Заслужаная перамога

Общество

8 снежня на базе гімназіі №36 г. Гомеля імя Івана Мележа адбыўся абласны конкурс рытарычнага майстэрства «Гавары са мной па-беларуску». У гэты раз у спаборніцтве ўдзельнічалі вучні, якія з’яўляліся пераможцамі другога этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Акцябрскі раён прадстаўлялі адзінаццацікласнік Ілля Еўжанка (сярэдняя школа №2) і девяцікласніца Аміна Назарава (раённая гімназія). Па выніках конкурсу яны былі ўзнагароджаны Дыпломамі II ступені.

— На гэты конкурс мы ездзілі ўпершыню, — расказвае настаўнік беларускай мовы і літаратуры раённай гімназіі Таццяна Сяргееўна Крэч.– Рыхтаваліся да яго вельмі сур’ёзна і адказна, таму што гэта першая ступенька да трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіады, які пройдзе ў студзені.  Аміна – старанная вучаніца, працавітая, адказная, мэтанакіраваная. Неаднаразова з’яўлялася ўдзельніцай і пераможцай алімпіяд па беларускай мове. Яна з тых дзяцей, якія дакладна ведаюць, чаго хочуць. Яна максімаліст, і, як паказвае практыка, менавіта такія вучні, якія жывуць па прынцыпу “ўсё ці нічога”, дабіваюцца многага. Перамога Аміны – гэта вынік крапатлівай працы, прычым не аднаго дня.

Падрыхтоўка да конкурсу – вельмі складаная праца. У гэтым упэўнены і яшчэ адін пераможца – прадстаўнік СШ №2 Ілля Еўжанка, вядомы як пастаянны ўдзельнік розных конкурсаў, вядучы на школьных мерапрыемствах. Таленавіты, адораны, ён заўсёды ідзе да сваёй мэты, каб дасягнуць яе. У гэтым годзе прымаў удзел у другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі, англійскай і беларускай мове. На падрыхтоўку да конкурсу рытарычнага майстэрства было дадзена толькі тры дні, аднак Ілля паспеў усё зрабіць, што ад яго патрабавалася, выступіў вельмі добра на самім спаборніцтве, нават сам не чакаў, што пройдзе ўсе этапы, і, як вынік, – заслужаная ўзнагарода.

Безумоўна, ва ўсіх удзельнікаў прысутнічала хваляванне. Аднак якім шчасцем і для вучня, і для настаўніка становіцца перамога, якая з’яўляецца вынікам іх сумеснай працы.

Віншуем Аміну і Іллю! Жадаем ім натхнення на новыя дасягненні і далейшых поспехаў.

Аксана Борсук. Фота прадастаўлена Акцябрскай раённай гімназіяй.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *