Франтавы разведчык, які пайшоў у літаратуру і навуку

Главное

16 лютага спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Якаўлевіча Навуменкі.

Яго імя звычайна і больш за ўсё асацыіруецца з шырока вядомай сярод чытацкага свету Беларусі і за яе межамі ваеннай трылогіяй, якая складаецца з раманаў “Сасна пры дарозе” (выдадзены ў 1962 годзе), “Вецер у соснах” (1967 г.) і “Сорак трэці” (1974 г.). А ўсяго на багатым рахунку Івана Навуменкі лічыцца 15 выдадзеных празаічных зборнікаў, звыш 200 навуковых прац і 8 манаграфій. Іх аўтар у свой час узначальваў Вярхоўны Савет БССР, быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі і дырэктарам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы.

Іван Навуменка нарадзіўся і вырас ў мястэчку (зараз – горад) Васілевічы Гомельскай вобласці ў сям’і чыгуначнікаў. З дзяцінства захапляўся чытаннем (будучы вучнем-трэцякласнікам, ужо адолеў вялізны раман Льва Талстога “Вайна і мір”), прыродай і асабліва – птушкамі. Так як сям’я жыла небагата, будучы пісьменнік з 14-гадовага ўзросту стаў працаваць у рамонтнай брыгадзе чыгуначнага вузла Васілевічы. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, камсамолец Навуменка ўступіў у падпольную групу, пазней далучыўся да партызан Васілевіцкай брыгады імя Панамарэнкі – быў сувязным, хадзіў у разведку. Са снежня 1943 года знаходзіўся ў дзеючай Чырвонай Арміі, удзельнічаў у баях на Ленінградскім і 1-м Украінскім франтах. Палкавы разведчык Навуменка быў двойчы паранены, атрымаў цяжкую кантузію, за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе супраць ворага на перадавой, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Пасля дэмабалізацыі ў снежні пераможнага 1945 года Іван Навуменка вярнуўся на радзіму, працаваў карэспандэнтам мазырскай абласной газеты “Бальшавік Палесся” і адначасова завочна вучыўся на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта. У 1951 годзе канчаткова пераехаў у Мінск, стаў карэспандэнтам рэспубліканскай газеты “Звязда”, у 1953-1958 гг. загадваў аддзелам прозы літаратурнага часопіса “Маладосць”. Аднак большая частка сталага жыцця Івана Якаўлевіча была звязана з навукай, непасрэдна з беларускім літаратуразнаўствам – ён быў выкладчыкам і загадчыкам кафедры ў БДУ, дасягнуў ступені доктара філалагічных навук, званняў прафесара і акадэміка. Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР І. Я. Навуменка дакладна і дэталёва даследваў творчаць Максіма Багдановіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа і іншых майстроў мастацкага слова. Сувязяў з навукай не парываў і ў глыбокім узросце, працуючы саветнікам прэзідыума Акадэміі навук Беларусі, навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры. Не стала Івана Якаўлевіча 17 снежня 2006 года.

Аднак у памяці суайчыннікаў Іван Навуменка застанецца ўсё ж такі як таленавіты пісьменнік, аўтар адметных твораў беларускай мастацкай літаратуры. Пачынаў ён з паэзіі: першыя вершы будучага народнага пісьменніка Беларусі (атрымаў гэта ганаровае званне ў 1995 годзе) і члена Саюза пісьменнікаў СССР (з’яўляўся ім з 1957 года) былі апублікаваныя ў 1946 годзе ў той самай газеце “Бальшавік Палесся”. А з апавяданнямі І. Я. Навуменка дэбютаваў некалькі пазней: першыя з іх “Сідар і Гераська”, «Эх, махорачка” пабачылі свет у 1955 годзе ў часопісе “Маладосць”, дзе ён тады і працаваў. Вельмі часта ў сваіх мастацкіх творах Іван Навуменка асэнсоўваў ролю моладзі ў падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Звязана гэта з тым, што і сам пісьменнік стаў змагацца з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, калі яму было толькі 17 гадоў. Сімвалічна, што і першы празаічны зборнік аўтара, выдадзены ў 1957 годзе, так і называўся “Сямнаццатай вясной”. Наогул, асноўнымі тэмамі твораў Івана Навуменкі з’яўляюцца Другая сусветная вайна, партызанская барацьба ў тыле ворага, яе маштабны гераічны характар (аб гэтым распавядае тая ж названая вышэй самая вядомая трылогія народнага пісьменніка), трагічны чалавечы лёс у выніку ваенных падзей (раман “Смутак белых начэй”), а таксама праблемы інтэлігенцыі ў мірны час, родная прырода. Пісьменнік часта надаваў увагу юнацкай рамантыцы, аб чым сведчаць яго кнігі “Хлопцы-равеснікі” і “Таполі юнацтва” (за апошнюю з іх Іван Навуменка ў свой час быў адзначаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі). У літаратурнай спадчыне Івана Якаўлевіча знаходзіў адлюстраванне і дзіцячы свет. Сярод твораў, разлічаных на юнага чытача, асобнае месца займае, на жаль, паўзабытая зараз аповесць “Вайна ля Цітавай копанкі” – падзеі сярэдзіны 30-х гадоў мінулага стагоддзя маюць пад сабой аўтабіяграфічную аснову, а тэмы шчырага сяброўства і здрады, дабра і жорсткасці, мяжуючых паміж сабой, не страцілі актуальнасці і сёння (так, бессэнсоўныя сутычкі хлапчукоў з суседніх вуліц чыгуначнага пасёлка, што падаюцца ў ранняй аповесці Івана Навуменкі, вельмі нагадваюць нашумелы казанскі фенамен пад уплывам папулярнага зараз серыяла “Слово пацана”).

У памяць аб сапраўды народным пісьменніку, відным вучоным і адметным грамадскім дзеячу імя Івана Навуменкі прысвоена вуліцы і праезду ў сталіцы Беларусі – горадзе Мінску. Таксама ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У. І. Леніна і зараз дзейнічае адкрытая ў 2016 годзе музейная экспазіцыя, прысвечаная народным пісьменнікам Беларусі – ураджэнцам Гомельшчыны, у тым ліку і заўтрашняму юбіляру Івану Якаўлевічу Навуменку.

Юрый Каспяровіч.
Фота з інтэрнэта.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *