Нам засталася спадчына…

Общество

 

20 чэрвеня ў наш гасцінны рудабельскі край зноў завітала “Берагіня”. Карцінная галерэя імя Дробава Л. М. адчыніла свае дзверы насустрач X Рэспубліканскаму фестывалю фальклорнага мастацтва і запрасіла ўсіх жадаючых на выставу «Выцінанка: беларускі народны танец».

Вядучая, у ролі якой выступіла дырэктар вышэйназванай установы культуры Надзея Заброцкая, адразу пазнаёміла прысутных з гэтым відам мастацтва і зазірнула ў яго гісторыю. Расказала пра тое, што сучасная беларуская выцінанка, або, як яе яшчэ называюць, выразка ці выразанка, вылучаецца багатай і разнастайнай тэматыкай, тэхнікай выканання, дызайнерскімі вырашэннямі, але заўсёды арыентуецца на народныя традыцыйныя матывы.

Як вядома, кожны раз у фестывальныя дні праходзіць конкурс выканаўцаў беларускіх народных танцаў. Гэта неверагоднае свята, якое выклікае ў гледачоў шмат эмоцый і перажыванняў. Калі назіраеш за канкурсантамі, заўсёды ўзнікае жаданне захаваць тую незвычайную энергетыку, якая пануе на танцавальнай пляцоўцы. Таму зусім невыпадкова з’явілася назва выставы “Выцінанка: беларускі народны танец”, на якой прадстаўлены выніковыя калектыўныя творы дзіцячых аб’яднанняў па інтарэсах цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” г. Мінска. Здавалася б, простая папера, аднак на ёй атрымаўся цудоўны карагод танцавальных пар. І некаторыя моманты эмацыянальнасці, тэмпераменту і характару беларускага народнага танца гледачам паказалі ўдзельнікі ўзорнага фальклорнага калектыву “Праменьчыкі” дзіцячай школы мастацтваў г.п. Акцябрскі.

 Акрамя гэтага, майстар навуковай рэканструкцыі народнага беларускага касцюма Таццяна Івашына (Данія) расказала гледачам пра кашулі, паясы, спадніцу, фартух, сумку і нават гальштукі, прыгожа вышытыя ў традыцыйным і сучасным стылі. Яны не пакінулі без увагі нікога і зацікавілі многіх сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю.

Крыху пазней у цэнтры вольнага часу г.п. Акцябрскі адбылося адкрыццё яшчэ адной выставы «Асоба ў народнай культуры беларусаў». На партрэтах, выкананых выкладчыкамі і вучнямі цэнтра “Ветразь”спецыяльна да юбілейнага фестывалю, прадстаўлены вобразы мужчын і жанчын – носьбітаў беларускіх народных традыцый Акцябрскага раёна. На жаль, многіх ужо няма ў жывых, аднак яны пакінулі пасля сябе багатую спадчыну і вялікі след у перайманні, зберажанні і перадачы народных традыцый цяперашняму і будучым пакаленням.

Аксана Борсук. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *