У палепшаных умовах і вынікі адпаведныя

Сельское хозяйство

Сярод падраздзяленняў МТФ “Ламавічы” аднайменнай гаспадаркі значнай прыбаўкі ў вытворчасці малака за мінулы год дасягнулі аператары машыннага даення, якія абслугоўваюць кароў на прывязным утрыманні.

Усяго ж на цэнтральнай малочнатаварнай ферме гаспадаркі на сённяшні дзень налічваецца 1030 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх больш паловы – 593 – складае дойны статак. Каровы па ўмовах утрымання і па спосабах даення падзелены на дзве групы. Крыху больш за 400 буронак круглы год знаходзяцца пад дахам, праўда, іх не прывязваюць, а дояцца яны праз аўтаматычную ўстаноўку “Ёлачка”. Астатнія паўтары сотні рагуль “атрымалі прапіску” у хляве з прывязным утрыманнем, прычым у летні перыяд іх месцазнаходжанне – кругласутачная паша ў розных кутках травяных угоддзяў вакол Ламавіч.

Таксама, як умовы ўтрымання, розняцца між сабой і паказчыкі па вытворчасці малака гэтых дойных статкаў. Так, па выніках мінулага года жывёлаводы, працуючыя на “Ёлачцы”, атрымалі 1643 тоны малака ў валавым вылічэнні, у той час як па ферме ў цэлым валавая вытворчасць склала летась 2558 тоны. Прадукцыйнасць жа знізілася: у гэтым падраздзяленні з бяспрывязным утрыманнем надаілі ў сярэднім ад каровы 3874 кілаграмы малака, што на 425 кг ніжэй узроўню 2018 года. “У мінус” адпаведна выйшла і сама ферма – паказчык па атрыманаму малаку ад каровы за 2019 год склаў 4413 кілаграмаў, што ніжэй на 232 кг пазалеташняга ўзроўню. Між тым, прывязная група кароў адзначылася самымі лепшымі надоямі – 915703 кілаграмаў малака па валу (больш 50% ад таго, колькі надаілі на ўстаноўцы “Ёлачка”, аднак пры колькасці кароў у два з паловай раза меншай). У выніку прывязны хлеў альбо, як па-даўнейшаму называюць яго мясцовыя жывёлаводы, комплекс дасягнуў лепшых паказчыкаў у малочнай вытворчасці не толькі па ламавіцкай ферме, але і па гаспадарцы ў цэлым. Іншымі словамі, тут змаглі ўзняць планку ледзь не 6-тысячнага надою ад каровы (дакладней, за мінулы год надаілі 5884 кілаграма малака з прыбаўкай на 360 кг), чаго ў апошні час сярод жывёлаводаў Акцябршчыны ўдаецца далёка нямногім.

Поспеху названага ламавіцкага падраздзялення паспрыяў шэраг фактараў. Адзін з галоўных – матэрыяльна-тэхнічны. Так, летась сіламі рабочых са Столінскага раёна Брэсцкай вобласці і мясцовых будаўнікоў было адрамантавана памяшканне кароўніка, у якім замянілі падлогу, наладзілі сістэму вадапаення, асвятленне, прывялі ў парадак вокны і душнікі – таму ў хляве зараз няма скразнякоў, абсталявалі на двары новую выгульную пляцоўку для жывёлы. Работнікі гэтага ўчастка ламавіцкай фермы выказваюць шчырую падзяку тым, хто паклапаціўся над паляпшэннем умоў іх працы, утрымання жывёлы, і ў першую чаргу кіраўніку  сельгасарганізацыі Ігару Яраслававічу Сіваму. Другі важны аспект – кармавая база. Сапраўды, жывёла на ўсіх фермах ААТ “Ламавічы”, у тым ліку і на цэнтральнай, неабходным фуражом сёлета забяспечана ў поўным аб’ёме. Хоць на двары ўжо люты, кармавы рацыён, у адрозненне ад такога часу мінулых гадоў, не бяднее. Як расказала брыгадзір МТФ “Ламавічы” Алена Лебедзь, асноўны дойны статак атрымлівае з разліку на адну галаву па 50 кілаграмаў кукурузнага сіласу, 2 кілаграмы здробнёнай саломы, кілаграм сена і па 250 грамаў камбікорму К-61 на літр атрыманага малака. Адметна, што няма перабояў з саломай (у некаторыя мінулыя гады ўжо ў разгар зімы гэтага грубага корму было не знайсці) – яе завозяць на пляцоўку размешчанага побач зернетока па меры патрэбы, там механічна здрабняюць пры дапамозе УЭС “Палессе” і рыхтуць кормасумесь, якая, зразумела, на залежваецца. І па-трэцяе, мэтанакіраваная работа з самім пагалоўем кароў, клопат аб іх фізіялагічным стане. Аднаўленне пагалоўя на больш прадукцыйнае за кошт перыядычнага ўводу раздоеных першацёлак тут практыкуецца пастаянна. І яшчэ – па выніках абследаванняў спецыялістамі раённай ветэрынарнай станцыі, у групах кароў з ламавіцкага прывязнога хлява ў апошні час не выяўляецца мастытаў (па сутнасці, па дадзенаму крытэрыю гэта адзін з лепшых статкаў па раёну). Значыць, і аддача буронак у такім выпадку будзе без дадатковых праблем.

Палепшаная матэрыяльная база і забяспечанасць кармамі – гэта, безумоўна, вельмі важна для жывёлагадоўчага працэсу, аднак нельга не ўлічваць, што забяспечваюць яго людзі, ад працавітасці, добрасумленнасці і прафесіяналізму якіх і залежыць рэальны поспех. Тут прыкладам для іншых выступаюць работніцы вышэйназванага перадавога падраздзялення ламавіцкай фермы, а дакладней,  усе тры аператары машыннага даення. І калі хлеў з прывязным утрыманнем кароў  па вытворчасці малака выйшаў у лідары, тут непасрэдная заслуга саміх работнікаў. Яны, дарэчы, мінулы год таксама закончылі з добрымі вытворчымі паказчыкамі. Калі пяцітысячніца Любоў Туркова некалькі не дацягнула да сярэдняга надою па падраздзяленню (яна атрымала па 5372 кілаграма малака ад каровы сваёй групы супраць 5884 кг па хляву), то яе больш вопытныя калегі Алена Філон і Галіна Селюкова перакрылі нават 6-тысячны рубеж па надоях (у багажы  Алены Васільеўны – 6202 кілаграмы малака з прыбаўкай ажно за 800 кг, у Галіны Васільеўны – 6101 і 351 кг адпаведна). Сённяшнія шасцітысячніцы, якія некалькі гадоў запар уваходзяць у склад раённага Клуба майстроў жывёлагадоўлі, у чарговы раз пацвердзілі сваё ганаровае званне (членства ў Клубе, дарэчы, дае дадатковыя ільготы і матэрыяльныя заахвочванні) і высокае прафесійнае майстэрства, сакрэтамі якога заўсёды гатовы падзяліцца з пачынаючымі работнікамі ферм.

Юрый Каспяровіч.

На здымку: стаж работы даяркай у адной з лепшых працаўніц МТФ “Ламавічы” Галіны Селюковай набліжаецца да 40 гадоў. Ураджэнка Веткаўскага раёна, яна па сямейных абставінах у маладосці трапіла на Далёкі Ўсход. Там, у адной з гаспадарак Хабараўскага краю і пачала даіць кароў. Было гэта ў 1982 годзе. Хутка пасля распаду Савецкага Саюза пераехала назад у Беларусь. Працавала таксама даяркай на радзіме – у вёсцы Янова на Веткаўшчыне, сяле Прысно таго ж раёна, а 16 гадоў таму з сям’ёй абаснавалася ў нашых Ламавічах. Спачатку ўладкавалася паляводам, а як толькі пабудавалі ў гэтым аграгарадку новую ферму з даільнай залай, перайшла туды. Сучасныя тэхналогіі не надта прыйшліся па душы Галіне Васільеўне, і яна праз год работы на “Ёлачцы” перайшла на звыклы для сябе участак з каровамі на прывязным утрыманні і іх даенні праз малакапровад. У адным і тым жа хляве Галіна Селюкова шчыруе ўжо на працягу 14 гадоў і заўсёды бездакорна, неаднаразова прызнавался лепшай па прафесіі. Такой па праву можна лічыць Г. В. Селюкову і па выніках яе работы за мінулы год, калі згодна атрыманых надояў малака ад каровы яна адна з нямногіх  ўвайшла ў склад  даярак-шасцітысячніц Акцябршчыны.

Фота аўтара.              



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *