Фальклорны ансамбль «Некрашынка» – пераемнікі народных традыцый

Общество

Узорны фальклорны ансамбль «Некрашынка» створаны ў 1998 годзе падчас падрыхтоўкі да I Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня».
Назва калектыву звязана з вёскай Некрашы, якая існавала раней у Акцябрскім раёне. Першым яго мастацкім кіраўніком была Валянціна Кульбіцкая, якая ў той час працавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Валосавіцкай сярэдняй школы, таму і ўтвораны ансамбль быў на базе гэтай установы адукацыі і складаўся з вучняў 5­9 класаў. Зараз «Некрашынку» ўзначальвае таксама педагог – настаўнік першай ступені навучання Валосавіцкага дзіцячага сада­сярэдняй школы Ала Бялько, а адносіцца калектыў ужо да сельскага дома народнай творчасці. Удзельнікі (хлопцы і дзяўчаты) з самага пачатку збіралі і пераймалі ад матуль, бабуль і прабабуль святы, абрады, песні, танцы, гульні менавіта свайго рэгіёну. Носьбітамі беларускай культуры і фальклорных традыцый з’яўляліся жыхары Валосавіч Марыя Ігнацьеўна Ягур і Анастасія Астапаўна Юрчак.
У склад калектыву зараз уваходзіць 14 чалавек, якія ўтвараюць вакальную і танцавальную групы, а таксама ансамбль шумавых інструментаў. – За час існавання ансамбля сабрана шмат матэрыялу, – гаворыць загадчык філіяла «Валосавіцкі сельскі дом народнай творчасці», а таксама акампаніятар калектыву Леанід Шчэрбін. – Праведзена велізарная праца. Змяніўся не адзін склад удзельнікаў, але засталося галоўнае, тое, што перадаецца з пакалення ў пакаленне, – гэта любоў да музыкі, песні і танца. Асаблівасцю калектыву з’яўляецца і тое, што «артысты» апранаюцца ў касцюмы, вырабленыя і аздобленыя з улікам мясцовых традыцый. У рэпертуары «Некрашынкі» – абрадавыя, святочныя песні, народна­ побытавыя танцы і карагоды.
Фальклорны ансамбль «Некрашынка» – удзельнік раённых конкурсаў і фестываляў, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў. Ён дыпламант I Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня» (1999 г.), I Рэспубліканскага фестывалю народнага танца ў г. Чачэрску (2000 г.), рэгіянальнага свята «Палескі трохкутнік» ў г. Глуску (2000 г.), лаўрэат I ступені II Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня» (2001 г.), дыпламант I ступені агляду­конкурсу сельскай самадзейнасці ў г. Калінкавічы (2003 г.). У 2003 годзе «Некрашынка» з’яўлялася пераможцам абласнога фестывалю фальклорных калектываў у г. Ельску (2004 г.), пераможцам III абласнога і V раённага конкурсаў танцавальных пар – выканаўцаў народна­ побытавых танцаў у г. Гомелі, г. п. Акцябрскі (2005 г.) і іншых.
У 2005 годзе калектыву было прысвоена званне «ўзорны». У 2009­м па міжнародным культурным абмене ўдзельнікі ансамбля выступалі з канцэртнымі праграмамі ў гарадах Германіі. З’яўляючыся пераемнікам народных традыцый, дзіцячы фальклорны ансамбль «Некрашынка» неаднаразова ўзнагароджваўся шматлікімі дыпломамі і ганаровымі граматамі рознага ўзроўню.
Аксана БОРСУК. Фота прадастаўлена Валосавіцкім СДНТ.
Газета "Чырвоны Кастрычнік" г.п. Октябрьский

24 мая 11:15



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *