З партызанскай сцежкі на прасторы жыцця …вывеў лёс героя сённяшняй публікацыі

Общество

DSC_0840

Пра гады Вялікай Айчыннай вайны шмат напісана, праспявана вялікая колькасць песень, знята многа тэлеперадач. Той час стаў для беларусаў жудасным адбіткам у памяці. Гэта ведаюць амаль што ўсе. Калі падумаць, наша пакаленне – апошняе, хто бачыць ветэранаў. Ад гэтага становіцца не па сабе. Бо як, праз некалькі гадоў, без гэтых людзей святкаваць Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у поўнай меры, азіраючыся на бляск іх медалёў? Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны – галоўныя героі святаў, самыя важныя людзі, якія былі гатовы змагацца з ворагам у любы час дзеля сваёй Радзімы. Гэта, безумоўна, заслугоўвае ўвагі.
Асабліва цікава знаёміцца з пэўным чалавекам – ветэранам, даведвацца пра яго жыццё і лёс. Кожны расказвае гісторыю, ад якой шчыміць у сэрцы, ваенную гісторыю, якая ў кожнага мае свой прамежак часу. Хтосьці сустрэў вайну, калі яму было 20-30 гадоў, а хтосьці – і ў 10-15. Ці магчыма ўявіць сабе тое, што хлопчык адзінаццаці-дванаццаці гадоў пойдзе на фронт? Зараз – не, бо сёння дзеці гуляюць з сябрамі на вуліцы, не адыходзяць ад любімага камп’ютэра, вельмі неахвотна дапамагаюць матулі па гаспадарцы. А ў ваенны час супраць гітлераўскіх акупантаў дзейнічала цэлая армія хлопчыкаў і дзяўчат. Іх кожны крок насустрач перамозе быў вялікай рызыкай, ды яшчэ патрабаваў паказваць свае ўменні і ваенную падрыхтоўку не горш, чым старэйшыя таварышы. Гэта ўжо не проста дзеці. Яны – дзеці вайны. Размінёры, падпольшчыкі, партызаны…
Аркадзь Афанасьевіч Раговіч – адзін з такіх дзяцей. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яму было толькі 15 гадоў. Бацька пайшоў на фронт, а хлопец застаўся з матуляй і пяцігадовай сястрычкай. Ён разумеў, што, акрамя яго, ніхто маці не дапаможа, таму выконваў усю цяжкую работу. А калі Аркадзю споўнілася 16 гадоў, ён ужо быў байцом партызанскага атрада. Ніхто не глядзеў на яго ўзрост. На вайне ўсе роўныя, табе не дадуць “паблажкі”. Хадзіў на падрывы, у разведку. Не раз думаў пра тое, што трапіць у засаду, у “лапы” ворагу або сутыкнецца адзін на адзін з фашыстам, таму было вельмі страшна. Перажыў. Змог. Адбылося. Вузкія партызанскія сцежкі прывялі яго да прызыўнога пункта ў вызваленых Калінкавічах. У 1944 годзе па павестцы пайшоў на фронт. Камандзір сказаў: “У каго ёсць сярэдняя адукацыя – два крокі ўперад”. Аркадзь закончыў усяго 7 класаў, але не разгубіўся, ступіў. І яго разам з іншымі навабранцамі адправілі ў Калодзішчы, а потым на фронт. Ветэран расказвае, што не раз глядзеў у твар смерці, пачынаючы яшчэ з партызаншчыны, дома. Упершыню гэта было так: пайшоў Аркадзь гнаць сваю карову ў Парычы, як наказаў яму стараста, і раптам убачыў немцаў. Адзін глуханямы вясковец, які стаяў каля Аркадзя, штурхнуў яго на немца. Той раззлаваўся, падумаў, што хлопец збіраецца забіць яго, і пачаў хлястаць Аркадзя па голаму целу. Боль быў нясцерпны. Але дапамагла суседка. Яна выбегла, пачала адцягваць момант, каб Аркадзь змог уцячы. Гэты выпадак і шанец, які дало жыццё, наш ветэран запомніў назаўсёды. Памятаў і тады, калі трэба было размініраваць дарогу. Для гэтай справы патрабавалася вялікая канцэнтрацыя ўвагі і пільнасці. Адзін штуршок – і ты мярцвяк. Байцам вельмі дапамагала інтуіцыя і дысцыпліна. Аркадзь Афанасьевіч успамінае: “Было і такое, што ўласаўцы (здраднікі) акружылі з усіх бакоў і сталі пытаць, хто я такі, дзе знаходзіцца атрад. Я маўчаў, а яны запіхнулі мяне ў машыну і наказалі паказваць дарогу. Калі ехаў, у галаве былі думкі толькі аб тым, як выйсці з гэтага цяжкага становішча. Але адказу я не знаходзіў. Калі прыпыніліся на перакур, уласаўцы сачылі за кожным маім крокам, не давалі нават папіць вады. Думка была адна: хутчэй выратавацца. Я пачаў разглядваць карту мясцовасці, зразумеў, куды трэба бегчы, і рвануў у каноплі, пакуль яны не бачылі. Дайшоў да атрада, усё расказаў хлопцам. Колькі раз трапляў пад прыцэл кулямёту, – гаворыць ветэран, – але заўсёды абыходзілася. Толькі калі заставалася некалькі кіламетраў да Берліна, быў цяжка паранены”.
Аркадзь Афанасьевіч за сваё жыццё быў і танкістам, і разведчыкам, і загадчыкам мясцовага клуба. Акрамя таго, ён мае шмат медалёў, розных ганаровых грамат і падзяк. Яно і не дзіўна. Гэта мужны і смелы чалавек ды яшчэ з вялікім, добрым сэрцам. Таму ідуць і ідуць да ветэрана, нягледзячы на тое, што ён ужо шмат разоў расказваў пра сваё ваеннае жыццё. Кожны раз аповед гучыць, як упершыню, а гутарка зараджае слухача аптымізмам.
Нягледзячы на ўсе выпрабаванні лёсу, у жыцці Аркадзя Афанасьевіча было і ёсць тое, што дае яго сэрцу цеплыню і спакой, – сям’я. Вось што гаворыць сам ветэран: “Сапраўдны мужчына – гэта той, хто не баіцца цяжкасцей, той, хто любіць і аберагае сваю сям’ю да апошніх дзён. Бо сям’я – адзінае сапраўднае багацце”.
Жонка Аркадзя Афанасьевіча, Марыя Рыгораўна, настаўнік рускай мовы і літаратуры з саракагадовым стажам. У свой час яна была ўзнагароджана медалём “За доблесную працу” і іншымі шматлікімі граматамі. З мужам Марыя Рыгораўна жыве ўжо больш за 60 гадоў. Яна гаворыць: “Калі сустрэла маладога байца, гэта было каханне з першага позірку. У ім было ідэальна амаль што ўсё. Але пачалі сустракацца не адразу, толькі праз 3 гады, бо ўмоў для сямейнага жыцця не было. А ў 1954 годзе мы ажаніліся. Гэта было свята толькі для нас дваіх. Потым пабудавалі сабе хату, нарадзіліся дзеці. Была магчымасць пераехаць з Новай Дубровы ў Бабруйск, але мы так палюбілі гэтыя прыгожыя мясціны, цішыню і спакой, што вырашылі застацца тут назаўсёды”.
Пасля размовы з такімі цікавымі і надзвычайна сталымі людзьмі апаноўвае гонар, бо яны жывуць менавіта ў нашым куточку. Нягледзячы на перэпетыі жыцця, паважаны ўзрост, Аркадзь Афанасьевіч і Марыя Рыгораўна жывуць душа ў душу, цэняць кожны момант, праведзены разам. Пераканалася: няма былых воінаў, былых партызанаў. Ёсць барацьбіты за жыццё і па жыцці. Таму, дзякуючы менавіта такім людзям, мы і жывем сёння ў прыгожай краіне Беларусі.
Прыміце, паважаныя ветэраны, пажаданні ад нас, маладога пакалення. Няхай побач з вамі заўсёды будуць самыя блізкія і родныя людзі, якія нададуць вам аптымізму і настрою. Моцнага вам здароўя!
Дар’я ШЛАПАКОВА, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *