У Гомелі прайшоў справаздачна-выбарчы сход абласной пісьменніцкай арганізацыі

Культура

Падведзены вынікі работы за 2020-ы і апошняе пяцігоддзе. Яны даволі значныя.

За перыяд з 2016 года арганізацыя прырасла на 11 чалавек, зараз у яе складзе 63 творцы.  Пісьменнікі рэгіёна выдалі звыш 190 кніг, выпусцілі шэраг альманахаў і калектыўных міжнародных зборнікаў. Зладзілі і правялі каля 30 літаратурных конкурсаў для творчай моладзі і аматараў слова, 15 майстар-класаў для іх фіналістаў, чатыры міжнародныя фестывалі-святы, два — абласныя “На Зямлі Кірылы Тураўскага”. І гэта яшчэ не поўны пералік. Сур’ёзна займаліся і з творчай моладдзю у межах праекта “Берагі дружбы”, на ўласныя сродкі адкрылі мемарыльную дошку на доме ў Гомелі, дзе жыў Анатоль Грачанікаў, правялі міжнародны злёт аматарскіх літаб’яднанняў. І вельмі актыўна прапагандавалі мастацкую літаратуру: звыш 7, 5 тысяч выступленняў у самых розных аўдыторыях!

Выніковы даклад старшыні абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзіміра Гаўрыловіча суправаджаўся відэаматэрыяламі пра іншыя знакавыя падзеі, прынамсі, мерапрыемствы, прымеркаваныя да юбілеяў Андрэя Макаёнка, Івана Сяркова, Леаніда Гаўрылава, Івана Шамякіна, Івана Мележа. Многія літаратары вядуць актыўную грамадскую дзейнасць. Напрыклад, паэт Ізяслаў Катляроў па выніках мінулага года стаў лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне”. “Пісьменнікам 2020 года” прызнаны перакладчык Вольга Раўчанка і гумарыст Міхась Кавалёў (Сліва). Драматург Васіль Ткачоў нядаўна названы лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

Дзіцячы паэт Яўген Калашнікаў перамагаў у справаздачны перыяд у шматлікіх творчых конкурсах Украіны і Расіі. Шэраг пісьменнікаў узнагароджаны памятным медалём “Кірыла Тураўскі. Асветнік. За ўклад у літаратуру”, многім уручаны граматы, дыпломы. Дзейнасць савета і ўсяго абласнога аддзялення СПБ ацэнена станоўча. Адбыліся выбары старшыні пісьменніцкай арганізацыі Гомельшчыны. Ім адзінагалосна абраны вядомы беларускі празаік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч. На сходзе зацверджаны састаў савета і рэвізійнай камісіі.  Адна з асноўных задач для пісьменнікаў застаецца нязменнай — стварэнне высокамастацкіх твораў, скіраваных на выхаванне патрыятызму, актыўнай грамадзянскай пазіцыі, духоўнасці і культуры.

Важны, несумненна, і яшчэ адзін накірунак дзейнасці — адраджэнне ў раёнах вобласці літаб’яднанняў, работа з аматарамі мастацкай творчасці. 

Источник: http://gp.by
© Правда Гомель



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *