Каманда моваведаў

Главное Образование

Абсалютнай пераможцай у абласной алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры стала вучаніца 8 класа Акцябрскай раённай гімназіі Дамініка Казлова. Дзяўчынка набрала лепшы бал па выніках комплекснай работы. Вопыт удзелу ў інтэлектуальных спаборніцтвах, вялікі багаж ведаў, упэўненасць у сваіх сілах – усё гэта дапамагло ёй упэўнена абыйсці сваіх сапернікаў.

– Я ехала за Дыпломам І ступені і прывезла яго, – з гонарам кажа Дамініка. – За гэты вучэбны год атрымалася вельмі добра павысіць свой узровень. Па-першае, мы працягвалі крапатліва займацца з Таццянай Сяргееўнай, для гэтага выкарыстоўвалі кожную хвілінку, заставаліся пасля ўрокаў, рыхтаваліся на канікулах. Па-другое, я з’ездзіла на абласныя зборы, а потым паўдзельнічала ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Хацелася прыгожа завяршыць алімпіяду для 4-8 класаў, і ў мяне гэта атрымалася. Больш таго, ёсць матывацыя і далей займацца вывучэннем любімага прадмета, каб і ў будучым вучэбным годзе зноў паказваць добрыя вынікі.

Дамініка Казлова упэўнена: каб быць лепшым і атрымліваць дыпломы ў алімпіядах і інтэлектуальных конкурсах, трэба шмат часу адводзіць заняткам, пастаянна павышаць свой узровень, а яшчэ – ставіць мэты і дасягаць іх.

– Дамініка вельмі адказна ставіцца да заняткаў, скрупулёзна вывучае і аналізуе кожную дэталь. Упэўненасць, веды, творчы падыход, мэтанакіраванасць, жаданне вучыцца – гэтыя якасці ёсць у Дамінікі. І яны дапамагаюць ёй дабівацца добрых вынікаў, – далучаецца да размовы настаўнік дзяўчынкі Таццяна Крэч.

Летам Дамініка адправіцца ў профільны лагер у Гомель, каб працягваць вывучаць родную мову і атрымліваць веды ад лепшых настаўнікаў і выкладчыкаў вобласці.

Вучаніца 6 класа гімназіі Анастасія Майсейчук далучылася да каманды Таццяны Сяргееўны ў мінулым годзе. І другі раз дзяўчынка вяртаецца дамой з перамогай. Зараз Насця заваявала Дыплом ІІ ступені.

– Калі ехала на вобласць упершыню, то вельмі хвалявалася. А ў гэтым годзе я была больш упэўнена ў сваіх сілах. Мы так шмат працавалі, казалася, што прайшлі ўвесь матэрыял. Дзякуй Таццяне Сяргееўне за падтрымку, арганізацыю нашых заняткаў, якія заўсёды праходзяць пазітыўна і вельмі насычана, – кажа Насця, а Дамініка дапаўняе, што дзякуючы настаўніцы ў іх усё атрымліваецца.

Таццяна Сяргееўна дадае, што поспех яе вучаніц – гэта галоўны паказчык эфектыўнасці работы і матывацыя да самаўдасканалення.

Ірыны Ляшкова. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *