Запрашае «Яўхімаў Рог

Культура Человек и его дело

111IMG_3899 111IMG_3855Ці любіце вы рыбалку? А збіраць духмяныя чарніцы або маладзенькія крамяныя баравічкі? А можа проста вы стаміліся ад паўсядзенных клопатаў і жадаеце пабыць у адзіноце, сам на сам з прыродай, і нават забыць, па прычыне адсутнасці сувязі, пра мабільны тэлефон? У такім выпадку вас гасцінна сустрэне культурна-этнаграфічны цэнтр «Яўхімаў Рог», які знаходзіцца на ўскрайку невялікага пасёлка Ратміраў.
На ганку нас сустракае добразычлівая гаспадыня, дырэктар цэнтра Тамара Аляксандраўна Прахоцкая. Праводзіць па светлых і прасторных пакоях, дзе сабраны прадметы сялянскага побыту прошлага стагоддзя. Сярод іх ёсць яшчэ і не зусім «старыя»: радыёла (у рабочым стане), стос музычных пласцінак да яе, некалькі чыстых бланкаў ганаровых грамат з выявай У. І. Леніна, насценны гадзіннік. Дом, у якім зараз знаходзіцца цэнтр, пабудаваў былы мясцовы ляснічы Іван Шыгалеў у 1965 годзе. Але так склаліся абставіны, што ён з сям›ёй пераехаў у Бабруйск. У доме спачатку размясцілася бібліятэка, потым – ФАП.
Побач знаходзіцца «Яўхімава карамысла». Спытаеце, што гэта? Патлумачу. Так назвалі два невялікіх маляўнічых азярца, якія размешчаны адно каля аднаго праз лясную дарогу на радасць рыбакам і прыхільнікам водных працэдур. У адным купаюцца, у другім рыбу ловяць і нават спаборніцтвы ладзяць на лепшага рыбака.
Любяць у «Яўхімаў Рог» зазірнуць дачнікі, з якіх у асноўным і складаецца насельніцтва пасёлка. Тут вас навучаць вязаць з нітак, вырабляць з бісера прыгожыя рэчы, пазнаёмяць з традыцыямі і святамі нашых продкаў, пачастуюць духмяным чаем з лекавых зёлак.
«Праводзім мы і розныя канцэрты, конкурсы, – расказвае гаспадыня цэнтра Тамара Аляксандраўна. – На вясенніх канікулах арганізавалі пазнавальна-забаўляльную праграму «Жоўты, зялёны, чырвоны» для дзяцей, якія прыехалі разам са сваімі бабулямі і дзядулямі адпачыць у вёску. На восьмага сакавіка адбыўся святочны канцэрт. Спадзяёмся, што з прыходам цёплых дзянькоў наведвальнікаў у нас прыбавіцца. Шкада, што толькі пераначаваць у нас пакуль што няма дзе. Камфортныя пакоі для турыстаў – у перспектыве. Рыбалку, духмяную юшку, водар чыстага леса, добры настрой і спакойны адпачынак мы вам забяспечым. Прыязджайце да нас у «Яўхімаў Рог»! Будзем рады вас бачыць!»
Алена СТАРЫНОВІЧ.
Фота аўтара.
(Больш фота ў групе «Газета «Чырвоны Кастрычнік» на «Одноклассниках»).



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *