5 сакавіка споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння славутага беларускага пісьменніка Кандрата Крапівы

Общество

5 сакавіка споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння славутага беларускага пісьменніка, паэта, сатырыка, драматурга, перакладчыка, грамадскага дзеяча, літаратуразнаўцы Кандрата Крапівы.

Будучы народны пісьменнік Беларусі Кандрат Кандратавіч Атраховіч (яго сапраўднае прозвішча) нарадзіўся 5 сакавіка 1896 года ў вёсцы Нізок сучаснага Уздзенскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Па тым часе атрымаў добрую адукацыю: спачатку скончыў царкоўнапрыходскую школу ў роднай вёсцы, потым вучыўся ў Стаўбцоўскім і Уздзенскім народных вучылішчах. Будучы адпаведна атэставаным, настаўнічаў у школах на радзіме. Аднак першыя прафесійныя крокі Кандрата Кандратавіча былі вельмі малымі: пачалася Першая сусветная вайна, і маладога настаўніка прызвалі ў дзеючую армію. Прапаршчык Атраховіч на працягу больш года знаходзіўся на перадавой на мяжы з Румыніяй. Унікальная з’ява: пісьменнік Кандрат Крапіва – адзін з зусім нямногіх вядомых беларусаў, які з’яўляўся ветэранам адразу ўсіх войн і ўзброеных канфліктаў таго часу. Так, ён змагаўся на франтах імперыялістычнай, закрануў Грамадзянскую, прымаў удзел у вызваленчым паходзе ў Польшчу ў 1939 годзе і ў савецка-фінскай вайне. Калі пачалася Вялікая Айчынная, пісьменнік таксама быў на перадавой, працаваў у франтавых газетах, а ў 1943-1945 гадах рэдагаваў сатырычную газету-плакат “Раздавім фашысцкую гадзіну”, якая з’яўлялася моцнай ідэалагічнай зброяй, натхняла воінаў і партызан на гераічную барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў. Па некаторых звестках, легендарны плакат даходзіў і да народных мсціўцаў Акцябрска-Любанскай партызанскай зоны, у прыватнасці, да месцаў дыслакацыі партызанскіх штабоў ва ўрочышчах Зыслаў і Дзвесніца.

У літаратуру былы камандзір Чырвонай Арміі, а затым зноў настаўнік Кандрат Атраховіч прыйшоў у пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Яго першы друкаваны твор – фельетон у вершах на рускай мове “Жили-были” быў апублікаваны ў газеце “Красноармейская правда” у 1922 годзе. Затым сатырычны верш “Сваты” з’явіўся ў газеце “Савецкая Беларусь” ад 23 мая таго ж года за подпісам Кандрат Крапіва, які і застаўся за аўтарам на працягу ўсёй яго літаратурнай дзейнасці. Кандрат Кандратавіч так тлумачыў сэнс свайго трапнага псеўданіма:

Хто сустрэўся быў са мною,

Дакрануўся раз ці два,

Дык той ведае ўжо, хто я:

Я – пякучка-крапіва!

Сатырычная накіраванасць, маючая пад сабой аснову бязлітаснага аблічэння і высмейвання адмоўных чалавечых рысаў і негатыўных грамадскіх з’яў нашага жыцця, была ўласцівай для большасці літаратурных твораў Кандрата Крапівы, у тым ліку і на пачатковым этапе. Менавіта тады, стагоддзе назад, ярка праявіўся талент маладога паэта ў стварэнні такога складанага жанру, як байка. І сапраўдныя шэдэўры Кандрата Крапівы, якія даўно перажылі свой час, так і засталіся непераўзыдзенымі. Іх назвы і зараз на слыху: “Дзед і Баба”, “Сава, Асёл ды Сонца”, “Ганарысты парсюк”, “Махальнік Іваноў” і, безумоўна, вядомая і зараз напамяць многім пакаленням школьнікаў байка “Дыпламаваны баран” (Уступ “У адным сяле, не важна дзе// Хадзіў баран у чарадзе”, ці мараль “Другі баран ні “бэ” ні “мя” // А любіць гучнае імя…).

У цэлым за сваё доўгае творчае жыццё Кандрат Крапіва выдаў больш за 20 кніжак вершаваных твораў сатыры і гумару, прычым да жанру байкі ён звяртаўся пастаянна, нават будучы ва ўзросце за 80. Акрамя ўсяго іншага, славуты літаратар – аўтар звыш 10 п’ес, у ліку якіх драма “Партызаны”, прысвечаная падзеям Грамадзянскай вайны ў Беларусі (гэты твор раней быў уключаны ў школьную праграму), вострасатырычная “Брама неўміручасці”, лірычная “Пяюць жаваранкі”, аднак асобным радком сярод іх стаіць камедыя 1939 года “Хто смяецца апошнім”. Яе выхад стаў яркай з’явай не толькі ў беларускай, але і ў савецкай драматургіі ў цэлым. У гэтым творы талент Крапівы-сатырыка раскрыўся з выключнай сілай. Драматург наогул пры напісанні гэтай п’есы паказаў уласную грамадзянскую смеласць, не баючыся расказаць праўду ў гады сталінскіх рэпрэсій канца 30-х, і жорстка высмеяў шантажыстаў, невукаў, нахабнікаў, кар’ерыстаў, авантурыстаў і падхалімаў, а імёны сатырычна-камедыйных персанажаў (Гарлахвацкі, Зёлкін і іншыя) пайшлі, як кажуць, у народ.

Кандрат Крапіва за перыяд творчай дзейнасці паказаў сябе і таленавітым празаікам. Ён выдаў некалькі зборнікаў апавяданняў і публіцыстыкі і свой самы буйны твор – раман “Мядзведзічы”.

Шмат гадоў народны пісьменнік Беларусі (гэта ганаровае званне ён атрымаў у 1956 годзе) прысвяціў і навуковай працы. Кандрат Крапіва пэўны час узначальваў Інстытут мовазнаўства АН БССР, на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў з’яўляўся віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларускай ССР. Гэта пад яго рэдакцыяй былі выдадзены шматтомны “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы”, “Русско-белорусский словарь”і “Беларуска-рускі слоўнік”, “Дыялекталагічны атлас беларускай мовы”. Імі, а таксама многімі іншымі выданнямі, якія пабачылі свет пад кіраўніцтвам Крапівы, і зараз карыстаюцца студэнты і шырокае кола чытачоў і аматараў беларускага слова.

Кандрат Крапіва шмат займаўся грамадскай працай. Ён неаднаразова быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. У 1946 годзе ў складзе беларускай дэлегацыі прымаў актыўны ўдзел у рабоце 1-й сесіі Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Лондане.  

Шматгранная дзейнасць Кандрата Кандратавіча Крапівы (Атраховіча) была высока адзначана дзяржавай. Ён у 1975 годзе стаў Героем Сацыялістычнай Працы, трыма гадамі пазней – Заслужаным дзеячам навукі БССР, з’яўляўся лаўрэатам некалькіх Дзяржаўных прэмій, не лічачы многіх іншых узнагарод.

Кандрата Крапівы не стала 7 студзеня 1991 года – за ўсяго два месяцы да ўласнага 95-гадовага юбілею. І ён з годнасцю пражыў усё сваё доўгае жыццё.

У памяць аб гэтым знакамітым чалавеку імя Кандрата Крапівы прысвоена буйной навуковай установе – Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, вуліцам у Мінску, Гродна, Уздзе і Смаргоні. А мы і сёння  з гумарам, усмешкай і проста з удзячнасцю ўспамінаем героев бессмяротных твораў вялікага сатырыка, бо асобнае, аб чым ён пісаў шмат гадоў таму, застаецца актуальным і ў нашы дні.

Юрый Каспяровіч.

Фота з інтэрнета.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *