Цудоўныя бабулі з вёскі Пратасы

Общество

Вёска Пратасы па пісьмовых крыніцах вядома з 18 стагоддзя, як селішча ў Мінскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. З 1775 года яна была аддадзена абознаму літоўскаму, а з 1793 года —  Пратасы ў складзе Расійскай імперыі. Уваходзіла вёска і ў казённы маёнтак Брожа, а на пачатку XX стагоддзя яна ўжо ў Брожскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерніі. Затым Пратасы былі цэнтрам Пратасаўскага сельсавета Парыцкага, Акцябрскага, Светлагорскага раёнаў Бабруйскай, Палескай, а з  8 студзеня 1954 года Гомельскай абласцей.

Цікавая гісторыя паходжання назвы вёскі. Вось што расказваюць мясцовыя жыхары:

-На месцы сучасных Пратасоў раней стаяў дрымучы-дрымучы лес: ні птушка не праляціць, ні звер не пройдзе. Але знайшоўся адзін чалавек, які наважыўся прайсці праз гэты лес. Мужчына выбраў месца і вырашыў на ім пабудаваць сабе хату, а каб не блукаць —  зрабіў прачосы на поўнач і на поўдзень. З таго часу ля яго хаты пачалі будавацца іншыя дамы, а ад слова “прачосы” пайшла назва Пратасы. Так гэта ці не, але легенда цікавая. Да і зараз вёска знаходзіцца ў лясным кутку. Сённяшняя наша размова пра мінулае і сучаснае з карэннымі жыхаркамі Пратасоў. Першая з іх – Марыя Патапенка.

Хаця непасрэдна яе нараджэнне адбылося ў лютым 1945 года ў Германіі, куды былі сасланы бацькі маленькай Машы. Па яе ўспамінах заставацца на чужыне ні ў бацькі, ні ў маці і думкі не было. Адно жаданне: вярнуцца дамоў, у родныя Пратасы. З маленькай дачкой дабірацца было цяжэй ўдвая, але справіліся. Прыехалі у напаўразваленую вёску, дзе уцалелых дамоў амаль і не было. Гэта быў цяжкі час пасляваеннага аданаўлення, калі літаральна выжывалі. Але ж людзей трымала радасць таго, што вайна скончылася. А пад мірным небам засеюцца палі і адбудуюцца хаты. Так і адбылося. Марыя Міхайлаўна ўспамінае, што яе дзяцінства прайшло ў голадзе і было вельмі складаным. Пасля школы вучыцца далей не пайшла, вырашыла, што пара зарабляць грошы самастойна. Маладую дзяўчыну запрасілі працаваць тэлефаністкай, затым рабіла касірам у сельпо, а пасля яго скарачэння працавала у сельсавеце, узгадвала ваенна-уліковы стол. Трэба нагадаць, што доўгі час Пратасы былі цэнтрам Пратасаўскага сельсавета, потым ён быў перанесены ў Рассвет.

-Якая ж наша вёска была раней вялікая, напэўна жыхароў 500 у ёй жыло. А зараз лягу спаць, і перабіраю ў памяці, колькі нас яшчэ засталося. Ведаеце, па чым сумую? Па тых узаемаадносінах, якія былі паміж людзьмі. Мы ж дапамагалі адзін аднаму ад усяго сэрца. Разам з суседзямі аднаму бульбу скапаем, потым другому. Гуртом жа і весялей, і шпарчэй справа робіцца. А зараз ніхто не дапаможа, а калі папросіш, то трэба ж заплаціць. Кажуць, што жыць было цяжка раней. Так, згаджуся, у чымсьці і намнога цяжэй, зараз жыві і радуйся, але ж няма душэўнасці. Адна радасць у мене – дачкі, унукі ды праўнукі. Паразмаўляю з імі па тэлефоне, і добра мне. А калі прыедуць, то яшчэ лепш.

Сябруе Марыя Міхайлаўна з некаторымі вяскоўкамі, бабулі абавязкова звоняць кожны дзень адна адной: спраўляюцца, ці жывы-здаровы. А дамовяцца – і ў райцэнтр разам паедуць. Па гаспадарцы дапамагае бабулі Марыі сацыяльны работнік Галіна Жынко. За невялікія грошы яна і дроў прынясе, і прадукты купіць, і ў хаце прыбярэ. А то і проста падтрымае размову, навіны раскажа. Марыя Міхайлаўна даўні чытач нашай раённай газеты. Кажа, што з нецярпеннем чакае кожны нумар раёнкі.

Наступная суразмоўніца – Любоў Сцяпанаўна Казлова сустрэла мяне пад гукі радыё. Растлумачыла, што любіць паслухаць апошнія навіны, цікавыя перадачы, музыку. З цікавасцю чакае выступленні сваёй стрыечнай унучкі Елізаветы Дайнека, якая працуе на першым канале беларускага радыё. Бабуля расказала, што жыве доўгі час адна, яе мужа няма на гэтым свеце ўжо 27 гадоў. Пётр Маркавіч, дарэчы, працаваў старшыней калгаза імя Леніна. Таму Любоў Сцяпанаўна добра помніць былы росквіт вёскі Пратасы.

— Пры Пятру Маркавічу праводзілася вада ў вёсцы, асушваліся балоты, клуб ён задумаў пабудаваць. І зрабіў гэта, – успамінае Любоў Сцяпанаўна. – У Пратасах спакон вякоў была школа, Савет, магазін, пошта, фап, радыёвузел. Добрая была вёска, вялікая, а потым сталі ўсё пераносіць у Расвет, і Пратасы сталі паціху драбнець.

Любоў Сцяпанаўна 18 гадоў працавала бухгалтарам у сельсавеце, яле была настолькі спрытная, што выконвала розныя даручэнні. Напрыклад, часта яна рэгістравала шлюбы. Вельмі падабаліся Любе словы, якія яна, укладваючы душу і вялікі сэнс, чытала маладым. Яны запомніліся ёй на ўсё жыццё. Колькі разоў потым яна казала іх у якасці настаўленняў на веселлі сваіх дзяцей і унукаў. У свой час у сям’і Казловых нарадзілася трое дзяцей – дзяўчынка і два хлопчыкі. Адказнасць за іх выхаванне легла на плечы Любові Сцяпанаўны, паколькі муж усяго сябе аддаваў працы. Дзеці выраслі дастойнымі сваіх бацькоў людзьмі. І зараз, смяецца бабуля, у яе не трое дзяцей, а ажно 16!

-Дачка, зяць, сыны, нявесткі, унукі – іх жонкі і мужы, праўнукі – гэта ўсе мае дзеці, — кажа Любоў Сцяпанаўна. – Ведаю, калі у каго дзень нараджэння, дзе хто працуе. Да мяне прыязжаюць, вось былі ў лістападзе. У тры пілы нарэзалі дроў, зрабілі іншую работу. Я ж разумею, што ў кожнага з іх сваё жыцце, свае клопаты. Вырывацца да мяне ім цяжка, але ж не забываюць бабулю.

З вачамі, поўнымі слёз, успамінае Любоў Сцяпанаўна гады вайны. Яна была маленькая дзяўчынка, і мала чаго можа расказаць. Але два страшныя моманты, калі на яе былі накіраваны дулы аўтаматаў, забыць не можа. Да цяперашняга часу гэтыя карціны не сціраюцца з памяці.

Шмат чаго Любоў Сцяпанаўна можа расказаць пра аднаўленне вёскі. Як аралі на людзях, паколькі жывёлы не было. Як з маленства выконвала абавязкі старэйшых, калі бацькі працавалі ў калгасе. Як хадзілі па ягады, а потым адпраўляліся іх прадаваць.

-Мы дзеці вайны, — кажа бабуля Люба. — І хаця вайна скончылася, але дзяцінства яна і ў нас забрала. Аднак выжылі, справіліся з цяжкімі ўмовамі і выпрабаваннямі. Ведалі, верылі, што далей будзе лепш. А потым замуж пайшла, дзеці нарадзіліся, трэба было вучыць іх, адпраўляць у свет. Жыццё – яно такое, не бывае, каб заўсёды было лёгка. А зараз што: пенсію нам даюць, у магазіне ўсё набыць можна, толькі жыві, але ўжо здароў’я няма, — разважае вяскоўка. Аднак, ведаеце, нічаго няма лепш за сваёй хаты і сваёй вёскі. Толькі тут мне дыхаецца лягчэй.   

Вользе Васільеўне Лешанок хутка споўніцца 85 гадоў, але гэтай хуткай бубулі з ясным позіркам, адменнай памяццю і цягай да жыцця ніколі не дасі такі ўзрост. Гаспадыня з першых хвілін быццам ахутала сваёй гасціннасцю, дабрынёй і мудрасцю.

-Вайну я памятаю, быццам яна ўчора была. І, калі сказаць чэсна, то расказваць аб ёй не вельмі хочацца. Бо сэрца пачынае балець ад тых успамін, — пачынае размову Вольга Васільеўна.

Нарадзілася бабуля Вольга на хутары Круглае. Яшчэ да вайны яе бацькоў накіравалі працаваць у калгас, і прапанавалі пераехаць у Пратасы. Калі пачалася вайна, дзяўчынке было 11 гадоў. Зараз успамінае бабуля, як у вёсцы гулялі вяселле, і над людзьмі праляцелі самалёты. Нехта сказаў, што хвалявацца не трэба, гэта напэўна вучэнні ідуць. А раніцай даведаліся, што пачалася вайна. Галасіла ўся вёска. Здавалася, што слова “вайна” гучыць з усіх бакоў, а страх павіс у паветры. Разам з маці і іншымі вяскоўцамі Вольга хавалася па лясах, у зямлянках, па балотах. Шмат чаго давялося ўбачыць дзіцяці, але з перамогай цяжкасці не закончыліся. У адной хаце жылі адразу некалькі сям’яў, бо астатнія былі спаленыя. Як расказвае Вольга Васільеўна, каб выжыць дзеці разам з моладцю перебіралі поле, каб знайсці хоць крыху бульбы. А аднойчы нехта сказаў, што ў Цялушы цэлае поле нескопанае стаіць. Пешшу хадзілі туды і неслі дамоў змерзлыя клубні. А потым маці іх перабіралі, высушвалі, таўклі, пяклі бліны. Якія яны былі смачныя! А вось бацвінне і шчаўе бабуля і зараз есці не можа, кажа, што хапіла гэтай ежы на ўсё жыццё.

-Гаравалі мы, гаравалі. Помню, галодныя ідзем па вуліцах то попел збіраем, то яшчэ што для калгасных палей, а песні спяваем. Бацька мой загінуў у вайну, мы з мамай засталіся. І мне даводзілася і траву касіць, і дровы рыхтаваць. А яшчэ ж і ў школу бегала. Скончыла 7 класаў, у мяне нават фотаздымак захаваўся з выпускнога вечара. Калі-некалі сяду, пагляджу на гэтую картку – жывых на ёй амаль і няма…, — з сумам успамінае пражытае жыццё бабуля Вольга.

Нягледзячы на цяжкасці, пасля школы Воля закончыла вучылішча ў Бабруйску і стала рахункаводам. Спрытную дзяўчыну запрасілі працаваць у Акцябрскі ў МТС. Вось тады ім з мамай стала жыць трохі лепш, змаглі купіць карову, адзенне, іншыя рэчы, якія ніколі і не бачылі. Пасля Вольга перайшла ў гандаль. У Пратасах пабудавалі спачатку буфет, а пасля магазін. Узначалісць гэтыя гандлёвыя кропкі прапанавалі Вользе.

-Зараз я пагляджу, як працуюць прадаўцы, дык здзіўляюся, — разважае бабуля. — Ім жа тавары прывозяць усе расфасаваныя. А раней цукар, мука, крупы, макароны – усё ў мяшках. Я да ночы фасую ў папяровыя пакеты ці скруткі. А потым дома дакументы запаўняю. Сама, адна, без дапамогі. Людзей у вёсцы шмат, я ніколі на абед не хадзіла, бо толькі тавары атрымаю, ужо чарга стаіць. Пасля 12 ночы лягу спаць, а ў пяць ужо на нагах, бо трэба жывёлу пакарміць, дзецям і мужу есці прыгатаваць. Зараз дзяўчаты ў магазіне кажуць, што так бы не працавалі, бо вельмі ж цяжка. Аднак я ўсё паспявала, бо сама вельмі хуткая была. А як спяваць і танцаваць любіла! Калі з-за працы не магла пайсці на якое свята ці вяселле, то казалі, што без мяне і песні не пяюцца. Потым выбрабаванні розныя выпалі на жыццё, і пець ужо не хацелася. Але я заўсёды любіла і паважала людзей.

І сапраўды, бабуля Вольга да таго гасцінны чалавек, што не выпусціла з хаты пакуль не накрыла стол і не накарміла гасцей звычайнымі вясковымі стравамі. А слухаць яе – адно захапленне. Мудрасць у кожным слове. Калі ўжо ад’язджалі ад хаты Вольгі Васільеўны, яна развітвалася з намі, як з самымі блізкімі людзьмі. І яшчэ доўга махала рукой нам у след. “Да пабачэння, бабуля Вольга, жывіце яшчэ доўга-доўга!”.

Ірына ЛЯШКОВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *