Бібліятэка – тэрыторыя народнай культуры

Культура

Рудабельская зямля спрадвеку шчодрая на таленавітых і працавітых людзей, край самабытнай народнай культуры. За сваю шматвяковую гісторыю народ Рудабельшчыны стварыў багацейшыя вусна-паэтычныя скарбы, выпрацаваў цікавыя культурныя традыцыі, пакінуў нашчадкам каштоўную духоўную спадчыну. Народнае мастацтва, фальклор былі і застаюцца невычарпальнымі крыніцамі нашага раёна, якія жывяць і літаратуру, і прафесійнае мастацтва. У багатай духоўнай спадчыне рудабельцаў адлюстраваны жыццё народа, яго гісторыя, ідэйныя і эстэтычныя погляды, маральна-этычныя ідэалы, вопыт, выказаны яго надзеі і спадзяванні.
У сузор’і выяў мясцовых культурных традыцый і талентаў асобае месца займае Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня». У сёлетнім годзе ён пройдзе на рудабельскай зямлі ў чарговы дзявяты раз з 23 па 26 чэрвеня, яго правядзенне сімвалічна супадае з Годам культуры.
Спецыялісты ўстаноў культуры раёна вядуць планамерную і сістэматычную работу па захаванні і перадачы духоўнага і матэрыяльнага скарбу рэгіёна дзецям і моладзі. У рамках фестываля з пачатку года ў бібліятэчнай сістэме раёна дзейнічае інтэрактыўны праект «Бібліятэка – тэрыторыя народнай культуры».
Задачы праекту – праз розныя формы індывідуальнай і масавай работы далучыць дзяцей і моладзь да розных праяў традыцыйнай народнай творчасці, вучыць спасцігаць народнае мастацтва ад мясцовых носьбітаў народнай культуры. Значная роля ў зборы фальклорных матэрыялаў належыць пошукавай рабоце праз дзейнасць аматарскіх аб’яднанняў, якія арганізаваны пры бібліятэках. У планах работы распрацаваны розныя па формах і зместу мерапрыемствы: сустрэчы з мясцовымі майстрамі, фальклорныя экспедыцыі, краязнаўчыя гадзіны, гасцёўні, святы, правядзенне майстар-класаў і інш.
Запрашаем установы культуры, адукацыі раёна далучыцца да «берагінскага» руху, каб праз засваенне і вывучэнне традыцыйнай мастацкай культуры свайго краю ажыццявіць высокую місію – захаваць для наступных пакаленняў гістарычна-культурную спадчыну свайго краю.
Л. Вырвіч,
метадыст ДУК «Цэнтр культурна-дасугавай дзейнасці Акцябрскага раёна».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *