ААТ «Ламавічы»: зімовыя барозны

Сельское хозяйство

 

Анамальна цёплае для гэтай пары года надвор’е і адсутнасць снегавога покрыва дазваляюць нашым аграрыям  без асаблівых перашкод выконваць асобныя палявыя работы, у тым ліку і падрыхтоўку глебы пад яравую сяўбу.

І хоць на календары значыцца самы разгар зімы, яна па сутнасці сёлета яшчэ і не пачыналася. Рэальна мы не бачылі сапраўднага снегу, не адчувалі бадзёрасці моцных маразоў (і пакуль невядома, ці з’явіцца гэта наогул) – такога не было ўжо даволі даўно. Штосьці падобнае назіралася па прыродных катаклізмах трыццацігадовай даўніны: бясснежныя зімы 1989 і 1990 гадоў прайшлі практычна пры плюсавой тэмпературы (у сярэдзіне лютага 1990-га поўным ходам цёк сок з бяроз). Ды і некалькі пазней, што ўжо на памяці многіх, у цёплым па-веснавому студзені 2005 і 2007 года шмат дзе ішлі, можна сказаць, шырокім фронтам палявыя работы. Быццам бы сакавіцкую карціну можна назіраць і ў гэтыя дні – у некаторых гаспадарках, у тым ліку і на Акцябршчыне, вывозяць і ўносяць арганіку і нават рыхтуюць глебу пад будучыя яравыя палеткі.

У 20-х чыслах студзеня палявыя работы накшталт веснавых былі разгорнуты ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Ламавічы”. Пачаць вырашылі з навядзення парадку на сельгасугоддзях ва ўрочышчы Селішча, што непадалёку ад цэнтра гаспадаркі. Зараней падрыхтаваныя бурты гною на краю поля пусцілі ў справу, не чакаючы вясны. На працягу 5 дзён гэтую арганіку вывезлі і раскідалі побач, на 25-гектарнай плошчы былых участкаў шматгадовых траў, якія з цягам часу сталі непрадукцыйнымі і іх вырашылі пераараць. З распачатымі палявымі работамі мясцовыя аграрыі спраўляюцца ў асноўным самі, толькі на вывазцы і ўнясенні арганічных угнаенняў выкарыстоўвалі адну адзінку тэхнікі з абслугоўваючай арганізацыі – УП “Акцябраграхімія”.

У мінулы аўторак тут жа, у Селішчы, прыступілі да другога этапу падрыхтоўчых мерапрыемстваў – ворыва і дыскавання глебы. Як падкрэслілі прысутнічаючыя на полі вопытныя спецыялісты агранамічнай службы ААТ “Ламавічы” Генадзь Пазняк і Віктар Бугаенка, надвор’е, якое зараз усталявалася, спрыяе ворыўным работам нават лепш, чым было б, напрыклад, падчас зацяжной вясны: на бягучы момант зямля не пераўвільготненая, дзярніна слабая і лепш паддаецца апрацоўцы. На падрыхтоўцы глебы ў той дзень былі задзейнічаны мясцовыя механізатары Уладзімір Кротаў на энерганасычаным трактары “Беларус-2022” з балотным трохкорпусным плугам ПБН-3.50 і Сямён Долбік на трактары МТЗ-1221 з агрэгатам БДТ-3. Па сведчанню саміх хлебаробаў, тэхніка на праблемных некалі участках зараз ідзе лёгка, не грузне, таму і прастояў няма. У такіх умовах таму ж аратаму Уладзіміру Кротаву ўдаецца выконваць дзённую норму ў 8 гектараў ворыва і нават перакрываць яе. У іншы час, пры іншым надвор’і такога, магчыма, яму праблематычна было б зрабіць.

Вышэйназваныя работы ў “Ламавічах”, безумоўна, маглі б ісці і больш высокімі тэмпамі, каб не традыцыйны для гэтага часу дэфіцыт паліва. Не абыйшлося і без старонняй дапамогі. Так, на днях выйшаў са строю пагрузчык “Амкадор”, замест якога прыйшла адпаведная тэхніка з раённага аграсервісу, выручыла і аграхімія. Справіўшыся з арганікай на ўказаным вышэй участку, мехатрад у аўторак пераехаў у другое месца. Ва ўрочышчы Чарнякоў хутар механізавана вялася ачыстка ад гною кашары, дзе ў летне-пашавы перыяд утрымліваліся цёлкі. Далей арганіку вывозілі на будучыя яравыя палеткі і адразу ўносілі яе ў глебу. На даным участку работ шчыравалі машыніст пагрузчыка “Амкадор-332” ААТ “Акцябррайаграсервіс” Сяргей Бабун, механізатары на ўнясенні арганічных угнаенняў Андрэй Шаўко з ААТ “Ламавічы” (трактар МТЗ-1221 з раскідвальнікам ПРТ-7) і прадстаўнік УП “Акцябраграхімія” Юрый Кузняцоў на магутным “Беларусу-3022”, аснашчаным агрэгатам МТУ-15.

Усяго ў студзені пад яравую сяўбу на палеткі адкрытага акцыянернага таварыства “Ламавічы” было вывезена звыш 10 тысяч тон арганічных угнаенняў, каля 5,5 тысячы тон галоўнага “эліксіру палёў” ужо ўнесена ў глебу. Як адзначаюць ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, па станоўчаму прыкладу ламавіцкіх хлебаробаў неабходна арганізаваць падрыхтоўчыя палявыя работы і іншым гаспадаркам раёна. Такі шанц, калі надвор’е дазваляе выходзіць трактарам з раскідвальнікамі ўгнаенняў, плугамі і дыскатарамі яшчэ ў разгар зімы, даецца далёка не заўсёды. Зараз прырода сама спрыяе аграрыям у іх справах, а як яна павядзе сябе ў тым жа сакавіку-красавіку, невядома. І чым больш зробіш цяпер, тым прасцей стане вясною, каб адсеяцца без страт і ў аптымальныя тэрміны. Такая тактыка, прычым, правільная, пацвярджаецца пэўным вопытам мінулых гадоў.

Юрый Каспяровіч.

Фота аўтара.          



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *