Ёсць Рудабельская фальклорная рэспубліка!

Общество

IMG_1101

Перад адкрыццём фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня» адбылася прэс-канферэнцыя, на якой яго арганізатары і прысутныя падзяліліся сваімі думкамі і меркаваннямі наконт вывучэння і захавання народных традыцый, этнакультурнага выхавання моладзі, ролі «Берагіні» ў адраджэнні і развіцці рэгіянальных форм традыцыйнай культуры Беларусі. Таксама былі выказаны словы падзякі абласной і мясцовай уладам за падтрымку фестывальнага руху, за разуменне ролі і месца этнаграфічнай спадчыны ў нашым жыцці.

На прэс-канферэнцыі ішла размова аб тым, што фестываль набывае статус міжнароднага. Колькасць замежных удзельнікаў сведчыць аб аўтарытэтнасці «Берагіні» ў іншых краінах. Сёлета фестываль праходзіць пад эгідай ЮНЕСКА ў рамках Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, што, безумоўна, з’яўляецца доказам яго значнасці ў справе захавання традыцыйнага мастацтва.
Як адзначыў старшыня савета экспертаў, загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў В. В. Калацэй,“Берагіня” з’яўляецца прыкладам, як патрэбна шанаваць і берагчы роднае насенне – непаўторныя народныя нацыянальныя традыцыі. Зерне, пасеянае “Берагіняй”, дае вельмі добрыя ўзыходы. Людзі, якія некалі ўпершыню выйшлі на сцэну, як носьбіты мастацтва сваёй малой радзімы, сталі прызнанымі спецыялістамі і сёння прысутнічаюць як педагогі, артысты, работнікі культуры і нясуць мастацтва вусных народных традыцый у 21 стагоддзі.
Святам, якое закранае душу, назваў «Берагіню» А. І. Бутэвіч, старшыня грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Анатоль Іванавіч адзначыў, што ў гады вайны існавала няскораная Рудабельская рэспубліка, якая сведчыла аб адданасці людзей роднай зямлі, адданасці тым ідэалам, за якія яны змагаліся. «На мой погляд, існуе на гэтай зямлі Рудабельская фальклорная рэспубліка, – працягнуў ён. – Ну дзе вы бачылі, каб у адным раённым цэнтры з году ў год збіраліся лепшыя прадстаўнікі фальклору? Фестываляў у нашай краіне шмат. Але гэта адзіны фестываль, дзе да фальклору непасрэдна далучаюцца дзеці. Значыць, пасеянае на фестывалі прарасце, узыйдзе. “Берагіня” спрыяе захаванню і шанаванню свайго, роднага, таго, што вырасла з маці, таго, што ўваходзіць у свядомасць дзіцяці разам з усведамленнем сябе гаспадаром гэтай зямлі і тады разам з гэтым з’яўляецца вялікае пачуццё Радзімы».
Этнахарэолаг, аўтар ідэі і канцэпцыі «Берагіні», навуковы і мастацкі кіраўнік праекта М. А. Козенка адзначыў, што з кожным фестывалем з’яўляюцца новыя імёны, новыя асобы, геаграфія яго з года ў год пашыраецца. На сёлетнім фестывалі ўпершыню адбудзецца конкурс музычных інструментальных капэл, будуць прадстаўлены новыя танцы – «Жабка», «Чобаты» і некаторыя іншыя.
Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня» дынамічна развіваецца, уключае ў свае імпрэзы ўсё новыя і новыя віды і формы мастацтва беларусаў, зберагае нашу спадчыну і далей нясе яе да нашчадкаў.
Алена СТАРЫНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *