З любоўю да роднай зямлі. Свята вёскі Гаці

Новости Октябрьщины

Па даўняй традыцыі як раз на само Купалле жыхары населенага пункта Гаць адначасова ўрачыста і весела адзначылі свята сваёй вёскі.

Як неаднаразова гаварылася са сцэнічнай пляцоўкі падчас гэтага мерапрыемства, у вёсцы Гаць жыццё па-ранейшаму адзначаецца гарманічным і размеркаваным рытмам, а яе ўлюблёныя ў родны край жыхары шчыра клапоцяцца аб палях і агародах, захоўваюць спрадвечныя традыцыі і пераемнасць у культуры і народных абрадах і звычаях. Усе разам яны ствараюць цудоўную абшчыну, дзе кожны можа раскрыць свой патэнцыял і здольнасці, дасягнуць шчасця і дабрабыту.

Жыхароў і гасцей вёскі Гаць на пачатку свята віталі музычнымі нумарамі мясцовыя артысты з фальклорнага калектыву «Перазвоны», са шчырымі словамі прывітання звярнуўся да прысутных старшыня Ламавіцкага сельсавета Міхаіл Камзолаў. А так як у Гаці па ладу жыцця любога іншага сельскага населенага пункта асноўным родам дзейнасці з’яўляецца праца на зямлі як галоўны рэсурс, надзейны фундамент дзяржавы і абавязковая ўмова яе развіцця і росквіту, то словы падзякі ў першую чаргу заслугоўваюць менавіта работнікі палёў і ферм. І на свяце ў гэтай вёсцы кветкі і каштоўныя падарункі былі ўручаны лепшым працаўніцам жывёлагадоўчай галіны – Таццяне Белай, Людміле Званковіч, Ліліі Хенчанка, Ірыне Кайшавай, Валянціне Мельнік, Наталлі Кандратовіч.

Далей па ходу святочнага мерапрыемства віншаванні прымалі аднавяскоўцы, для якіх бягучы год адзначаны асабістымі круглымі датамі з дня нараджэння. Гэта 70-гадовыя юбіляры Галіна Мельнік, Вячаслаў Гормаш, Адам Плюцінскі, Тамара Грыдзько, Фёдар Белы, Надзея Смірнова і Тамара Луцковіч, 60-гадовыя імяніннікі Алена Хенчанка, Галіна Сухава, Тамара Брэкман, Анатоль Жаўнярчук, Тамара Трыкіша і асобна – Жанна Сямёнкіна, якой сёлета споўнілася 50. Шчырыя віншаванні, кветкі і падарункі адрасаваліся і сямейнай пары з вёскі Гаць – Івану і Майі Кароль, якія адзначаюць сапфіравае вяселле (45 гадоў сямейнага жыцця).

У ходзе святочнага віншавання былі адзначаны летнімі букетамі і падарункамі старэйшыя жыхары Гаці – Міхаіл Дзянісавіч Сяльковіч і Ганна Яфімаўна Афанасенка, а таксама бацькі самага маленькага гатчаніна, для якога 2024-ы з’яўляецца першым годам у яго жыцці, – Павел Бялько і Паліна Савіцкая.

Яшчэ шмат гучала ў той святочны купальскі вечар віншаванняў і добрых слоў у адрас тых, для каго вёска Гаць назаўсёды стала родным домам, самым дарагім куточкам. А прыўзняты бадзёры настрой усім удзельнікам мерапрыемства надавала абшырная канцэртная праграма з удзелам як мясцовых самадзейных артыстаў, так і гасцей – аматарскіх калектываў з Валосавіч Акцябрскага і Казлоўкі Светлагорскага раёнаў.

Р. S. Арганізатары свята ў вёсцы Гаць выказваюць шчырую падзяку выканаўчаму дырэктару ААТ «Ламавічы» Сяргею Бабранку, а таксама Юрыю Кулаку і Ігару Коркуцу за фінансавую падтрымку і матэрыяльную дапамогу ў правядзенні мерапрыемства.

Юрый Каспяровіч.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *