Вечар падарункаў, сюрпрызаў і віншаванняў

Общество

У Цэнтры гісторыі і культуры Акцябрскага раёна 14 студзеня прайшла святочна-­каляднаяпраграма «Вячоркі каля каміна» з удзелам прадстаўнікоў раённай ветэранскай арганізацыі, а таксама пастаянных наведвальнікаў гэтай установы.

У пачатку мерапрыемства яго вядучая, навуковы супрацоўнік Людміла Вырвіч, пазнаёміла прысутных з гісторыяй свят – Каляд і старога Новага года:

– Калі на Русі было прынята Хрысціянства, людзі сталі шанаваць яго ў сувязі з нараджэннем Ісуса Хрыста. Сёння гэтае вялікае праваслаўнае свята сустракаюць у ноч з 6 на 7 студзеня. Старажытныя хрысціяне прытрымліваліся правіл: напярэдадні вялікага свята Божага Нараджэння выконваўся строгі пост. Ён завяршаўся куццёю або Святым вечарам, у які па традыцыі на стале выстаўлялася 12 страў (менавіта столькі вучняў было ў Хрыста). Ад кожнай з іх трэба было паспрабаваць хаця б кавалак.  Лічылася, што такім чынам людзі не пускаюць у дом галечу і смутак. Акрамя таго, 12 – гэта сімвал каляндарнага года.

 Удзельнікі «Вячорак каля каміна» падрыхтавалі традыцыйныя святочныя стравы. Чаго тут толькі ні было: смачныя каўбаскі і апетытная паляндвіца, традыцыйныя беларускія калдуны і сучасныя бутэрброды, салаты і рыбныя дэлікатэсы! Упрыгожваў гэты багаты стол цудоўны торт і незвычайная елка з цукерак, на якой былі прымацаваны невялікія паперкі з пажаданнямі дабра, здароўя, даўгалецця, шчасця і багацця. Кожная гаспадыня прэзентавала сваё блюда, каб падзяліцца сакрэтам яго прыгатавання і прадэманстраваць сваю кулінарную творчасць.

– Пасля 7 студзеня пачыналіся Каляды, – працягвала распавядаць Людміла Васільеўна. – Так называлі 10 святочных дзён ад Каляд да Хрышчэння, як раней казалі, ад зоркі да вады. Ад душы весяліўся народ у гэтыя дні. Праводзіліся святочныя гулянні, людзі прыбіраліся ў розныя касцюмы, хадзілі па дварах. Яны жадалі гаспадарам шчаслівага Новага года, багатага ўраджаю, спявалі песні, танцавалі.

Калядкі – гэта багаты стол, частаванні і госці, якія завіталі ў той святочны вечар у Цэнтр гісторыі і культуры. Калядоўшчыкі­ дзеці ў вобразах Казы, Тыгра і іншых персанажаў падрыхтавалі вершы, прыпеўкі, жадалі прысутным усяго найлепшага ў гэтым годзе.

Музычныя нумары падарыла Наталля Велікжаніна. Жартоўныя гаданні, загадкі, розныя гульні і забавы – усё было ў гэты святочны вечар. А па завяршэнні праграмы падзякі за цеснае супрацоўніцтва з Цэнтрам гісторыі і культуры і актыўны ўдзел у мерапрыемстве атрымалі Энгіліна і Генадзь Мацыгуды, Фёдар Бандарэнка, Сяргей Яфрэмаў, Наталля Велікжаніна, Раіса Юркевіч, Валянціна Грынкевіч, Ніна Прапіснова.

Аксана Борсук.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *