Белы снег, белы цень, белы дзень… Да юбілею нестарэючага твора

Общество

Белы снег, белы цень, белы дзень…
Імя паэта, перакладчыка, публіцыста, грамадскага дзеяча Генадзя Бураўкіна (1936 – 2014 гг.) займае трывалае і значнае месца ў беларускай літаратуры. Летась, а дакладней, 28 жніўня 2021-га Генадзь Мікалаевіч мог бы адзначыць сваё 85-годдзе, а сёлета мы ўспамінаем выдатнага майстра паэтычнага слова з нагоды яшчэ аднаго юбілею – яго нестарэючага твора, які стаў песняй, як кажуць, на ўсе часы.


Наогул, па ацэнцы крытыкаў, вершы Генадзя Бураўкіна вылучаюцца маштабнасцю вобразаў, дакладнасцю, прасветленасцю радка, так званай гнуткасцю і мілагучнасцю слова. Таму і невыпадкова даволі многія яго паэтычныя творы ў розныя гады былі пакладзены на музыку, сталі папулярнымі песнямі. Іх вобразы, іх героі і сёння сярод нас, якіх мы ўжо ўспрымаем як штосьці звыклае, устойлівае, нават і не здагадваючыся, што атрымалася гэта з лёгкай рукі Генадзя Мікалаевіча ну і, безумоўна, кампазітараў-песеннікаў. Так, прадстаўнікі ўжо не аднаго пакалення выхоўваліся на словах менавіта Г. Бураўкіна са славутай “Калыханкі”, яе ў тэлеперадачы кожны вечар пяюць і зараз для нашых немаўлят. Гэта ўсё тое ж “спяць і мышкі, і стрыжы, спяць машыны ў гаражы”, альбо “толькі першыя пралескі на палянах узышлі – над разбуджаным узлескам закружылі матылі”, ці той самы “конь незацугляны”, якому яшчэ несці і несці “праз палеткі і лясы, праз лугі-паляны”.

Ёсць і іншае, глыбока лірычнае: “Чуеш, вецер і чуеш, вечар,/ Чуеш, ціха шапоча сад./ На твае худзенькія плечы/ Апускае ноч зарапад”. Ну як, пазналі?
Аднак гэта летнія песенныя вобразы. У Генадзя Бураўкіна быў верш на тэму зімы з некалькі незвычайнай назвай “Снежная імпрэсія”, напісаны яшчэ ў 1976 годзе. Гэтае вобразнае па волі пачуццяў апісанне зімовага пейзажу так і бы і засталося незаўважаным для шырокага кола людзей, калі б верш выпадкова не прачытаў тады ўжо вядомы эстрадны кампазітар Эдуард Ханок. Ён па дарозе з Брэста, дзе ў той час жыў, у Мінск, назіраючы праз акно аўтобуса за зімовым краявідам, праглядваў зборнік вершаў Генадзя Бураўкіна і натрапіў якраз на гэты. Пакуль кампазітар даехаў да сталіцы, мелодыя была ўжо гатова. Тэкст песні ў канчатковым варыянце, праўда, давялося некалькі змяніць ад першаасновы верша (быў выкарыстаны іншы парадак радкоў, паўтораў, заменены асобныя словы).

Песня пад назвай “Завіруха”, запісаная суперпапулярным тады ансамблем “Верасы” дзесьці па лету 1982 года, імгненна стала шлягерам, выйшла ў лаўрэаты усесаюзнага фестывалю “Песня-82”. І няхай яна тады не зусім адпавядала рэчаіснасці, бо зіма пачатку 1983-га выдалася мяккай і маласнежнай, а завірух, здаецца, наогул не здаралася, тагачасны хіт “Верасоў” гучаў, вобразна кажучы, з кожнай форткі, з кожнага праса ва ўсіх кутках неабсяжнай краіны. Прычым, пераклад з беларускага не патрабаваўся – і так усё ўсім было зразумела.


Час паказаў, што папулярнасць “Завірухі” як выдатнага твора песеннага эстраднага мастацтва не згасае і праз 4 дзесяцігоддзі. Сведчанне гэтаму – пастаяннае яе выкананне ў сучасным радыё- і тэлеэфіры. А пад сёлетнюю сапраўдную зіму былая “Снежная імпрэсія”, якая стала песняй-легендай “Завіруха”, прыпадае вельмі ўдала. Таму чытаем і параўноўваем:

Снежная імпрэсія

Ты куды мяне клічаш, паслухай? –
На дварэ ні машын, ні людзей.
Завіруха мяце, завіруха…
Белы снег, белы цень, белы дзень.

Я іду за табой, як сляпая,
Патрапляю ў замецены след.
Засыпае нас снег, засыпае.
Белы снег, белы след, белы свет.

Як паходня, твой шаль ружавее,
І вакол – ні вачэй, ні акон.
На зямлі – я і ты, і завея.
Белы снег, белы след, белы сон…

Генадзь Бураўкін

 Юрый  Каспяровiч



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *