Вучаніцы Акцябрскай раённай гімназіі сталі пераможцамі абласной алімпіяды па беларускай мове.

Главное Образование Общество

Трэба ведаць усё, і нават больш

Адразу дзве вучаніцы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Акцябрскай раённай гімназіі Таццяны Сяргееўны Крэч сталі пераможцамі абласной алімпіяды. Адзінаццацікласніца Аміна Назарава і дзевяцікласніца Паліна Арчугова ўключаны ў каманду Гомельскай вобласці і будуць прадстаўляць Гомельшчыну на рэспубліцы. У Аміны Дыплом І ступені і яна абсалютная пераможца, Паліна заваявала Дыплом ІІ ступені.

Аміна Назарава, Таццяна Сяргееўна, Паліна Арчугова

Трэці этап рэспубліканскай алімпіяды праходзіў у Гомелі на мінулым тыдні. У гэты раз з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі маштабнага адкрыцця і закрыцця інтэлектуальнага спаборніцтва не праводзілася, таксама не было і іншых забаўляльных мерапрыемстваў. Таму ўсе думкі ўдзельнікаў алімпіяды былі накіраваны на вучобу. Адным з самых складаных тураў спаборніцтва па беларускай мове і літаратуры з’яўляецца напісанне водгуку на літаратурны твор.Менавіта з гэтага задання і пачалася алімпіяда. І Аміне, і Паліне для водгуку былі прапанаваны вершы Уладзіміра Караткевіча.

— Мы мэтанакіравана рабілі ўпор на беларускіх пісьменнікаў-юбіляраў. Зразумела, дасканала вывучалі і творчасць Караткевіча, — расказвае Таццяна Сяргееўна. – Але менавіта гэтыя вершы мы не разбіралі, аднак дзяўчаты добра справіліся з вельмі складаным заданнем.

— Я напісала водгук на 4 лісты, — дапаўняе Паліна. – І ў мяне, і ў Аміны амаль самыя высокія балы за гэта заданне: з 40 магчымых нам паставілі па 34 балы.

— Лічу,  што гэта вельмі добры вынік, паколькі ж работы правяраюць выкладчыкі, навукоўцы, дактары навук, прафесары, — каментуе Таццяна Сяргееўна.

Другі тур алімпіяды быў прысвечаны выкананню комплеснай работы, якая складаецца з дзесяці заданняў, з іх сем – па мове, тры – па літаратуры. Як кажа настаўніца, пытанні былі рознага характару. Многія з іх былі творчыя, напрыклад, скласці рэцэпт элегіі, оды… Некаторыя менавіта па раздзелах беларускай мовы. А іншыя і вельмі закручаныя, дзе і ў настаўнікаў узнікалі пытанні. Неабходна было дасканала разбірацца ў мастацкай літаратуры, добра ведаць і творы, і жыццёвы шлях пісьменнікаў.

— Я рада, што дзяўчаты некаторыя заданні комплекснай работы выканалі без адзінай памылкі і атрымалі вышэйшыя балы, — падкрэслівае Таццяна Сяргееўна.

— Мы некаторыя тэмы настолькі паглыблена вывучалі, што такія грунтоўныя веды нам і не спатрэбіліся, – кажа Аміна. – Напрыклад, да якіх толькі фразеалагізмаў мы з Таццянай Сяргееўнай не дабіраліся, а на алімпіядзе нам патрапілі не вельмі складаныя фразеалагізмы з лічэбнікамі. І так са многімі заданнямі атрымалася. Але, адзначу, што менавіта наша моцная падрыхтоўка і дала свае вынікі. Каб  пермагчы на алімпіядзе, трэба ведаць усё і нават яшчэ больш.

У гэтым годзе ў Аміны было 29 сапернікаў, а ў Паліны яшчэ больш – 38. Трэба дадаць, што на Дыпломы пераможцаў прэтэндуюць вучні гарадскіх гімназій і ліцэяў, таму барацьба была вельмі складанай. Але акцябрскія дзяўчаты змаглі даказаць, што беларускую мову і літаратуру яны ведаюць добра. За што безумоўна ўдзячны сваёй настаўніцы, якая аддае іх падрыхтоўцы шмат часу, сіл, энергіі.

Пра падтрыхтоўку дзяўчат неабходна сказаць асобна. Канікулы,выхадныя ці святочныя дні – для каманды Таццяны Сяргееўны няма ніякай розніцы. Займаліся яны па некалькі часоў у дзень. Перапынак зрабілі 31 снежня, а ў новым годзе прыступілі да падтрыхтоўкі зноў. Дома ж і вучаніцы, і іх настаўніца працавалі без выхадных. Дзяўчаты выконвалі заданні, а Таццяна Сяргееўна рыхтавалася сама і шукала новыя і новыя матэрыялы.  Па словах  настаўніцы, Аміна і Паліна вельмі адказныя, добрасумленныя вучаніцы. Іх можна назваць сапраўднымі працаголікамі.

— Колькі б заданняў я ім не дала зрабіць – яны ўсё выканаюць, прачытаюць, разбяруць. Да алміпіяды дзяўчаты сталі рыхтавацца яшчэ летам, калі чыталі мастацкія творы беларускіх пісьменнікаў. А з пачаткам вучобы пра чытанне не забывалі. А гэта ж вялікі плюс, калі вучань ведае творы, калі ён чытае і ўзбагачае гэтым слоўнікавы запас. Аміна і Паліна чытаюць з задавальненнем, што не можа мяне, як настаўніцу, не радаваць, —  педагог не шкадуе добрых слоў для сваіх вучаніц.

Таццяна Сяргееўна кажа, што ўдзячна настаўнікам пачатковых класаў, якія заўважылі здольнасці дзяўчат і прапанавалі ім займацца беларускай мовай. Вера Аляксандраўна Каваленка, Антаніна Міхайлаўна Гуткоўская і Ніна Фёдараўна Круглова – гэта настаўніцы, ад якіх Аміна і Паліна пачулі беларускае слова і захапіліся ім. Падзяку выказвае Таццяна Сяргееўна і бацькам сваіх вучаніц, якія заўсёды ідуць насустрач, дырэктару гімназіі Ліліі Анатольеўне Булгакавай і яе намесніку Андрэю Васільевічу Кадолу за падтрымку.

Першае месца ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды гарантуе Аміне 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні. Можна сказаць, што стобальны сертыфікат ужо ў кішэні таленавітай вучаніцы. Увогуле за гады вучобы ў школе Аміна Назарава перамагала ў кожным конкурсе па беларускай мове, якія праводзяцца ў Гомельскай вобласці.

У Паліны Арчуговай усё наперадзе, калі казаць пра рэспубліку. Хаця і ў яе ўжо вельмі добрыя вынікі. Займацца паглыбленым вывучэннем беларускай мовы дзяўчына пачала яшчэ ў пачатковай школе. Тады ж яна ўпершыню і прыняла ўдзел у абласной алімпіядзе для вучняў 4-8 класаў. Пачынаючы з пятага класа, Паліна прыязджала дадому з перамогай. І вось у алімпіядзе для старшакласнікаў гімназістка выступіла больш чым удала. Дыплом другой ступені – ужо выдатна,  а яшчэ з’явілася магчымасць паехаць на заключны этап алімпіяды.

Зараз дзяўчаты адпачываюць, але хутка пачнуць рыхтавацца зноў. Рэспубліка – гэта новы ўзровень, наступная прыступка, яшчэ адзін шанс прадэманстраваць свае веды і сілы.

Спыняцца на дасягнутым Таццяна Сяргееўна не збіраецца: надта шмат у яе самой і яе навучэнцаў шмат новых арыгінальных задум. 

Ірына ЛЯШКОВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *