Паспяховым стаў пачатак 2025 года для вучаніцы 9 класа Акцябрскай раённай гімназіі Дамінікі Казловай. Па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура» гімназістка атрымала Дыплом ІІ ступені. Дзяўчынка і зноў прадэманстравала моцныя веды і абышла большасць сваіх сапернікаў. Аб тым, як прайшла алімпіяда, і якая вялікая падрыхтоўка да яе вялася, расказалі Дамініка і яе настаўніца Таццяна Сяргееўна Крэч.

– У Гомелі мы правялі амаль чатыры дні, і гэта быў вельмі напружаны перыяд, – успамінае дзяўчынка. – У мінулым годзе я паехала на «дарослую» алімпіяду больш у якасці эксперыменту, каб зразумець, якім чынам яна праводзіцца. Нават не хвалявалася, што вучуся ў 8 класе, а мае сапернікі – дзевяцікласнікі. А вось ужо ў гэтым годзе адчула вялікую адказнасць, таму без хвалявання не абышлося, але ж вынік атрымаўся добры, – дзеліцца сваімі думкамі Дамініка.
– Дыплом ІІ ступені – гэта вельмі цудоўны вынік. Дамініка атрымала высокія балы за кожны этап алімпіяды, паказала, што яна – таленавіты, творчы, граматны, адукаваны чалавек, – далучаецца да размовы Таццяна Сяргееўна. – Такія якасці Дамінікі, як творчы падыход, паслядоўнасць, мэтанакіраванасць, уменне данесці свае думкі, вялікая працаздольнасць, уменне канцэнтравацца і робяць сваю справу. Кожны год дзяўчынка ўдзельнічае ў алімпіядзе і іншых складаных мовазнаўчых конкурсах і атрымлівае дыпломы.
Першы этап алімпіяды складаўся з напісання водгуку. Для аналізу вучням быў прапанаваны верш Петруся Броўкі. Твор грамадзянскай лірыкі з элементамі пейзажу.
– Я паразважала пра любоў да роднай прыроды, ушанаванне Радзімы, пра тое, што для кожнага чалавека найпрыгажэй за ўсё прырода яго краю: лясы з бярозкамі, соснамі і дубамі. Пры падтрыхтоўцы да алімпіяды мы надаем вялікую ўвагу водгуку, таму мне няцяжка яго пісаць. Але, канечне ж, гэта не так проста, – разважае Дамініка. – Другі дзень алімпіяды быў прысвечаны выкананню комплекснай работы, якая складаецца з заданняў і па мове, і па літаратуры. Каб іх выканаць бездакорна, трэба мець грунтоўныя веды. А дзякуючы нашым заняткам з Таццянай Сяргееўнай, я адчувала сябе ўпэўнена. І ўвогуле хачу па дзякаваць сваёй настаўніцы за веды, за зразумелую методыку выкладання, а яшчэ – за яе чалавечыя якасці, падтрымку і веру ў мяне.
Патрыхтоўка да алімпіяды вялася скрупулезна, расказваюць Таццяна Сяргееўна і Дамініка. Нягледзячы на тое, што гімназістка вывучае родную мову з 4 класа, і, можна ўпэўнена сказаць, ведае яе на высокім узроўні, настаўніца і вучаніца працягнулі заняткі. І яшчэ больш укладвалі сіл, паўтаралі ўсе раздзелы мовазнаўства, вялікую ўвагу надавалі творчасці пісьменнікаўюбіляраў. Кожны дзень заняткі вяліся ў школе да 17.00 , а па суботах Дамініка ездзіла ў Гомель у рэсурсны цэнтр па беларускай мове, дзе заняткі праводзілі абласныя трэнеры. Ці кожны вучань зможа так самааддана рыхтавацца да складанейшага інтэлектуальнага спаборніцтва? Дакладна далёка не кожны. У Дамінікі ж ёсць мэта, і яна ідзе да яе, нягледзячы на цяжкасці.
– Безумоўна, у гімназіі створаны ўсе ўмовы для заняткаў з высокаматываванымі вучнямі. І ў гэты раз мы адчувалі вялікую падтрымку з боку дырэктара гімназіі Андрэя Васільевіча Кадола і яго намесніка Алены Аляксееўны Дзянісавай. Яны знаходзілі добрыя словы, нацэльвалі на высокі вынік, матывавалі і ў той жа час клапаціліся і рабілі ўсё магчымае, каб займацца ў школе было камфортна.
І, канечне ж, зорка не будзе гарэць, калі ў ёй не падтрымліваць ”агонь”. Выказваю шчырую падзяку усёй сям’і і родным Дамінікі, якія дапамагаюць выхоўваць і натхняць на перамогі маю
“ Зорачку”. Я лічу, што гэта вялізная справа, калі ў адным звязку знаходзяцца вучань, настаўнік і бацькі. Калі ўсе разам накіраваны на перамогу, то яна абавязкова будзе і не аднойчы, – дадае Таццяна Сяргееўна.
Зараз Дамініка адпачывае пасля алімпіяды, але хутка зноў пачне рыхтавацца і займацца справай, якую любіць – вывучаць родную мову.
Ірына ЛЯШКОВА. Фото аўтара.
