Аляксандр Лукашэнка
У гістарычнай спадчыне беларусаў ёсць чым ганарыцца, ёсць што берагчы і абараняць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўручэння прэміі «За духоўнае адраджэнне», спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва і «Беларускі спартыўны Алімп» 2025 года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Нам ёсць чым ганарыцца, ёсць што берагчы і абараняць, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, гаворачы пра багатую гістарычную спадчыну беларусаў. — Таму і будуем новы Нацыянальны гістарычны музей. Ён стане месцам нацыянальнага гонару, калыскай нашай гістарычнай памяці, крыніцай натхнення для мірнага, працалюбівага, вельмі таленавітага і творчага народа».
У якасці прыкладаў Аляксандр Лукашэнка прывёў некалькі фактаў. «Больш за тысячу гадоў таму, амаль адразу пасля Хрышчэння Русі, на нашай зямлі былі заснаваны адны з першых усходнеславянскіх цэнтраў дзяржаўнасцi, культуры, асветы — Полацкая і Тураўская епархіі, — адзначыў беларускі лідар. — Тут дзякуючы нашым дойлідам зарадзіліся эксклюзіўныя архітэктурныя традыцыі і формы мастацтва. У 2026 годзе мы будзем адзначаць сакральную для нас дату. Роўна 865 гадоў таму майстар Лазар Богша стварыў унікальную святыню — Крыж Еўфрасінні Полацкай. Толькі ўдумайцеся, 865 гадоў!»
Больш за пяць стагоддзяў таму ўраджэнец Полацкай зямлі Францыск Скарына выдаў «Псалтыр» — першую кнігу на ўсходнеславянскай мове, узгадаў яшчэ адзін факт кіраўнік дзяржавы.
«Вядома, што друкаваная кірыліца, распрацаваная беларусам Ільёй Капіевічам, пакладзена ў аснову грамадзянскага шрыфту, уведзенага ў 1706 годзе ў Расіі, — працягнуў ён. — Тэрмін «беларускае барока» вядомы ва ўсім свеце. Гэта ўнікальная з’ява ў сусветным мастацтве канца ХVIІ стагоддзя, якая распаўсюдзілася на ўсходнеславянскіх землях дзякуючы таленту нашых майстроў».-0-

