Іван Паўлавіч Мележ зрабіў Палессе сусветна вядомым

Общество

Сёння, 8 лютага, адзначаецца 105-я гадавіна з дня нараджэння знакамітага беларускага пісьменніка, публіцыста, драматурга і грамадскага дзеяча Івана Паўлавіча Мележа.

У літаратурным асяроддзі мінулых гадоў шырока была распаўсюджана думка аб тым, што калі б Іван Мележ не напісаў нічога болей акрамя свайго рамана “Людзі на балоце”, усё роўна яго імя было б узнята на самую вяршыню творчага Алімпу – настолькі ярка, дакладна і вобразна аўтару ўдалося ў сваім галоўным творы паказаць дарагую яго сэрцу малую радзіму – глыбінку беларускага Палесся ў складаны і супярэчлівы перыяд яе гісторыі. Таму па значнасці і мастацкай вартасці “Людзі на балоце” і наступныя творы з мележаўскай трылогіі пад назвай “Палеская хроніка” даследчыкі-літаратуразнаўцы, а таксама шмалікія чытачы справядліва параўноўваюць з паэмай “Новая зямля” Якуба Коласа, раманамі Кузьмы Чорнага, эпапеяй “Ціхі Дон” Міхаіла Шолахава, ставячы гэтыя творы ў адзін рад.

Нарадзіўся будучы пісьменнік 8 лютага 1921 года ў вёсцы Гліні- шча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў звычайнай сялянскай сям’і. З ранняга дзяцінства дапамагаў бацькам па гаспадарцы – пасвіў кароў, свіней, выконваў іншую работу. Аднак і вучыўся вельмі добра: спачатку ў пачатковай школе ў родным Глінішчы, затым – у сямігодцы ў суседніх Алексічах, атэстат аб сярэдняй адукацыі з адзнакай атрымаў падчас навучання ў Хойніках. Больш таго, упарты юнак замахнуўся на далейшую вучобу ў самой сталіцы Савецкай дзяржавы – падаў дакументы ў Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры. Першая спроба паступіць была няўдалай, і Іван Мележ вярнуўся назад у Хойнікі, працаваў у райкаме камсамола. Праз год паступіў у вышэназваную навучальную ўстанову, аднак пабыць сталічным студэнтам давялося нядоўга. Тады ў сувязі са складаным міжнародным становішчам і магчымай вайной Чырвоная Армія адчувала патрэбу ў сваім пашырэнні, служыць даводзілася і пэўным навучэнцам ВНУ. Так і Івана Мележа ў 1940 годзе прызвалі ў войска, знаходзіўся ля заходніх рубяжоў краіны, быў удзельнікам паходу па далучэнню да СССР тэрыторый Бесарабіі і Паўночнай Букавіны. Вялікую Айчынную вайну Мележ сустрэў у Карпатах, потым змагаўся на розных франтах, тройчы трапляў у варожае акружэнне, але паспяхова выходзіў з яго. У баі пад Растовам-на-Доне ў чэрвені 1942 года Іван Паўлавіч быў цяжка паранены, мог застацца без правай рукі, аднак яе ўдалося выратаваць дзякуючы майстэрству франтавога хірурга Антонава, якому пісьменнік заставаўся ўдзячным усё астатняе жыццё.

Будучы камісаваным па раненню і інваліднасці, Іван Мележ выкладаў ваенную падрыхтоўку ў школах (Падмаскоўе і Аранбургская вобласць), завочна вучыўся на філфаку Белдзяржуніверсітэта. Канчаткова пераехаўшы ў Мінск у пераможным 1945 годзе, былы франтавік стаў працаваць у рэдакцыі часопіса “Полымя”, выкладчыкам беларускай літаратуры ў БДУ, у апараце ЦК КП(б)Б. З 1966 года з’яўляўся сакратаром, а ў 1971-1976 гг. – намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў БССР. Акрамя гэтага Іван Мележ пэўны час быў старшынёю праўлення Беларускага аддзялення таварыства “СССР – Францыя”, узначальваў Беларускі камітэт абароны міру, з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Што ж датычыць непасрэдна літаратурнай дзейнасці І. П. Мележа, то першыя спробы пяра ён зрабіў яшчэ ў школьныя гады. Дэбютны апублікаваны верш “Радзіме” з’явіўся на старонках рэспубліканскай газеты “Чырвоная змена” у 1939 годзе, вершаваныя творы пачынаючага аўтара тады змяшчалі перыядычныя выданні “Літаратура і мастацтва”, “Бальшавік Палесся” і іншыя. А вось на прозу, прычым суровую жыццёвую, пачынаючы літаратар перайшоў якраз у ваенныя гады: нягледзячы на забарону, вёў дзённікі, запісы франтавых па- дзей, якія потым увайшлі ў зборнік “Першая кніга”, выдадзены пасля смерці аўтара. Знаходзячыся ў савецкім тыле пасля ранення, напісаў апавяданне “Сустрэча ў шпіталі” (1944 г.). Наступнае – “У завіруху” (так называўся і першы зборнік празаічных твораў І. Мележа, пабачыўшы свет пазней) высока ацаніў беларускі класік Кузьма Чорны, слова якога тады значыла вельмі многае. Шэраг ранніх апавяданняў і аповесць “Гарачы жнівень” (1948 г.) праслаўлялі мужнасць і гераізм савецкіх лю-дзей у перыяд Вялікай Айчыннай, пасляваенны працоўны подзвіг народа. Да пачатковай творчасці Івана Мележа адносіцца і раман “Мінскі напрамак”, які быў напісаны ў 1950-1952 гг. (пазней дапрацаваны) – шматпланавы твор, прысвечаны вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, велічнасці народнага подзвігу ў Вялікай Айчыннай вайне. Іван Паўлавіч – аўтар зборнікаў прозы “Блізкае і далёкае” (1954 г.), “У гарах дажджы” (1957 г.), “Што ён за чалавек” (1961 г.), п’есы “Пакуль вы маладыя” (пастаўлена ў 1957 годзе), гісторыка-рэвалюцыйнай драмы “Дні нараджэння” (пастаўлена ў 1959 годзе).

Аднак найвышэйшым дасягненнем творчасці народнага пісьменніка БССР Івана Мележа стала яго трылогія “Палеская хроніка”. Яна складаецца з трох раманаў – “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы” (за іх аўтар быў удастоены вышэйшай на той час узнагароды – Ленінскай прэміі) і “Завеі, снежань”. У гэтай так званай энцыклапедыі сялянскага жыцця простых паляшукоў, кажучы па-сучаснаму, у творы “экалагічнай прозы” пісьменнік, праяўляючы грамадзянскую смеласць, дакладна асэнсаваў складаныя працэсы ў жыцці савецкага грамадства на мяжы 20-30-х мінулага стагоддзя (калектывізацыя, партыйныя чысткі, першыя рэпрэсіі супраць асобы, не маючыя пад сабой падставы і іншае). Аўтар на старонках “Палескай хронікі” таксама паказаў шчырую любоў да роднай бацькоўскай зямлі, паказаў як чысціню і шчырасць, так і глыбокую супярэчнасць чалавечых адносінаў, прадэманстраваў высокую псіхалагічную і моўную культуру. Многія героі гэтага твора, вобразна кажучы, пайшлі ў народ і даўно сталі агульнымі персанажамі (Васіль Дзятлік і Ганна Чарнушка, Яўхім Глушак, Апейка і іншыя). А калі дадаць, што кнігі Івана Мележа выдадзены шматтысячнымі тыражамі і перакладзены на шэраг моў свету, то над драматычнымі падзеямі “Палескай хронікі” супярэжываюць і чытачы за межамі Беларусі.

Над сваім галоўным творам Іван Паўлавіч працаваў, можна сказаць, непарыўна на працягу 20 гадоў – з 1956-га да апошніх дзён. Нажаль, цяжкія франтавыя раненні і выпрабаванні ваеннага і пасляваеннага часу істотна падарвалі здароўе пісьменніка. Ён памёр у самым росквіту творчых сіл на 56-м годзе жыцця 9 жніўня 1976 года, і шмат планаў і задум (у тым ліку не завяршыў і “Палескую хроніку”) засталіся нерэалізаванымі ў адрозненне ад памяці аб гэтым шчырым чалавеку. І хаця прайшло ўжо без малага паўстагоддзя, як Івана Мележа няма з намі, яго творы працягваюць жыць. Яго іменем названы вуліцы ў Мінску і іншых населеных пунктах, драматычны тэатр у Мазыры, школа ў роднай вёсцы Глінішча (там жа адкрыты і літаратурны музей пісьменніка) і сельгаспрадпрыемства ў Хойніцкім раёне. На радзіме класіка беларускай прозы, у іншых месцах рэгулярна ладзяцца літаратурныя чытанні, а пачынаючы з 1980 года, лепшым аўтарам прысуджаецца Літаратурная прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя І. П. Мележа.

Юрый Каспяровіч.
Фота з інтэрнета.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *