Вітала “Берагіню” сталіца

Культура

Лепшыя фальклорныя калектывы, індывідуальныя выканаўцы аўтэнтычных песен і самабытных танцаў са шматлікіх рэгіёнаў Беларусі,  выступілі ў суботу, 10 лістапада, на сцэне Палаца культуры  Мінскага трактарнага завода. Пераможцы Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”, які ў гэтым годзе адзначыў двадцацігадовы юбілей, прадставілі  сталічным жыхарам і гасцям горада канцэрт-прэзентацыю фестывальнага праекта “Берагі

 

Святочнае мерапрыемства адбылося знагоды юбілейнай даты фестывалю, а таксама з мэтай папулярызацыі беларускай культуры. На сцэну выходзілі тыя, хто жыве народнымі традыцыямі і абрадамі, хто развівае гістарычнае і культурнае багацце сваёй краіны. Распачалася фальклорная вандроўка па фестывальных сцежках “Берагіні” выступленнем артыстаў з Рудабельскай зямлі, на якой традыцыйна праходзіць народнае свята-фэст і яго заключныя імпрэзы. Сямейна-бытавую песню “Азярэчка” выканала самая старэйшая ўдзельніца канцэрта Ганна Арцёмаўна Іваненка з гарпасёлка, а купальскую – Ганна Верас, намеснік дырэктара цэнтра вольнага часу. Аўтэнтычны гурт “Купалінка” Пратасаўскага сельскага Дома народнай творчасці ўразіў гледачоў і экспертаў выканеннем сямейна-бытавой песні “І туды гара, і сюды гара”. Яскрава прадэманстраваў сваё майстэрства і ўзорны  фальклорны ансамбль “Рудабельскія зорачкі” пад кіраўніцтвам Вольгі Дульскай. І, як заўсёды, удала станчылі “Імправізаваную польку” лаўрэаты рэспубліканскіх конкурсаў народнага побытавага танца Юрый Асадчы і Ксенія Ляшкова – удзельнікі ансамбля “Праменьчыкі” Акцябрскай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік Ірына Семілет) і Дзмітрый Дзеншчыкаў з Янай Заброцкай – удзельнікамі ўзорнага фальклорнага ансамбля “Рудабельскія зорачкі” (кіраўнік Вольга Дульская). Дарэчы, конкурс танцавальных пар суправаджаў ансамбль народнай музыкі “Рудабельскія музыкі” Акцябрскага цэнтра вольнага часу (кіраўнік Дзмітрый Бяжкоў). Усе яны, як і астатнія танцоры і салісты, а таксама калектывы і ансамблі, пад час завяршэння мерапрыемства, атрымалі  ўзнагароды. Дыпломы пераможцаў ім уручалі ганаровыя госці —  старшыня групы экспертаў па народнай харэаграфіі Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”, заслужаны дзеяч мастацтва Рэспублікі Беларусь Мікалай Дудчанка, старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд культуры” Тадэвуш Стружэцкі, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Антоненка і намеснік старшыні рэспубліканскага Грамадскага Савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь нацыянальнай камісіі РБ па справах ЮНЕСКА, пісьменнік Анатоль Бутэвіч. Анатоль Іванавіч уручыў ганаровыя знакі “Рупліўцу. Стваральніку”, а таксама граматы Беларускага фонду культуры кіраўнікамі ўзорнага ансамбля “Рудабельскія зорачкі” Акцябрскага центра вольнага часу  Вользе Дульскай, ўзорнага фальклорнага ансамбля “Калыханка” Міханавіцкага Дома фальклору Мінскага раёна, вядомай даслудчыцы і папулярызатару беларускага фальклору Ларысе Рыжковай і ўзорнага харэаграфічнага калектыву “Верасок”, народнага ансамбля танца, музыкі і песні “Лявоніха” Петрыкаўскага раёна Ядвізе Суботка.

Пад час святочнага мерапрыемства адбыўся яшчэ адзін прыемны  момант. У суботні дзень прыйшлі павітаць “Берагіню” з юбілеем творчыя калектывы нацыянальных супольнасцяў. На развітанне віншавалі усіх са святам, і разам з удзельнікамі фестывалю жадалі яму далейшага развіцця прадстаўнікі Акцябршчыны, дзе ладзіцца “Берагіня”. Перагортваючы апошнюю старонку творчай імпрэзы,  да ўсіх “берагінцаў” звярнуліся намеснік старшыні Акцябрскага райвыканкама Уладзімір Елісееў і загадчык аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Беразоўская. У сваіх прамовах яны адзначылі, што неўзабаве прамільгнулі дваццаць год свята народнай творчасці і натхнення… За гэты час фестываль стаў брэндам і гонарам Акцябршчыны. І зараз, як падцверджанне таму, на мінскай сцэне выступілі лепшыя аўтэнтычныя і фальклорныя калектывы, выканаўцы народных песень, а майстры дэкаратыўна-прыкладнога майстэрства прадставілі свае вырабы ў фае Палаца культуры .

Разам з удзельнікамі яны жадалі фестывалю і ўсім, хто мае дачыненне да ўнікальнага абрадавага свята на Акцябршчыне: “Хай Берагіня ніколі не загіне. Хай жыве, квітнее і маладзее народным мастацтвам, творчасцю маладых і сталых спевакоў, танцораў, мастакоў і музыкаў”.

Наталля Евенка. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *