Вестуны грамадзянскай вайны

Общество

Игорь МарзалюкПредседатель Постоянной комиссии по образованию, культуре и науке Палаты представителей

Колькі рэфлексій наконт перадвыбарнай кампаніі часткі альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на статус кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Выбары, тым больш прэзідэнцкія, не могуць абысціся без барацьбы думак, без палітычнай канкурэнцыі. Гэта слушна, правільна, нармальна.

Але…

Выбары — гэта заўсёды працэдура, законнасць, парадак. Гэта правілы гульні, выхад за мяжы якой, мусіць азначаць толькі адно — дыскваліфікацыю. З прыкрасцю прыходзіцца канстатаваць, што асобныя «тытаны духу» і «айцы айчыннай дэмакратыі» пра гэта неяк забыліся.

Выбары Прэзідэнта Беларусі — гэта заўсёды выбары грамадзян нашай краіны, а не чужой. Выбары Прэзідэнта мусяць умацоўваць наш нацыянальны суверэнітэт, спрыяць дабрабыту грамадзян краіны. Чалавек, які імкнецца да самай высокай дзяржаўнай пасады, сама меней, не мусіць быць прыкарытнікам замежных спецслужбаў, тым больш атрымліваць фінансаванне за мяжой, займацца палітычнай прастытуцыяй і гандлем суверэнітэтам на старце яшчэ не спраўджанай кар’еры.

Дзіўныя справы твае, Госпадзі… Як вядома, асобныя замежныя расійскія выданні падтрымліваюць аднаго з гэтых кандыдатаў, актыўна «топят» за яго. Дык як жа вы, «змагары» з «расейскім імперыялізмам»і «пуцінскай пагрозай», можаце збіраць за ТАКОГА спрэс «расейскамоўнага»»несвядомага» папуліста ўзору 80-х гадоў XX ст. подпісы ў падтрымку ягонага вылучэння пад бел-чырвона-белым сцягам і «Пагоняй»? Ці трыццаць срэбранікаў не муляюць?

Як можна падтрымліваць, тым больш верыць чалавеку, які ў 2019 годзе казаў, што аб прэзідэнцкай пасаде ўвогуле не марыць? Толькі маўляў, калі прымусяць, то тады пойдзе, а сам не, ніяк не хоча? Хто прымушае? І хто ўрэшце яго прымусіў? Чый замежны «обком»? І ў якім офісе яго гаспадар сядзіць, хто даў «адмашку»? І бой чыіх курантаў гэты «эфектыўны менеджар» лічыць сваімі роднымі? Дзе хоць слова пра суверэннасць краіны, дзе хоць каліва разумення азначэння «нацыянальныя інтарэсы», «нацыянальная культура», нашы родныя, беларускія, каштоўнасці?

Ёсць яшчэ сярод прэтэндэнтаў і рафінаваны інтэлектуал — бездакорная адміністрацыйная кар’ера, актыўны ўдзельнік у мінулым ініцыятыўнай групы па выбранні Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, намеснік міністра, памочнік Прэзідэнта… Так, шляхі з былым шэфам могуць разысціся. Але хіба аб сіле, хіба аб інтэлектуальнай перавазе над апанентам, якому ты абавязаны ўсёй сваёй кар’ерай, сваім дабрабытам і поспехам сведчаць пагардлівыя зневажальныя выказванні наконт яго асабіста? Як ніяк, менавіта А. Лукашэнка, а не хтосьці іншы на гэтыя пасады шаноўнага інтэлектуала зацвярджаў. І ён не адмаўляўся. І не крытыкаваў свайго шэфа, Кіраўніка Дзяржавы. Не выказваў нязгоду з даручэннямі. Паводзіў сябе як бездакорны дзяржаўны служачы і член каманды. Забралі пасаду. Пакрыўдзіўся. З паплечніка і адданага выканаўцы палітыкі Прэзідэнта ператварыўся ў ягонага апанента… Можа хто і паверыць, можа хто і палічыць вас альтэрнатывай, «рэжыму», але навошта пераходзіць на асобу таго, хто спрыяў твайму росту, тваёй асабістай кар’еры, таго, хто быў для цябе настаўнікам і кіраўніком? Ды яшчэ злосна пакепліваць з аграрнай кар’еры і вясковага выхавання нашага Прэзідэнта? Абсалютная большасць сучасных беларусаў-гараджан з вёскі паходзіць. І не маюць нічога супраць ні бульбы, ні парсючкоў… Так паводзяць сябе падлеткі, але ніяк не сталыя людзі, адказныя за сябе ды гатовыя ўзяць адказнасць за лёс краіны. Асабістая крыўда — ніякі дарадца і нулявы стымул для прэтэндэнта на такую пасаду.

І галоўнае. Наконт адказнасці за лёс краіны. Асобныя ўжо выказаліся. Зусім не двухсэнсоўна. Адзін з трыбун заявіў, што пасля выбараў пачне партызанскую вайну. Іншы абяцае зрабіць з Беларусі другую Арменію. Марыць, па сутнасці, не аб перамозе на выбарах, а аб канстытуцыйным перавароце. Пры дапамозе раз’юшанага натоўпу, напалма і цэглы. «Мірным» шляхам, карацей. І першыя крокі ён ужо робіць. Натоўп, ягоны «электарат», што складаецца з пакрыўджаных людзей, у тым ліку з крымінальным мінулым, якія «размаўляюць» матам, пачаў ужо выпрабоўваць уладу. Тэсціраваць, наколькі беспакарана можна парушаць закон і парадак. Зняважыць міліцыянера, не падпарадкавацца яму пры выкананні ўскладзеных на апошняга службовых абавязкаў. Ператварыць пікеты па зборы подпісаў, па сутнасці, у незаконныя мітынгі, з агітацыяй на карысць сябе любімага.

Апошні выпадак у Гародні — гэта ўжо край. Прамы напад на супрацоўнікаў міліцыі. Але затрымалі. Справу ўзбудзілі. Спатыкнуліся. На старце. Але як хочацца разгайдаць маятнік! Як хочацца барыкад на вуліцах! Як хочацца нацкаваць брата на брата. Які бруд, мат, нянавісць смуродлівым, дарэчы вельмі непісьменным, патокам ліецца ў каментарыях! Не важна якой цаной. Пляваць на захаванне беларускай дзяржаўнасці, пляваць на захаванне міру і спакою! Галоўнае — «паруліць».

Гэтыя людзі — вестуны грамадзянскай вайны. Ім не патрэбна спакойная сацыяльная эвалюцыя, не патрэбна моцная, па сапраўднаму суверэнная беларуская дзяржава.

Ім не патрэбны выбары — ім патрэбны фарс і памнажэнне нянавісці. Наша задача, задача патрыётаў, задача беларускіх дзяржаўнікаў, спыніць іх. Паказаць і ім, і іх замежным куратарам, што канстытуцыйны лад Беларусі нельга змяніць пры дапамозе гвалту, пры дапамозе перавароту.

Беларускі народ усё выдатна разумее. Абяцанкі цацанкі, а дурням радасць. І апошняе. Не ў сіле Бог, а ў Праўдзе. А калі з намі Бог, то хто супраць нас?



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *