ПРЫВІТАННІ ЎДЗЕЛЬНІКАМ І ГАСЦЯМ ХІІ РЭСПУБЛІКАНСКАГА ФЕСТЫВАЛЮ ФАЛЬКЛОРНАГА МАСТАЦТВА “БЕРАГІНЯ”

Главное

Паважаныя ўдзельнікі фестывалю!
Акцябрычане і госці знакамітай Рудабелкі!
Дарагія сябры!

Нацыянальнай самабытнасцю, шматколернасцю фарбаў, шчодрасцю фантазіі, а галоўнае – атмасферай дружбы і адзінства ўваходзіць у жыццё Акцябрскага раёна і ўсёй Беларусі ХІІ Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”!

Рудабельская зямля – гэта ўнікальны край, скарбніца старадаўніх абрадаў, рамёстваў і фальклору, а яе жыхары адрозніваюцца велізарнай працавітасцю, шчырасцю і асаблівым пачуццём гумару. Фестываль “Берагіня” дапамагае нам усвядоміць сваю ролю ў сучаснай сусветнай культуры, аб’яднаць намаганні ў вывучэнні і захаванні неацэннай гістарычнай спадчыны. Наперадзе нас чакае шырокая, насычаная, цікавая праграма. У гэтыя дні Акцябрскі становіцца месцам, дзе кожны зможа адкрыць для сябе нешта новае і спазнаць нязведанае. Перакананы, ХІІ Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” пройдзе паспяхова і застанецца ў памяці кожнага госця і ўдзельніка, як яркае свята міру і дружбы, ветлівасці і гасціннасці, радасці і захаплення.

Дарагія сябры! Няхай мір, дабрабыт і згода жывуць у кожнай сям’і нашай роднай Беларусі! Няхай нашы сэрцы заўсёды будуць напоўнены верай, надзеяй і любоўю. Здароўя ўсім, творчага натхнення, яркіх стваральных перамог і мірнага неба над галавой!

А. М. Маркевіч, Міністр культуры Рэспублікі Беларусь.

Шаноўныя сябры!

Шчыра рада вітаць удзельнікаў ХІІ Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” на славутай Рудабельскай зямлі.
Народная культура заўсёды стварала і ўмацоўвала маральнае аблічча народа, была яго гістарычнай памяццю, напаўняла глыбокім зместам ўсё яго жыццё. Фальклорнае багацце народа – гэта яго духоўнае багацце.

Выхаванне павагі і гонару ў падрастаючага пакалення да культурных традыцый Беларусі, выяўленне маладых таленавітых і адораных выканаўцаў і калектываў, прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблем захавання традыцыйнай культуры Беларусі – вось важныя задачы, якія вырашаюцца дзякуючы вашай творчасці!

Арганізатары фестывалю робяць вельмі патрэбную, карысную справу. Як немагчыма, каб вырасла добрае, моцнае дрэва без каранёў, так і чалавек не можа быць развітой асобай без ведання гісторыі свайго народа, без далучэння да роднай культуры, традыцый нашых продкаў.

Народная творчасць працягвае адыгрываць важную ролю ў сучасных грамадска-культурных працэсах ва ўсім свеце і, безумоўна, спрыяе развіццю прафесійнага мастацтва.

Фестываль “Берагіня” – гэта яскравы прыклад народнай дыпламатыі, накіраваны на захаванне і прымнажэнне гістарычнай спадчыны, прыцягненне цікавасці шырокага гледача да сапраўднай традыцыйнай культуры.

Жадаю арганізатарам і ўдзельнікам фестывалю здароўя, невычэрпнай жыццёвай энергіі і творчых поспехаў на ніве адраджэння і захавання этнакультурных традыцый.

І. С. Заўгародняя, начальнік галоўнага ўпраўлення
культуры Гомельскага аблвыканкама.

Паважаныя сябры!

Сардэчна вітаю вас з нагоды правядзення чарговага Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Гэта адзін з адметнейшых і цікавейшых фестываляў, які яскрава сведчыць аб багацці і разнастайнасці беларускай народнай музычнай, спеўнай, танцавальнай спадчыны. “Берагіня” атрымала прапіску ў Акцябрскім раёне, бо фальклор быў і застаецца невычарпальнай крыніцай гэтага краю.

Сёлетні фестываль юбілейны, спаўняецца 25 гадоў з часу яго заснавання. Адраджэнне і прапаганда народнай спадчыны, якая бярэ свой пачатак ад вытокаў і вызначае нацыянальную прыналежнасць нашага народа. Праз традыцыі перадаецца моладзі павага і любоў да Радзімы. Невыпадкова ў фестывалі ўдзельнічаюць дзіцячыя і моладзевыя калектывы, а побач з імі – і знаўцы аўтэнтычнай творчасці. Гэты творчы форум – выдатная магчымасць паказаць дасягненні, прыняць удзел у разнастайных конкурсных спаборніцтвах, абмеркаваць тэндэнцыі развіцця аўтэнтычнай культуры. Поспех фестывалю забяспечваюць прафесіяналізм арганізатараў і экспертаў, зацікаўленасць удзельнікаў, святочная атмасфера, створаная на легендарнай Рудабельшчыне, добра захаваныя народныя традыцыі рэгіёна, гасціннасць і шчырасць гаспадароў.

Выказваю падзяку кожнаму з удзельнікаў фестывалю за шчодры талент, адданасць і вернасць народнай культуры. Жадаю ўсім калектывам паспяховых выступленняў, творчых адкрыццяў, а гледачам – яркіх і незабыўных сустрэч з прыгожым, непаўторным мастацтвам.

І. І. Крупко, старшыня Гомельскага аблвыканкама.

Паважаныя ўдзельнікі фестывалю “Берагіня”, госці і жыхары раёна!

Шчыра вітаю вас на нашай славутай рудабельскай зямлі! У чарговы раз Акцябршчына з вялікай радасцю і пачуццём гонару сустракае ўжо ХІІ Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва“Берагіня”. Фестываль стаў значнай і адметнай падзеяй у культурным і духоўным жыцці нашага краю, які здаўна багаты на народную, прыродную, гістарычную, сакральную спадчыну. Фальклор – гэта асаблівы свет, у нейкай ступені паралельны з сучаснай культурай. Жывы гук фальклорных спеваў, каларытныя галасы носьбітаў, таямнічасць мясцовых легенд і паданняў, музычныя творы гарманістаў, народныя строі і шмат чаго іншага. Усё ў гэтыя фестывальныя дні вабіць і ўражвае, раскрывае “чары сівой даўніны”.

Сімвалічна, што ў гэтым годзе фестываль праходзіць у дні вялікіх гістарычных падзей: 80-годдзя вызвалення раёна і ўсёй Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 85-годдзя з моманту ўтварэння Акцябрскага раёна, 70-годдзя ўтварэння гарадскога пасёлка Акцябрскі. На гісторыі і сучаснасці, пераемнасці сёння фарміруецца нацыянальная ідэя, што яднае беларусаў. У “Берагіні” яна закладзена. Гэта – любоў да Айчыны, патрыятызм, гонар за краіну. Для жыхароў Акцябршчыны “Берагіня” – гэта яшчэ і ўнікальная магчымасць прэзентаваць свой адметны край.

Хочацца адзначыць, што сёлетні фестываль праходзіць у пераўтвораным да лепшага райцэнтры: аднавілася інфраструктура, пашырыліся вуліцы і плошчы, з’явіліся новыя пляцоўкі для адпачынку і правядзення фестывальных імпрэзаў… Горад значна памаладзеў і папрыгажэў. Тут зроблена ўсё, каб удзельнікі “Берагіні” адчувалі сябе як дома, а фестывальная атмасфера садзейнічала раскрыццю талентаў і майстэрству.

Мы хочам, каб фестываль існаваў, каб не змяняў прапіскі і ў далейшым знаходзіў тут новыя гарызонты творчасці. Жадаю “Берагіні” працягу і доўгага жыцця. А ў гэтыя святочныя дні няхай над нашай Акцябршчынай свеціць ласкавае сонца, плывуць чыстыя аблокі, лунае Дабро і Радасць. Няхай сардэчнасць і дружба згуртоўваюць нас усіх у адзіны зацікаўлены арганізм.

Жадаю ўсім святочнага фестывальнага настрою, цікавых сустрэч і прыемных уражанняў!

І. М. Намочанка, старшыня Акцябрскага райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *