Зямля бацькоў – жыцця крыніца

Год малой родины Общество

Жыхары і госці вёскі Кавалі ў мінулую суботу з некалькі нязвыклай для гэтага невялікага населенага пункта шырынёй адзначалі сваё сельскае свята.

Там рамонак цвіце і званочак,

Кожны куст мне такі дарагі.

Вёска прашчураў, мілы куточак

З простай назваю – Кавалі…

Яе сэнсавае значэнне, па сутнасці, прафесійнае, і без кавальскай справы тут не абыйшлося. Так, калісьці наша вёска, сапраўды, славілася на ўсё наваколле сваімі кавалямі. Адсюль і пайшло прозвішча Кавалевіч, спакон распаўсюджанае сярод мясцовых жыхароў.

Раней шматлюдная, сёння наша вёска такой не лічыцца – у ёй пражывае ўсяго 53 чалавекі, пераважна пенсіянеры. Аднак кавальскія жыхары – людзі асаблівыя, дружныя, вельмі адказныя і нераўнаважныя. Якое б не адбылося ў нас мерапрыемства, усе збяруцца, як кажуць, поўным саставам, ніхто не застанецца ў баку. Нават падчас прыезду аўтамагазіна многія прыходяць на стаянку зараней, каб зноў сустрэцца адзін з адным, абмеркаваць навіны, вырашыць, якім чынам дапамагчы каму-небудзь, калі ў гэтым узнікне патрэба. Дарэчы, аўтамагазін для ўсіх нас не проста гандлёвы аб’ект, а як быццам бы своесаблівы мясцовы клуб па інтарэсах, па абмену думкамі.

Сабрацца ўсім разам у больш пашыраным складзе выпала падстава падчас свята вёскі, якое адбылося ў пасляабедзенны час у суботу, 17 жніўня. Усе рыхтаваліся да гэтай значнай падзеі зараней – рыхтавалі месца, дапамагалі ўсталёўваць дэкарацыі і рэквізіты, афармлялі выставу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, на якой экспанаваліся рэчы з сямейных архіваў – саматканыя посцілкі, ручнікі, вышываныя хусткі, андаракі і гэтак далей.

Адкрылася свята выступленнем самадзейнага калектыву “Перазвоны” з установы культуры вёскі Гаць, прывітанняў вядучых мерапрыемства Юліі Навумавай і Анастасіі Шчэцька і вызначэннем пераможцаў у першай намінацыі. Як вядома, кавалёўцы спрадвеку вельмі любяць сваю зямлю, шчыра імкнуцца зрабіць месца, дзе жывуць, прыгожым, утульным і прывабным. На шматлікія дагледжаныя і квітнеючыя падворкі і палісаднікі са здзіўленнем і нават захапленнем звяртае ўвагу кожны, хто хоць аднойчы бываў, нават праездам, у гэтай вёсцы. Таму камісіі нялёгка было вынесці рашэнне, чыя сядзіба ўсё ж такі лепшая. Іх вызначылі некалькі: гэта падворкі Юліі Мікалаеўны Коўганавай, Раісы Леанідаўны Арцюшка, Антаніны Яўгенаўны Содаль і Таццяны Цімафееўны Кавалевіч (апошняя з іх вырашыла для аздаблення вокнаў хаты замест сучасных пластыкавых шаблонаў выкарыстаць арыгінальныя разныя налічнікі з дрэва).

Лепшымі кветкаводамі вёскі Кавалі ў бягучым годзе сталі Ганна Антонаўна Зелянкевіч, Марыя Рыгораўна Сямёнкіна, Галіна Станіславаўна Навумава і Марыя Мікалаеўна Мухіна, а хатнімі гаспадынямі – Валянціна Іванаўна Велімовіч і Кацярына Пракоф’еўна Самусенка. Гэта жанчыны, а сярод мужской паловы гаспадаром нумар адзін прызнаны Валерый Сцяпанавіч Кавалевіч.

Таксама на свяце вёскі ў Кавалях былі адзначаны самыя актыўныя наведвальнікі клуба (знаходзіцца непадалёку ў аднайменным пасёлку) Наталля Навуменка з мужам Анатолем, Юлія Коўганава з мужам Уладзімірам, Кацярына Самусенка, Антаніна Содаль, Валянціна Велімовіч, Галіна Навумава з мужам Уладзімірам, а ў дадатак – лепшая спявачка і прыпевачніца Лідзія Віктараўна Балейка і самая актыўная памочніца ў многіх справах для аднавяскоўцаў Тамара Анатольеўна Занкевіч.

Па традыцыі для падобных мерапрыемстваў не абыйшлося без ушанавання параў з вялікім стажам сямейнага жыцця – віншаванні прымалі Васіль Пятровіч і Кацярына Пракоф’еўна Самусенкі, якія разам пражылі звыш 50 гадоў, і самых старэйшых жыхароў (у Кавалях гэта Галіна Барысаўна Сляпец, якой 6 жніўня споўніўся 91 год).

У адрас усіх пераможцаў, актывістаў, юбіляраў у той, нарэшце, пагодлівы суботні дзень гучалі віншаванні і музыкальныя падарункі ад самадзейных артыстаў з Гаці. У сваю чаргу яны на чале з кіраўніком самадзейнага калектыву, дырэктарам клубнай установы з гэтага населенага пункта выказалі шчырую падзяку за гасціннасць і надзвычай цёплы прыём арганізатарам  – загадчыцы клуба пасёлка Кавалі Іне Паўлаўне Кухтавай, старасту вёскі Кавалі Наталлі Сямёнаўне Коўганавай, а таксама ўсім вяскоўцам, якія прынялі самы актыўны ўдзел у свяце. Нам жа застаецца сказаць: па прыкладу падобных мерапрыемстваў часцей, азірайцеся, сябры, у мінулае, каб даць адказы на пытанні, хто я і адкуль мае карані. І тады з любоўю, спакоем у душы і на сэрцы лягчэй стане ісці наперад, у будучыню.

Ад імя ўдзячных жыхароў в. Кавалі Марыя Мікалаеўна Мухіна, ураджэнка і жыхарка гэтай вёскі, ветэран працы.

Фота прадастаўлена Інай Кухтавай.        



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *