Воземля. Акцябрскі сельскі Савет

Общество

 

Дзіўна, але акружаная з усіх бакоў лесам маланаселеная вёска Воземля не менш каларытная, чым іншыя мясціны Акцябршчыны. І хаця няма ў гэтым аддаленым ад райцэнтра куточку гарадской мітусні і цывілізацыі, але ён прываблівае іншым: загадкавай цішынёй і шырокім раздоллем мясцовых прастораў. Вуліцы гэтай глыбінкі абуджаюцца гамонкай толькі ў грыбны ды ягадны сезон, калі сюды прыязджаюць дачнікі ці дзеці з унукамі да сваіх састарэлых бацькоў. У гэтых шчодрых лясах прыроднага багацця заўсёды хапае, таму абавязкова назбіраеш чаго-небудзь. Ведаць бы толькі, дзе растуць тыя ягады ці грыбы, і пустым з лесу ніколі не вернешся.

Амаль што да нядаўняга часу вазіла з лесу чарніцы і мясцовая жыхарка Ніна Ігнацьеўна Забіран. Нягледзячы на свой сталы ўзрост (у снежні яна адзначыць семдзесят пяць гадоў), руплівая, жвавая бабуля Ніна ўпэўнена садзіцца на веласіпед і ляснымі сцяжынкамі, якія вядомыя толькі ёй адной, хуценька дабіраецца да іх – тых самых спелых, сакавітых ягадак. Мяне вельмі ўразіла тое, што гэтая спрытная сялянка на восьмым дзясятку так добра кіруе гэтым надзейным двухколавым транспартным сродкам. Таму па-добраму нават пазайздросціла яе ўпэўненасці і энергічнасці.
– А што тут такога? – пажымаючы плячыма, спытала Ніна Ігнацьеўна. – Мой узрост вас здзіўляе? Не звяртайце ўвагі, бо гэта для мяне не перашкода. Я амаль што ўсё сваё жыццё на веласіпедзе праездзіла: то на працу, то ў лес, то на поле. Не так даўно дзеці ўжо новы падаравалі. Так што, як кажуць, я заўсёды ў «поўнай гатоўнасці».
Такая яна, Ніна Ігнацьеўна – увесь час і ва ўсім першая: аптымістычная, жыццялюбівая, добразычлівая, спагадлівая і лагодная да людзей. Яна ўражвае сваёй прыстасаванасцю да жыцця, тым, што, шмат перажыўшы, зберагла ў сабе ўсе лепшыя чалавечыя якасці. Ужо з маленства, як і шматлікія яе аднагодкі, спасцігла цяжкасці няпростага сялянскага лёсу. Перажыла акупацыю фашыстамі роднай вёскі Зуб-Буда, здзекі ў Азарыцкім лагеры смерці, складаны пасляваенны перыяд. Далей працавітая, старанная Ніна Ігнацьеўна, шчырая, як сапраўдная патрыётка, рупілася пра будучыню раёна, сямейнага гнязда, дзяцей і ўнукаў. І так усё жыццё.
За час размовы з гэтай жанчынай яна згадала амаль што пра ўсіх родзічаў. Відаць было, што з асаблівай павагай яна адносіцца да сваёй бабулі з дзядулем, якіх, на жаль, ужо даўно няма, але яны пакінулі нашчадкам добрую памяць аб сабе. Дзед Якуб і баба Юлька – тыя людзі, ад якіх Ніна Ігнацьеўна спасцігла жыццёвую навуку.
– Працавітыя былі без меры. Дзед умела вырабляў шкуры дзікіх жывёлін і сам шыў з іх дабротныя кажухі і чобаты. З бабуляй трымалі вялікую гаспадарку: кароў, коней, валоў, – на пальцах уважліва пералічвае Ніна Ігнацьеўна. – Адны толькі восемдзесят калод пчол патрабавалі колькі працы! Меў ён і два млыны: ветраны і паравы. Па тых часах такая сям’я лічылася заможнай, таму ехалі на падводах да іх людзі з усяго наваколля. Акрамя дапамогі па гаспадарцы, дзед Якуб вельмі добра лячыў і дарослых, і дзяцей. Сваіх з жонкай узгадавалі адзінаццаць, таму нікому не адказваў. Лічыў гэта вялікім грахом, бо ведаў, што дапаможа людзям абавязкова.
Мабыць, і ўнукі, з ліку якіх і Ніна Ігнацьеўна, перанялі ад сваіх продкаў найлепшыя рысы характару і працавітасць. Не хопіць дня і ночы, каб пералічыць тыя добрыя справы, якія яна зрабіла для знаёмых і незнаёмых людзей. Душэўную цеплыню і мацярынскую пяшчоту адчуе кожны, хто сустрэнецца з Нінай Ігнацьеўнай. Яна, як тая матуля-птушка, гатова агарнуць, прыгрэць пад сваім крылом усіх, каму неабходны яе карысныя парады ці якая іншая дапамога. І пры любых абставінах, на думку багатай на жыццёвы вопыт жонкі і маці, патрэбна жыць у сямейным адзінстве і паразуменні.
Яе чацвёра дзяцей, дзевяць унукаў і чацвёра праўнукаў таксама падтрымліваюць выказванне аб тым, што сям’я – сапраўды сем «Я». Праца для ўсіх – закон жыцця. У свой час гэта стала асноўнай прамудрасцю бацькоўскага выхавання. Асабістым прыкладам Ніна Ігнацьеўна з мужам паказвалі, як трэба жыць, працаваць і адпачываць. Яны ніколі не скардзіліся на цяжкасці, зараблялі, як толькі можна было. І лішкі малака прымалі ў насельніцтва, і ягады з грыбамі нарыхтоўвалі пра запас. Знаходзілі на гэта час, нягледзячы на тое, што самі трымалі вялікую гаспадарку і прысядзібны ўчастак. А колькі сотак зямлі апрацоўвалі на калгасным полі? Як кажуць, працавалі да мазолей, дапамогі ніадкуль не чакалі. Заўсёды і бацькі, і дзеці, быццам бы пчаліны рой, разам шчыравалі з рання да вечара. Акрамя таго, гаспадар быў трактарыстам у мясцовай гаспадарцы. Не адставала ад яго клапатлівая гаспадыня. Ніне Ігнацьеўне давялося працаваць ў калгасе на розных пасадах: была і даяркай, і свінаркай, і даглядчыцай, і пасаду брыгадзіра нават займала. Што ні кажы, а праца адказная: усё абмерай, падлічы, размяркуй. Калгаснікаў ніколі не крыўдзіла, бо сама родам з простага люду. Быў час, калі ў маладосці паспрабавала «нялёгкага хлеба» каля гарачай печы на пякарні, працавала санітаркай у бальніцы. Самыя лепшыя гады аддала Ніна Ігнацьеўна гандлёвай сістэме раёна. Шмат часу загадвала сельмагамі. Гэты перыяд свайго жыцця жанчына ўспамінае з асалодай, хаця ён па-свойму быў нялёгкі. Аднымі рукамі выконвала некалькі абавязкаў: і тавары прымала, і гандлявала, і грубкі паліла, і дровы сама насіла, і за парадкам сачыла. А зараз адны толькі ўспаміны засталіся.
У Воземлю, бліжэй да сярэдняга сына Міхаіла сталыя бацькі пераехалі гадоў так дзесяць таму назад. Але і гэты куток Акцябршчыны стаў блізкім сэрцу Ніны Ігнацьеўны, хаця родная Зуб-Буда ў снах з’яўляецца ёй і сёння.
На старасці гадоў надзейная апора – дзеці і ўнукі. Яны ніколі не пакідаюць матулю ў адзіноце. У гэтым упэўнілася і я, калі сустрэлася з Нінай Ігнацьеўнай. Нечакана з суседняга пакоя данёсся тэлефонны званок. Жвавая жанчына хуценка падбегла да тэлефона. Яе сэрца на адлегласці адчула, што звоняць свае. Не памылілася. У трубцы яна пачула родны голас старэйшага з сыноў Аркадзя.
– Добрага дзянёчка табе, сынок! У мяне ўсё добра, не хвалюйся, – з мацярынскай пяшчотай прамовіла яна. – Дзеці клапоцяцца, – патлумачыла гаспадыня. – Тыя, што далей ад мяне, тэлефануюць некалькі разоў на дні. Цікавяцца, ці ўсё ў мяне добра. Дзякуй Богу, добрымі людзьмі павырасталі. А вось, праз агарод, жыве Міша са сваёй сям’ёй, – кінула праз шыбку лагодны позірк матуля. – Так што не даю волю самоце, хаця ўжо некалькі апошніх гадоў жыву без гаспадара. Добры быў чалавек. А як хораша спяваў! Заслухацца можна! Ды сам жа граў на гармоніку, не ўсачыць было, як яго пальцы жвава перабіралі кнопачкі музычнага інструмента. На вёсцы быў першым і адзіным такім віртуёзным гарманістам. Ні адна гулянка без яго не абыходзілася: ці то вяселле, ці то хрэсьбіны, ці то провады на службу ў армію.
Ды і сама Ніна Ігнацьеўна, як заўзятая спявачка, добра вядомая сярод аднавяскоўцаў, знаёмых, родзічаў і сваякоў. Яна таксама вельмі прыгожа спявае і не толькі самабытныя, народныя, але і асабістага складу песні. Неўзабаве галасіста завяла адну з іх:
Дзе-та ў горадзе, мабыць, у Разані,
Не лажыліся дзевушкі спаць,
Многа варужак цёплых вязалі,
Каб на фронт у падарунак паслаць.
Вышывалі іх ніткай шалковай,
Не шчытая за дзевічы труд.
І вязалі начною парою,
І мячталі, каму пападуць.
Можа лётчыку, можа шафёру,
Многа ёсць у Атчызны сыноў,
Чарнаглазаму парню-сапёру,
Аднаму із атважных байцоў.
Атрымаў камандзір батарэі
Гэтыя варужкі-пухавікі,
Хай яны нежна і ласкава грэюць
Ад пажація жэнскай рукі.
(лексіка аўтара захавана).
Яшчэ колькі іх яна спела мне за гэты кароткі час. Відаць было, творчая асоба, бо не менш здзівіла бабуля Ніна і ўласна напісанымі вершамі. Асаблівае месца сярод іх займае верш, прысвечаны Прэзідэнту нашай краіны А. Р. Лукашэнку. Чытала яго Ніна Ігнацьеўна на адным подыху. Здавалася, няма яе твору заканчэння, настолькі ўвайшла ў ролю выканаўца. Што ж! Заставалася толькі ўважліва выслухаць і пазайздросціць такой памяці Ніны Ігнацьеўны. Яна ў яе, як кажуць, выключна даўгачасная і дагэтуль з’яўляецца яе ўласным сапраўдным багаццем, што прыдае асобе гэтай жанчыны яркую індывідуальнасць і непаўторнасць у яе далёка не маладым ўзросце. А вось на думку Ніны Ігнацьеўны, нічога асаблівага ў гэтым няма. Бо галоўнае для ее ў жыцці – сямейнае шчасце. Трэба толькі добра яго пражыць. Каб адбыцца, каб стаць адзінай, шчаслівай сям’ёй, вельмі важна знайсці сваю другую палову, з якой ты заўсёды будзеш на адной хвалі.
Канешне, у сумесным саюзе гэтай пары, як і ў многіх іншых, здаралася ўсялякае. Але, усё ж такі, аб каханні менавіта гэтых дзвух людзей можна скласці цэлы аповед. Праслухаўшы толькі частку жыцця Ніны Ігнацьеўны Забіран, упэўнілася на яе вопыце, што шчасце бывае там, дзе жыве каханне, імкненне да працы, павага адзін да аднаго і шанаванне продкаў. Толькі спазнаўшы ўсё на сабе, панясеш карысныя звычкі ў дарослае, самастойнае жыццё і будзеш удзячны лёсу за бацькоўскую навуку.
Наталля Ёвенка.

P.S. Зараз у вёсцы Воземля 20 падворкаў, Жывуць у ёй 28 чалавек. Працаздольных – 7, астатнія – пенсіянеры.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *