Статус «незвычайная сям’я» мы атрымалі нядаўна (13 мая гэтага года). З гэтым статусам прыйшло разуменне,
што я крышку «незвычайная мама». Менавіта 13 мая па дакументах у нашай зусім звычайнай беларускай сям’і з’явілася дачушка Мілана. Так, яе не я нарадзіла, але…
Але мы разам прайшлі ўсё: збор дакументаў, вучобу, дапамогу і парады спецыялістаў, першую сустрэчу і знаёмства, суд… І вось наша дачушка ўжо сядзіць разам з намі ў машыне і едзе дадому… А вочы такія вялікія-вялікія і поўныя надзеі…
Мілана па-дзіцячы сур’ёзна даверылася, паверыла мне і нашай сям’і… Нам даручана выхаванне гэтага такога маленькага і адначасова дарослага і па-сапраўднаму сталага чалавечка…
Новае жыццё ў нас пачалося 4 чэрвеня… Менавіта ў гэты сонечны і цёпленькі дзянёк мы ўсе разам пачалі крочыць у зусім іншае, новае і незвычайнае жыццё… У адно імгненне я стала мамай Нікай… Жыццё змянілася хутка… Яшчэ ўчора я была мама сына-падлетка, вырашала зусім іншыя праблемы і задачы, жыла толькі школьнай працай. Я нават, шчыра кажучы, амаль забылася, як гэта было, калі сын быў чатырохгадовым… Цяпер успамінаю, аналізую і дапамагаю МАЁЙ дачушцы. Цяпер я і мая сям’я адкрываем новы свет для Міланы.
Ці шкадую я? Так. Шкадую! Шкадую, што не зрабіла гэтага раней. Шкадую, што думала: «А што скажуць людзі? Як адрэагуюць? Што падумаюць?» Усім добрай не будзеш. Кожны жыве са сваёй праўдай. Некаму недаспадобы тое, што зрабіла мая сям’я. Хтосьці разумее, што «чужых дзяцей не бывае», і шчыра радуецца за нас… Я не ведаю, што будзе далей, як складзецца лёс, але ведаю, што за тыя шчаслівыя вочкі, гарэзлівы смех і самыя салодныя абдымкі і пацалункі Міланы я гатова на многае. А яе «Мама я цябе люблю…»
І калі нехта вырашыць зрабіць тое, што зрабіла мая ўжо «незвычайная сям’я», хачу даць невялікую параду: не бойцеся пачынаць, гэта па-сапраўднаму вартая справа, бо калі не мы, тады хто?
Вераніка Акуліч,
аграгарадок Майсееўка.
Фота Вольгі Шэйка.
