Выпускныя вечары пройдуць 10–11 чэрвеня

Образование Общество


Фота Анатоля Кляшчука.

Міністэрства адукацыі вызначылася з датамі правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў, звязаных з заканчэннем навучальнага года, і выпускных экзаменаў. Апошнія званкі для вучняў 9-х і 11-х класаў прагучаць 30 мая. Выпускныя вечары для адзінаццацікласнікаў Міністэрства адукацыі рэкамендуе правесці 10–11 чэрвеня.


3 1 па 9 чэрвеня ў школах пройдуць выпускныя экзамены на ІІ і ІІІ ступенях навучання.

Выпускнікі 11-х класаў будуць здаваць чатыры абавязковыя экзамены. Пісьмовыя іспыты па рускай або беларускай мове (па выбары) і матэматыцы пройдуць 1, 3 і 5 чэрвеня. Тэксты і заданні для правядзення выпускных экзаменаў у пісьмовай форме будуць аб’яўляцца па радыё і тэлебачанні, а таксама размяшчацца на партале Міністэрства адукацыі. Навучэнцы сярэдніх школ, у якіх было арганізавана вывучэнне гэтых прадметаў на павышаным узроўні, будуць пісаць пераказ і экзаменацыйную работу па матэматыцы па адрозных заданнях і тэкстах. Акрамя таго, адзінаццацікласнікам трэба будзе здаць вусны экзамен па замежнай мове і гісторыі Беларусі.

Пасля заканчэння базавай школы вучні будуць здаваць тры экзамены: беларускую мову (дыктоўку), рускую мову (дыктоўку) і матэматыку пісьмова. Даты правядзення пісьмовых экзаменаў 2, 4 і 9 чэрвеня.

Ва ўстановах адукацыі, дзе навучанне і выхаванне вядзецца на польскай і літоўскай мовах, для навучэнцаў 9-х і 11-х класаў праводзяцца выпускныя экзамены ў пісьмовай форме па мове нацыянальнай меншасці: 21 мая — у 9-х класах і 22 мая — у 11-х класах.

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі пры правядзенні выпускных экзаменаў у пісьмовай форме (за выключэннем выпускнога іспыту па матэматыцы) у класах інтэграванага навучання і выхавання ствараюцца дзве экзаменацыйныя камісіі і выдзяляюцца два асобныя памяшканні для правядзення выпускных экзаменаў.

У 2019/2020 навучальным годзе завяршаюць навучанне адзінаццацікласнікі, якія ў рамках вучэбнага прадмета «Працоўнае навучанне» асвойвалі адукацыйную праграму прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых). Гадавая адзнака па прадмеце «Працоўнае навучанне» ім будзе выстаўляцца як сярэдняе арыфметычнае адзнак, атрыманых па выніках кожнай чвэрці. У атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі выстаўляецца гадавая адзнака па працоўным навучанні, атрыманая ў XI класе.Калі навучэнцы адзінаццатых класаў засвоілі ў поўным аб’ёме змест праграмы прафесійнай падрыхтоўкі, то яны могуць здаць кваліфікацыйны экзамен, які не з’яўляецца абавязковым. Адзнака на кваліфікацыйным экзамене не ўплывае на адзнаку, выстаўленую ў атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі па вучэбным прадмеце «Працоўнае навучанне».

Да кваліфікацыйнага экзамену дапускаюцца навучэнцы, якія выканалі ў поўным аб’ёме патрабаванні вучэбна-праграмнай дакументацыі і маюць выніковую адзнаку па вучэбным прадмеце «Працоўнае навучанне» не ніжэй за 3 балы. Пры ўмове паспяховай яго здачы выпускніку выдаецца пасведчанне ўстаноўленага ўзору аб прысваенні яму кваліфікацыйнага разраду (класа, катэгорыi) па прафесii.

Надзея НІКАЛАЕВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *