Звыш 10 адзінак сельгаспадарчай тэхнікі пастаўлена на лінейку гатоўнасці да прадстаячых веснавых палявых работ у адкрытым акцыянерным таварыстве “Краснаслабодскае”.

Калі зазірнуць на мехдвор гэтай гаспадаркі ў бягучы зімовы час, то нельга не звярнуць увагу на акуратны радок сельгасмашын, размешчаны з левага боку тэрыторыі данага аб’екта. Па сутнасці, уся неабходная глебаапрацоўчая і пасяўная тэхніка, у якой узнікне патрэба на самым першым этапе сёлетняй яравой сяўбы, загадзя была прадэфектавана, адрамантавана, і зараз ніякіх пытанняў да яе поўнай спраўнасці не ўзнікае. Разам з абсалютна новымі адзінкамі – летась набытай гаспадаркай зерневай сеялкай СПУ-6 і пасяўным агрэгатам для заладкі насення кукурузы ТСМ-8000, стопрацэнтна гатовы да эксплуатацыі пасля некалькіх папярэдніх сезонаў “Дыскапак-6”, культыватары АДУ-6 (на ім па большай частцы замянілі пашкоджаныя рабочыя органы) і КН-6. Дадаткова ўжо хоць сёння можна выкарыстоўваць яшчэ па адной сеялцы СПУ-6 і ТСМ-8000, а таксама агрэгат для падкормкі будучых пасеваў кукурузы вадкімі мінеральнымі ўгнаеннямі КОУП-8.
У гэтыя халодныя лютаўскія дні старанні механізатараў і іншага абслугоўваючага персаналу механічнай майстэрні ААТ “Краснаслабодскае” накіраваны на падрыхтоўку трактароў – асноўнай тэхнічнай сілы веснавых (і, безумоўна, не толькі) палявых работ. Так, на бягучы момант у рамонтным памяшканні краснаслабодскага мехдвара яшчэ стаіць разукамплектаваным энерганасычаны трактар “Беларус-3522” – на рухавік і каробку перадач, знятыя са “сталёвага каня”, патрэбны запчасткі замест вузлоў і дэталяў, якія прыйшлі ў нягоднасць. Грошы з бюджэту на гэтыя мэты выдзелены, за іх на днях набудуць неабходнае, рамонт завершаць на месцы сваімі сіламі, і ў тэрмін да 1 сакавіка адноўленая “трыццацьпятка” таксама зойме сваё месца на лінейцы гатоўнасці. Акрамя таго, на рамонце знаходзіцца і пагрузчык “Амкадор”: каробку перадач і некаторыя іншыя механізмы зараз даводзяць да ладу на спецыялізаваным прадпрыемстве ў Жыткавічах, і да пачатку наступнага месяца гэта важная адзінка тэхнікі будзе здадзена ў эксплуатацыю.
Да пачатку веснавой пасяўной кампаніі ў названай сельгасарганізацыі акрамя тых, што на хаду, дадаткова будуць падключаны да ворыва і падрыхтоўкі глебы яшчэ два энерганасычаныя трактары – імпартны “Клаас” і айчынны “Беларус-3522”. На іх аднаўленне вялікіх затрат не спатрэбіцца: для “Клааса” неабходна набыць дробныя запчасткі, у “Беларусу” застанецца зрабіць дыягностыку пэўнага электраабсталявання і перагледзець генератар.

На сённяшні дзень у цэнтральнай майстэрні адкрытага акцыянернага таварыства “Краснаслабодскае” часова змешчаны і трактары меншай магутнасці МТЗ-892 і МТЗ-82, маючыя патрэбу ў нязначным рамонце, які выконваюць механізатары Пётр Валавод і Андрэй Лагута. Усебаковую дапамогу ім аказваюць газаэлектразваршчык Алег Калбасін і токар, ветэран працы Уладзімір Луцковіч – для гэтых спецыялістаў зараз асабліва напружаны час, і работы са зварачным апаратам і на такарным станку хапае кожны дзень. Аднак справы прыкметна рухаюцца, і тэхніка агульнымі намаганнямі паступова, як кажуць, устае ў строй.
І хоць яшчэ стаіць сапраўднае зімовае надвор’е, дзеючаму трактарнаму парку ААТ “Краснаслабодскае” з ліку 13 адзінак, якія поўнасцю спраўныя і прайшлі тэхагляд, заўсёды знаходзіцца прымяненне, у асноўным на вывазцы арганікі з жывёлагадоўчых аб’ектаў гаспадаркі на бліжэйшыя яравыя палеткі і на дастаўцы кармоў для жывёлы з аддаленых месцаў захоўвання кансерваванага фуражу.

Юрый Каспяровіч.
Фота аўтара.
