“У калядны вечар “

Культура

Раней у гонар адраджэння Бога-Сонца ў народзе праводзіліся шматлікія ўрачыстасці і святкаванні, якія ў славян замацаваліся пад агульнаю назвай – Каляды. Відаць, невыпадкова, бо яны былі аднымі з самых вялікіх святаў нашых продкаў. У праваслаўных вернікаў Каляды адзначаюцца з 6 па 21 студзеня. Толькі вось раней гэта свята было крыху іншым, чым сёння.
Калядныя традыцыі перадаваліся з пакалення ў пакаленне, пакуль не дайшлі да нас. Напэўна, няма іншага свята, якое адзначалася б з такім багаццем звычаяў, абрадаў і прыкмет. Калядоўшчыкі на вуліцах сучасных гарадоў і вёсак з’яўляюцца, бадай, ці не самымі галоўнымі дзеючымі асобамі. Заходзячы ў дамы або стоячы пад вокнамі хат, яны спяваюць калядкі з пажаданнямі гаспадарам здароўя, дабрабыту ў будучым земляробчым годзе. Яны славяць гаспадароў, а тыя ў сваю чаргу адорваюць калядоўшчыкаў цукеркамі, печывам, дробнымі манетамі:
Каляда, каляда,
Ты падай пірага,
У сундучок манетку,
А ў мяшок – цукерку.
Старадаўнія калядныя святкаванні добра захаваліся і на нашай, рудабельскай зямлі.
З мэтай адраджэння і папулярызацыі народных беларускіх традыцый ва ўстановах культуры, у тым ліку і бібліятэках, арганізавана правядзенне масавых калядных мерапрыемстваў, разнастайных па форме і змесце: калядныя казачныя вячоркі, калядныя святы, фальклорныя вечары, літаратурна-краязнаўчыя, пазнавальныя, народна-фальклорныя гадзіны, краязнаўчыя віктарыны, літаратурна-казачныя ўрокі.
У раённай бібліятэцы для вучняў 9-10 класаў СШ№2 была праведзена фальклорна-краязнаўчая сустрэча “У калядны вечар” з мэтай далучыць дзяцей да вытокаў славянскіх традыцый і нацыянальнай культуры беларусаў. Сардэчна прывітаўшы гасцей, вядучая мерапрыемства Святлана Мордус пазнаёміла прысутных з гісторыяй узнікнення свята, асаблівасцямі святкавання Каляд на Беларусі, абазначыла традыцыйныя калядныя стравы, якія былі абавязковыямі для святочнага стала. Калядныя святкі супадаюць з Новым годам – святам дзетвары, навагодняй ёлкай, казачнымі касцюмамі і вясёлымі пераўтварэннямі. Аб гісторыі ўзнікнення навагодняй ёлкі дзеці даведаліся з відэафільма «История Рождества и Нового года».
Варажба – неад’емная частка Каляд. “Традыцыйныя калядныя варожбы па-рудабельску” – прэзентацыю-расказ прадставіла прысутным краязнаўца Ала Чуева.
Удзельнікі мерапрыемства не толькі даведаліся пра святы і абрады, але змаглі прыняць удзел у імправізаваных варожбах і жартоўных прадказаннях у квэст-гульні “Мой лёс – мае жаданні”.
Мерапрыемства прайшло ў атмасферы асобай цеплыні і сардэчнасці і паспрыяла добраму каляднаму настрою.
Людміла Вырвіч,
метадыст ДУК “Цэнтр культурна-дасугавай
дзейнасці
Акцябрскага раёна”



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *