Васільковая спадчына продкаў

Год малой родины

 

Народная мастацкая культура застаецца невычарпальнай крыніцаю нашага краю.

Вывучэннем народнай спадчыны Акцябрскага рэгіёну займаюцца бібліятэкі раёна. У рамках Года малой радзімы ў сістэме ажыццяўляецца праект “Васільковая спадчына продкаў”. Ён уключае мерапрыемствы краязнаўча-пазнавальнага характару: літаратурныя чытанні, конкурсы, урокі традыцыйнай культуры, сустрэчы з паэтамі-землякамі, носьбітамі народна-традыцыйнай культуры, майстар-класы.

   Самым выніковым і натуральным  шляхам пераемнасці мясцовых традыцый з’яўляецца непасрэдны кантакт з носьбітамі духоўнай спадчыны.                                                             

   Бібліятэкары раёна, сустракаючыся з  майстрамі,  даведваюцца пра іх лёс, самабытную творчасць, сямейную спадчыну. У час непасрэдных сустрэч робяцца запісы. Матэрыялы апрацоўваюцца, рыхтуюцца нарысы пра цікавых людзей краю. 

Вывучэнне культурных здабыткаў ажыццяўляецца ў розных напрамках. Музычная спадчына прадстаўляецца дзейнасцю мясцовых гарманістаў. У культуры рудабельскага краю, як і наогул, у Беларусі, гармонік – самы  распаўсюджаны  музычны інструмент.

Ганарыцца акцябрская зямля сапраўднымі гарманістамі-самавучкамі: Жулегам Віктарам  Данілавічам, Мельнікавым Львом  Фёдаравічам, Яфрэмавым Сяргеем Аляксеевічам (в. Н. Дуброва),  Вежнаўцом  Іванам Пятровічам (в. Майсееўка), Селіванавым  Сямёнам Данілавічам, Куляем  Аляксеем  Фёдаравічам (г.п. Акцябрскі), Шаплыкам Васілём Данілавічам ( в. Харомцы), Нязнанскім Яўгенам Дзмітравічам ( в. Забалацце) і многімі іншымі, хто  пранёс праз усё жыццё любоў да народнага інструмента. Здольнасць  да музыкі ў іх нарадзілася яшчэ ў дзяцінстве пад уплывам  ці сваякоў, ці старэйшых з сям’і, ці гарманістаў-аднавяскоўцаў. Амаль усе былі  акампаніятарамі  самадзейных  калектываў, удзельнічалі ў фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”.

    Некаторыя са старэйшага пакалення ўжо пайшлі з жыцця, пакінуўшы самыя лепшыя ўспаміны аб сабе і сваім майстэрстве, перадаўшы музычную спадчыну маладзейшым.  Многія і сёння ў страі, радуюць сваіх землякоў выступленнямі  на вясковых  канцэртах, гучыць інструмент і  на  сямейных урачыстасцях. Дзякуючы самадзейным музыкам, жыве рудабельскі гармонік.

     Багатую песенную спадчыну перадалі  мясцовыя спявачкі. А іх у нашым краі нямала. Вядомай ў раёне захавальніцай народнай песні была Яфрэмава Аляксандра Іванаўна. На жаль, больш за 11 гадоў няма з намі знакамітай спявачкі, але жыве яе песня  ў чыстым і звонкім  голасе сына Сяргея, вядомага ў раёне гарманіста, льецца-пераліваецца яна ў  бадзёрых галасках дзяўчынак і хлопчыкаў з “Рудабельскіх зорачак”, удзельніцай якога з’яўляецца і  пераемніца, праўнучка Аляксандры Іванаўны Анастасія Яфрэмава.

     Самабытны песенны фальклор перадаюць Ніна Рыгораўна Дзегелевіч (в. Рассвет), Прыдыбайла Зінаіда Паўлаўна, Ісаева Ганна Арцёмаўна (в. Забалацце), Драпеза Лідзія Захараўна (в. Дзербін), Самусенка Кацярына Пракопаўна, Балейка Лідзія Віктараўна, Содаль Антаніна Яўгенаўна, Савіцкая Надзея Адамаўна з вёсак Кавалі,  Лаўстыкі. У іх захоўваецца і багатая рукатворная спадчына – прадметы  ткацтва і вышывання.

  Этнаграфічнае даследаванне народнага ткацтва і выкарыстання мастацкіх тканін у традыцыйнай абраднасці вёсак Любань, Дзербін, Мікуль-гарадок   паставіла мэту зрабіць бібліятэкар Любанскай с/б Гардзей Л.С. Фальклорную экспедыцыю яна арганізавала разам з членамі дзіцячага аматарскага аб’яднання “Летуценнік”. Адбыліся сустрэчы з Таццянай Андрэеўнай Ахраменка,  Надзеяй Лук’янаўнайй  Шэўка, Шпак Марыяй Ісакаўнай, Ахраменка Нінай Сямёнаўнай. У выніку з’явілася даследчая  работа “Народнае ткацтва ткачых Рудабельшчыны”.

     Вялікая работа па вывучэнні фальклорнай спадчыны належыць бібліятэкару Лаўстыцкай сельскай бібліятэкі Вайцяхоўскай Раісе Канстанцінаўне. Наладжана сувязь  з мясцовымі вышывальшчыцамі Паўлавай Марыяй Якаўлеўнай, Каваленка Тамарай Іванаўнай, Асітровай Серафімай Ануфрыеўнай.  Раіса Канстанцінаўна – сама цудоўная рукадзельніца, гэтаму майстэрству  вучыць і сваіх гурткоўцаў. Яна  арганізоўвае серыю заняткаў па навучанні дзяцей вышыванню, пляценню з бісеру, вырабу сувеніраў з прыроднага матэрыялу. У бібліятэцы створаны вугалок народнай творчасці “ Рук залатых зямныя цуды”. Наладжвае Раіса Канстанцінаўна з дзецьмі экскурсіі ў этнаграфічны музей  “Чароўны скарб”, які стварыла ў сценах бацькоўскай хаты Мухіна Марыя Якаўлеўна. Дзеці даведваюцца пра мэту стварэння музея, з цікавасцю разглядаюць вясковы інтэр’ер, знаёмяцца з сакрэтамі народнай творчасці. 

    Цікавай носьбіткай фальклору з’яўляецца бібліятэкар Парэцкай с/б Гламбоцкая Н. А. Яна падтрымлівае сувязь і з мясцовымі  майстрамі. Назапашаны багаты матэрыял вуснай народнай творчасці ад Пугач Марыі Рыгораўны. Вядома яна ў аграгарадку  як непраўзыдзеная  казачніца,  народная   апавядальніца,  добразычлівая і мудрая жанчына. 

     Не страчаны ў раёне і традыцыйныя рамёствы. Вырабамі з дрэва здзіўляюць Кулак Віктар Аляксандравіч, Чырык Мікалай Іванавіч – (в. Гаць), Максімовіч Аляксандр Юр’евіч, Балтушкін Міхаіл Андрэевіч – (аг. Парэчча), лозапляценнем займаюцца Белы Фёдар Віктаравіч, Брэкман Сяргей Мікалаевіч,  Патапенка Аляксандр Мікалаевіч – (в. Гаць),  Удовін Васіль Іванавіч (аг. Красная Слабада). А Мажар Руслан Рыгоравіч і Малчанаў Уладзімір Пятровіч (аг. Красная Слабада) вядомыя як майстры пячнога рамяства.

     Носьбіты народнай культуры – залаты фонд нашага краю. Дзеці, слухаючы расказ вясковага суразмоўцы,   не толькі засвойваюць  у шматлікіх адценнях найбагацейшую мастацкую спадчыну, але і даведваюцца пра лёс чалавека.  Сустрэчы з носьбітамі дапамагаюць дзецям акунуцца ў атмасферу таго часу, зблізіцца  са старэйшым пакаленнем, атрымаць ад іх жыццёвыя ўрокі, пачуць жывую беларускую гаворку. Хлопчыкі і дзяўчынкі вельмі тонка рэагуюць на ўзаеміны з людзьмі, асабліва з тымі, хто валодае чуйнай душой і прыроднай інтэлігентнасцю.

Гісторыі людзей цікавага лёсу, якія праславілі сваю малую радзіму, выхоўваюць у дзецях духоўную роднасць, дабрату, працалюбства, дапамагаюць адкрыць цікавыя старонкі народнай творчасці нашай Бацькаўшчыны.

Людміла Вырвіч, метадыст ДУК “ЦКДД”



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *