкі, метады больш падрабязна прадстаўляюць аснову народнага жыцця, даюць яркую карціну быта народа, яго маральнасці і духоўнасці. Праз народную творчасць раскрываецца сапраўдная годнасць і асаблівасць беларусаў, – лічыць Вольга Гаўрылаўна і дадае, – таму нашы дзеці вельмі любяць выступаць ў нацыянальных касцюмах, пець і танчыць з захаваннем аўтэнтычных рыс, а таксама праяўляюць цікавасць да папулярнага музычнага народнага інструмента – гармоніка. І гэта невыпадкова, бо гарманісты лічацца ўнікальнымі асобамі, тымі, якія здольныя імправізаваць любую музыку без нот. Гарманісты ведаюць наколькі складаная гэтая справа, але самая жаданая, бо прыносіць задавальненне і сабе, і гледачам.
Так, чарговым выступленнем у Малых Аўцюках “Брачынскія музыкі” завяршылі мінулы год трыўмфальнай перамогай. Прымаючы ўдзел у занальным праглядзе абласнога конкурсу фальклорных калектываў “Шануйце спадчыну сваю”, калектыў «Брачынскія музыкі» сталі пяціразовымі пераможцамі, хаця спаборнічаць давялося са шматлікімі вядомымі фальклорнымі калектывамі ўстаноў адукацыі Гомельшчыны.
Вынікі конкурсу былі высока адзначаны экспертамі абласнога журы, якое прызнала нашых удзельнікаў лепшымі ў пяці намінацыях. У “Брачынскіх музыкаў” тры дыпломы першай ступені ў намінаціях “Інструментальная музыка”, “Харэаграфічная творчасць”, “Дзіцячы гульнявы фальклор” і два дыпломы другой ступені ў намінацыях “Песенная творчасць” і “Народная проза, казкі, скарагаворкі”. Дарэчы, у апошняй выступіла дзесяціклассніца раённай гімназіі Марыя Грынкевіч, таксама прадэманстраваўшы высокае майстэрства чытальніка. За сваё яскравае выступленне ўдзельнікі “Брачынскіх музыкаў” узнагароджаны дыпломамі упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама.
Застаецца павіншаваць творчы калектыў з заслужанымі перамогамі і пажадаць далейшых поспехаў юным артыстам і іх кіраўніку за тую добрую справу, якую яны нясуць у людское асяроддзе, папулярызуючы культурныя традыцыі і абрады свайго роднага краю.
Наталля Ёвенка.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *