Юбілейная “Берагіня” запрашае

Культура

 

Прайшло  20 гадоў з часу зараджэння вытокаў фальклорнага фестывальнага руху “Берагіня”. Раз у два гады адбываецца заключны маштабны форум. Сёлета “Берагіні” спаўняецца 10 гадоў! Гарадскі пасёлак Акцябрскі Гомельскай вобласці ў чарговы раз з 20 па 24 чэрвеня гасцінна адчыніць  дзверы для правядзення захапляльных конкурсных імпрэзаў фестывалю.

Юбілейная  “Берагіня”  сімвалічна супадае з Годам малой Радзімы. Фестываль – цудоўная магчымасць для беларусаў выявіць сваё, паказаць адно аднаму, чым багаты іх край. У заключных імпрэзах прымуць  ўдзел амаль 50 фальклорных калектываў з Беларусі і калектывы з Замежжа. Сярод гасцей – ансамбль “Красная горка” (г. Бранск), народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Вячоркі” (г. Цюмень), фальклорная група “Madara”(г. Пылва, Эстонія) моладзёжна-фальклорная студыя “Banga” (г. Рыга, Латвія),  народны майстра з Даніі і іншыя.

Звыш 800 удзельнікаў і гасцей фестывалю з’едуцца да нас, каб прадэманстраваць сваё майстэрства па захаванні  і развіцці  народнай спадчыны.У чарговы раз гарадскі пасёлак ператворыцца ў адну вялікую святочную пляцоўку.

Акцябрскі раён будуць прадстаўляць  аўтэнтычныя гурты –  “Перазвоны” (Гацкі ЦКДД), “Купалінка” (Пратасаўскі СДНТ), “Шчадрухі” (Забалацкі СК) і дзіцячыя ўзорныя фальклорныя ансамблі – “Рудабельскія зорачкі”(ДУК “Акцябрскі цэнтр вольнага часу”),  “Праменьчыкі” (ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў”), “Некрашынка” (Валосавіцкі СДНТ), “Цярэшкавы шчодрыкі” (Рассветаўскі КСК).

Праграма фестывалю прадугледжвае паказ  абавязковага  выступлення фальклорных калектываў у  адпаведных інструментальных і танцавальна-спеўных намінацыях, удзелу ў конкурсах і турнірах. Гледачам свае канцэртныя праграмы прадставяць замежныя калектывы-госці і калектывы-пераможцы фестывалю мінулых гадоў.   Падчас свята будуць праводзіцца майстар-класы народнага танца, традыцыйных спеваў, інструментальнага выканальніцтва, традыцыйных рамёстваў, пляценне купальскіх вянкоў, гледачоў чакаюць выступленні народных апавядальнікаў, гульнёва-забаўляльныя праграммы, выставы-продажы вырабаў народных майстроў. Праграма фестывальнага жыцця  мае быць насычанай, з абавязковым удзелам апантаных даследчыкаў, экспертаў, педагогаў, дзяцей.  

Фестываль  у чарговы раз нагадае ўсім пра каштоўнасць і самавартасць традыцыйнай народнай культуры. Няхай жа ў вянку аўтэнтычнай спадчыны, у стылі бязмежнай захопленасці справай, у атмасферы чыстай “берагінскай” творчасці ўмацоўваецца  дружба,  нараджаецца апантанасць, раскрываецца  майстэрства, адкрываюцца новыя старонкі беларускай народнай культуры.

Людміла ВЫРВІЧ, метадыст ДУК “Цэнтр культурна-дасугавай дзейнасці



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *