Любоў да вялікай радзімы мацнее, калі ведаеш гісторыю сваёй малой радзімы

Главное Человек и его дело

Куды б і як бы далёка не закідваў нас лёс ад таго месца, дзе мы нарадзіліся, нас заўсёды цягне на сваю малую радзіму. Нам сніцца родная вёска, бацькоўскі дом. З замілаваннем успамінаем гэты куток на зямлі, дзе прайшло басаногае дзяцінства, дзе кожная сцяжынка, дрэва, раўчук знаёмыя так, што, здаецца, з зачыненымі вачыма пройдзеш па ім і праз многія гады. Так і для Валянціна Фёдаравіча Голубева родная вёска Пратасы за доўгі час не толькі не аддалілася, а ,наадварот, стала болей роднай і блізкай.

Зараз Валянцін Фёдаравіч жыве і працуе ў Мінску. Ён узначальвае цэнтр спецыяльных гістарычных навук і антрапалогіі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар. Першы лаўрэат прэміі Льва Сапегі (2006 год), якая зацверджана ўніверсітэтамі Варшавы, Познані, Кракава, Вроцлава, Беластока.

Напярэдадні міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Акцябрскі край: гісторыя і сучаснасць”, якая адбудзецца 21 сакавіка ў г. п. Акцябрскі, нам пашчасціла сустрэцца з нашым земляком Валянцінам Голубевым. Мы папрасілі яго расказаць аб сваім жыцці і навуковай дзейнасці, а таксама пацікавіліся маючай хутка адбыцца канферэнцыяй.

Так, Валянцін Фёдаравіч расказвае.

Дзяцінства

Нарадзіўся я ва Украіне ў городзе Крывы Рог. Лічу Украіну сваёй другой Бацькаўшчынай. Як так адбылося? Маці мая Кашаед Любоў Іванаўна і бацька Голубеў Фёдар Іванавіч (спачатку быў Голуб, але потым запісалі ў арміі Голубеў, так і засталося) – ураджэнцы Пратасоў.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны пад Курскам бацька трапіў у палон. Працаваў з іншымі ваеннапалоннымі на шахтах у Германіі, на падземных работах. Пасля вызвалення Чырвонай Арміяй усіх такіх палонных-спецыялістаў накіроўвалі на працу ў тыя гарады СССР, дзе патрабаваліся работнікі менавіта на шахтах. Так мой бацька і трапіў у Крывы Рог. Адыходзячы, немцы там затапілі ўсе шахты – вось даводзілася рамантаваць і аднаўляць іх. Потым бацька ў гэтым горадзе застаўся працаваць і жыць. Да яго прыехала мама, там і нарадзіліся мы з малодшым братам Уладзімірам. Старэйшы брат Іван заставаўся ў Пратасах з бабуляй, але пасля службы ў войску таксама прыехаў у Крывы Рог, дзе і застаўся жыць пасля нашага вяртання на Бацькаўшчыну.

Кожны год мы наведвалі родныя Пратасы. Бацька вельмі хацеў вярнуцца на малую радзіму. І калі выйшаў на пенсію, яго мара здзейснілася. Пабудавалі ў Пратасах хату, я пайшоў у чацвёрты клас мясцовай школы. Мне заўсёды вельмі падабалася гісторыя. Але ніколі не думаў, што буду займацца ёй на такім сур’ёзным узроўні.

З першага разу не паступіў ва ўніверсітэт у Мінск. Але ж я выбраў філалагічны факультэт. І я з нямецкай мовай чамусці не надта добра «сябраваў». І ва ўніверсітэце ўжо вывучаў не нямецкую, а іспанскую і латынь.

Крыху папрацаваў у калгасе імя Леніна слесарам, потым – плітачнікам-абліцоўшчыкам-мазаічнікам у 20-ым будтрэсце ў Светлагорску, адкуль і пайшоў у армію. Служыў ва Украіне ў Вінніцы ў ракетных войсках і марыў аб паступленні ва ўніверсітэт, на гістарычны факультэт. З дому мне дасылалі кнігі, рыхтаваўся па іх. Пасля дэмабілізацыі, восенню, мяне залічылі на падрыхтоўчае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага універсітэта (існавалі такія «нулявыя» факультэты ў часы СССР). Па выніках выпускных экзаменаў быў залічаны на першы курс гістарычныга факультэта БДУ.

Родная мова

У школе выкладанне ў нас вялося на беларускай мове. Калі прыйшоў ва ўніверсітэт, таксама размаўляў па-беларуску. Але на занятках з мяне кпілі і смяяліся. Я таксама вырашыў быць такім, як усе, і перайшоў на рускую мову.

Ва Украіне вучыўся ў рускай школе, але добра размаўляў і па-украінску.

Пасля заканчэння гістфака ў 1981 годзе, калі працаваў тут, у Інстытуце гісторыі, лабарантам, нас часта прасілі многія – заводы, розныя ўстановы, нават міліцыя – чытаць лекцыі па гісторыі Беларусі. У 80-ыя гады ўзнікла  вялікая цікавасць да сваёй гісторыі. Я памятаю, прыходзіш на лекцыі і цябе просяць расказваць па-беларуску. А я ўжо не магу. На якой мове думаеш, на такой і гаворыш. Мне запомніўся адзін момант на заводзе «Інтэграл». Людзі ў цэху прапанавалі: «А Вы гаварыце па-беларуску. А якое слова забудзеце, разам будзем успамінаць». Атрымалася цікавая лекцыя. І я зразумеў, што ў Беларусі патрэбна мысліць і гаварыць толькі па-беларуску.

Навуковая дзейнасць

Ніколі не думаў, што буду займацца гісторыяй Беларусі перыяду феадалізму. Калі я скончыў універсітэт, мяне размеркавалі ў аспірантуру на гісторыю КПСС. Не ведаю чаму, але я не пайшоў здаваць экзамены. Потым мяне размеркавалі на кафедру навуковага камунізму. І гэта аказалася не маё.

Затым прапанавалі пасаду лабаранта ў аддзеле гісторыі Беларусі эпохі феадалізму Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР. Думаў, папрацую год і выберу нешта іншае. Напачатку было вельмі цяжка. Памятаю нават, што прыходзіў да кіраўніцтва і сам прасіў, каб мяне звольнілі, бо не ўмеў адразу прачытаць у архіве тэксты на старабеларускай мове 16 стагоддзя. А зараз за 10 хвілін магу навучыць гэтаму кожнага студэнта.

Кандыдатскую дысертацыю абараніў па тэме “Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі ў 16-18 стст.”. Чаму менавіта аб гэтым? Пры Савецкім Саюзе звычайна не зацвярджаліся тэмы, якія тычыліся ваеннай гісторыі, культуры, палітыкі, не дазвалялася тое, што наўпрост магло адбудзіць цівасць да свайго, нацыянальнага. У прыярытэце была ў асноўным сацыяльна-эканамічная тэматыка. Да таго ж, навуковага даследавання пра тое, як жылі беларускія сяляне ў 16-18 стст. у гістарыяграфіі не было. І мой навуковы кіраўнік доктар гістарычных навук В.І. Мялешка так і сказаў:»Гэтае даследаванне патрэбна. Зробіш, абароніш дысертацыю, напішаш манаграфію, а потым займайся чым хочаш». Пачаў працаваць і так да сённяшняга дня і жыву ў той беларускай даўніне. Дарэчы, праз эканоміку – праз вывучэнне гаспадарчага жыцця можна даведацца шмат пра што, і пра культуру і побыт, і нават пра тагачасную палітыку. Шкада, што сёння маладыя навукоўцы менш хочуць займацца сацыяльна-эканамічнымі праблемамі.

Калі працаваў над дысертацыяй, упершыню паспрабаваў знайсці дакументы, якія тычацца Рудабелкі. У нас вельмі своеасаблівы рэгіён. Гэта не Заходняя і не Цэнтральная Беларусь, гэта нават не Усходняя Беларусь на памежжы з Маскоўскай дзяржавай. На нашым такім глухім Палессі ўсюды было нешта спецыфічнае. І не заўсёды дакументы даюць магчымасць адразу ўбачыць, у чым жа была гэта спецыфіка. Старыя традыцыі і звычаі, меншы ўплыў хрысціянства, водгукі паганства амаль ва ўсіх сферах штодзённага жыцця і інш. Нават адносіны з уладамі, з дзяржавай былі своеасаблівымі, у асноўным праз сялянскую грамаду. Гэта мяне зацікавіла.

У канцы 80-х гадоў, калі ўжо можна было займацца пытаннямі гісторыі і культуры, мне зацвердзілі тэму доктарскай дысертацыі “Праваслаўная і ўніяцкая царква ў Беларусі ў 16-18 стст.”. Але ў многім нечакана для мяне, бо спецыяльна на рыхтаваўся да гэтага, у 1990-м годзе я быў выбраны насельніцтвам акругі, дзе я жыў, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. 

З навукоўцаў у дэпутаты

У Вярхоўным Савеце я быў сакратаром камісіі па міжнародных справах і знешнеэканамічных сувязях. Рыхтаваў з калегамі першыя міжнародныя дагаворы незалежнай Беларусі – з Польшчай, Літвой, Расіяй.

У складзе Канстытуцыйнай камісіі прымаў удзел у стварэнні першай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Былі ўтвораны дзве рабочыя группы для напісання Канстытуцыі, як мы іх жартам называлі “кансерватыўная” і “дэмакратычная”. Першую ўзначальваў мой сябар і зямляк Васіль Іванавіч Шаладонаў, які быў на той час намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета. Другую, у склад якой уваходзіў і я, і будучы прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, узначальваў Віктар Іосіфавіч Ганчар. Дзвюм групам было даручана паказаць сваё бачанне будучыні Беларусі, канстытуцыйнага ўладкавання. Мне было даручана напісаць прэамбулу Канстытуцыі. З боку другой групы яе пісаў прафесар Іосіф Юхо. Самае цікавае, што тэксты дзвюх прэамбул, напісаныя мною і прафесарам, амаль поўнасцю супадалі. І, увогуле, па многіх накірунках мы былі аднадумцамі. Потым гэтыя групы аб’ядналіся і мы пісалі тэкст Канстытуцыі разам.

Вяртанне ў навуку   

 У 1995 годзе пасля пяцігадовага перапынку я зноў вярнуўся ў Інстытут гісторыі. Адчуваў, што за гэтыя пяць гадоў адстаў ад навукі і папросту прыйшлося даганяць сваіх калег. У навуцы працаваць трэба пастаянна, на старым багажы далёка не паедзеш.

Калі ў 2006 годзе я стаў першым лаўрэатам  прэміі імя Льва Сапегі, я атрымаў магчымасць не толькі выкладаць па два месяцы ў Беластокскім, Варшаўскім, Вроцлаўскім, Ягелонскім і Познаньскім універсітэтах, але і працаваць у польскіх архівах і бібліятэках, дзе вельмі многа матэрыялаў па гісторыі Беларусі.

Таксама пашчасцілася папрацаваць ў Жэнеўскім універсітэце ў Швейцарыі, стажыравацца ў Віленскім педагагічным універсітэце.

Усё жыццё выкладаю на гістарычным факультэце БДУ, працаваў  таксама ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Для вучонага вельмі важна, калі можаш свае веды перадаваць студэнтам.

У 2011 годзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Сельская абшчына ў дзяржаўных, прыватнаўласніцкіх і царкоўных уладаннях Беларусі ў XVI–XVIII стст.». У 2014 г. – прысвоена вучонае званне прафесара.

Зараз вельмі запатрабаваны дзяржавай нашы напрацоўкі, якія мы, вучоныя,  зрабілі за гады незалежнасці. Найвышэйшым дасягненнем нашага Інстытута за апошнія гады лічу стварэнне фундаментальнай працы “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”, першыя два тамы якой выйшлі у гэтым годзе. Ганаруся, што стаў аўтарам і навуковым рэдактарам першага тома.

Аб канферэнцыі “Акцябрскі край: гісторыя і сучаснасць”

Канферэнцыя  праводзіцца ў рамках выканання Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2016–2020 гады “Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства”. На год ладзіцца некалькі такіх мерапрыемстваў.

Напачатку ідэю правядзення такіх навукова-практычных канферэнцый выказалі краязнаўцы з Рэчыцы і Магілёва. Першыя канферэнцыі ставілі мэтай вывучэнне сваёй тэрыторыі. Па іх выніках выдаваліся зборнікі. І нават у школах уводзілі такія курсы, як, напрыклад, “Рэчыцазнаўства”. Настаўнікі расказвалі вучням аб значэнні гісторыі іх края ў гісторыі ўсёй краіны. І гэтую ідэю падхапіў наш Інстытут. Па выніках канферэнцый мы выдаем зборнікі матэрыялаў у серыі “Гісторыя Беларусі праз прызму мікрагісторыі”. Дадзеныя канферэнцыі вырашаюць дзве асноўныя праблемы. Першая – дзяржаўнага будаўніцтва, умацавання пачуцця гонару і любові да сваёй Айчыны, Бацькаўшчыны. Дзяржава можа быць моцнай толькі тады, калі грамадзяне ўсведамляюць сябе не проста жыхарамі, а ведаюць, што гэта іхняя дзяржава, што не толькі яны, але і іх продкі былі яе стваральнікамі. Яшчэ больш любіць Вялікую Беларусь праз любоў да сваёй Малой Радзімы – гэтая ідэя рэфрэнам праходзіць праз працу ўсіх нашых канферэнцый. Другая праблема – умацаванне этнічнай, нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў. Дапамагчы людзям убачыць нашу гісторыю, усвядоміць сваю прыналежнасць да беларускага этнасу і ганарыцца гэтым з’яўляецца другой важнай задачай такіх канферэнцый. Не сакрэт, што ў недалёкім мінулым, да набыцця Беларуссю рэальнага суверэнітэту ў краіне актыўна ішлі працэсы дэнацыяналізацыі, аж да адмовы ад спрадвечных этнічных адметнасцяў, мовы і нават саманазвы, якую спрабавалі замяніць тэрмінам “савецкі народ”. Але як сведчыць гісторыя і сучасны вопыт, у цяперашнім свеце выжываюць і працвітаюць якраз тыя дзяржавы і народы, якія ўмасцоўваюць сваё адзінства, якія будуюць і ўмацоўваюць сваё, роднае. Ніхто для нас лепш не зробіць, чым мы самі. Гэта мы павінны ўсведамляць і разумець у тым ліку і вывучаючы сваю гісторыю. Мы проста абавязаны ўбачыць сваю адметнасць, павінны самі вызначыць, што мы – беларусы, а не літоўцы, не палякі, не рускія, не украінцы і ганарыцца гэтым, як і сваёй краінай, Беларуссю.

Запісала Алена СТАРЫНОВІЧ. Фота аўтара.        



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *