Вучаніца Акцябрскай раённай гімназіі Дамініка Казлова: ведаць родную мову – гэта пачэсна

Главное

І зноў бліскуча пацвердзіла свае веды ў беларускай мове і літаратуры вучаніца 9 класа Акцябрскай раённай гімназіі Дамініка Казлова.

Дзяўчынка прыняла ўдзел у абласным лінгвістычным конкурсе «Ведай родную мову» і стала лепшай сярод усіх канкурсантаў. А імі былі пераможцы трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, вучні 9-11 класаў.

Спаборніцтва сярод маладога пакалення моваведаў кожны год праводзіцца напярэдадні Дня роднай мовы з мэтай развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу навучэнцаў, выяўлення здольных, лінгвістычна адораных дзяцей.

Як расказвае Дамініка, конкурс «Ведай родную мову» – гэта амаль алімпіяда, паколькі заданні першага этапу маюць такі ж складаны узровень. У лінгвістычны конкурс увайшлі пытанні і па мове, і па літаратуры. У другім туры навучэнцы пісалі сачыненне-мініяцюру па прапанаваных тэмах. Дамініка вырашыла раскрыць сэнс прыказкі «На чужой старонцы рад і сваёй варонцы».

– Пры падтрыхтоўцы да конкурсу вялікую ўвагу надалі напісанню сачыненняў. Дамініка напісала іх вялікую колькасць на розныя тэмы, – дапаўняе настаўнік гімназісткі Таццяна Сяргееўна Крэч. – Адзначу, што ў дзяўчынкі вялікі славарны запас, добрая памяць. Дамініка ведае шмат цытат, радкоў з вершаў, прымавак і прыказак, якія можна выкарыстоўваць у сачыненні.

Дамініка выдатна справілася з усімі заданнямі, набраўшы самы высокі бал. Выступленнем і, канечне, перамогай, вучаніца і настаўніца задаволены. Дарэчы, Таццяна Сяргееўна таксама прымала ўдзел у конкурсе, але як член журы. Яна правярала работы адзінаццаці- класнікаў.

Добрае валоданне беларускай мовай і свае моцныя веды Дамініка прадэманстравала ўчора. У Дзень роднай мовы яна паспрабавала сябе ў ролі настаўніка і правяла майстар-клас па выкладанню прадмета. Для вучняў малодшых класаў падтрыхтавала інтэрактыўную гульню, а для настаўнікаў – паштоўкі з віншаваннямі.

Ірына ЛЯШКОВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *