Тваё каханне – мая ўзнагарода

Общество

Парэцкі сельскі Савет. Вёска ХАРОМЦЫ

Пад колы машыны імкліва бяжыць-сцелецца роўная стужка дарогі. Шлях трымаем у Харомцы. Мільгаюць палі, дрэвы, пералескі. І вось мы ў вёсцы – ціхай і нават ўтульнай, якая ўдзень і ўначы ўглядаецца ў таямнічую задуменнасць навакольных лясных гушчароў. Вясной яна заўсёды апранаецца ў бела-ружовае абранне: на кожным падворку цвітуць сады. А восенню тут яшчэ прыгажэй – ярка-рыжы лістапад усцілае вуліцы. Толькі вось на гэтых самых вуліцах у такую пару мала каго сустрэнеш. Падумалася, якая бывае неадпаведнасць: прыгажосць з аднаго боку і адзінота – з другога. Між тым, тут працягваецца сялянскае жыццё. Таму гэтае пахмурнае, не па-восеньскі халоднае надвор’е зусім не перашкодзіла маёй сустрэчы з мясцовай сям’ёй Максіма Паўлавіча і Алены Цярэнцьеўны Балтушкіных (на здымку). І нават наадварот, знаёмства з імі ўзняла настрой і сагрэла сэрца і душу, бо пры сустрэчы адразу адчулася іх узаемная павага і вялікае каханне адзін да аднаго. Сямейная пара пранесла яго праз усё сваё няпростае жыццё, і сёлетняй восенню, а дакладней 30 верасня, адзначыла брыльянтавае вяселле. Адсвяткавалі круглую і прыгожую дату Максім Паўлавіч і Алена Цярэнцьеўна – шасцідзесяцігоддзе сумеснага жыцця.

Нешматлікім парам шанцуе разам пераадолець гэтую мяжу і захаваць свае адносіны на працягу такога доўгага часу. А па сучасных мерках дык і зусім такі працяглы перыяд замужаства з’яўляецца сапраўднай рэдкасцю, таму ён яшчэ больш значны і каштоўны.
Харомцы ў апошнія часы лічацца, як кажуць, неперспектыўнай вёскай. Насельніцтва старэе, а яна непрыкметна пусцее. Аднак, пражыўшы ў ёй амаль што ўсё сваё сумленнае жыццё, сям’я Балтушкіных прырасла тут моцнымі каранямі. Уласнай працай гаспадары ўслаўлялі бацькоўскую зямлю. Гаравалі, як кажуць, да мазоляў. І зараз не сядзяць склаўшы рукі. Як жа не кінуць вясной насенне ў зямельку-маці, каб выгадаваць першыя гурочкі ці клубніцы? Яна ж дае чалавеку моц. Трымалі заўсёды па некалькі рагуль, парсюкоў цэлы хлеў, хатніх птушак незлічоную колькасць – трэба ж было дзяцей на ногі падымаць. Разам шчыравалі і ў мясцовым саўгасе. Максіму Паўлавічу за добрасумленную працу нават пашанцавала пабываць у Маскве на ВДНГ, а Алене Цярэнцьеўне прысвоена званне “Ударнік камуністычнай працы”, за што яна ўзнагароджана адпаведным знакам.
На асабістым прыкладзе гэтыя людзі паказалі не толькі як трэба працаваць, але і як трэба кахаць, шанаваць, жыць у ладзе ды згодзе. Сумленна адпрацавалі, выхавалі дзяцей, якія сталі паважанымі людзьмі. Старэйшы сын Леанід – работнік сістэмы адукацыі раёна, некаторы час узначальваў Забалацкую сярэднюю школу, выкладаў беларускую мову і літаратуру. Сярэдні Аляксандр – працуе ў Бабруйску ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Малодшая дачка Рая таксама жыве ў гэтым горадзе і доўгі час працуе завучам у медвучылішчы. У мінулым годзе атрымала ганаровае званне “Выдатнік аховы здароўя”. Як свая кроўная дачушка застаецца ў бацькоў чацвёртая – Надзея – родная пляменніца Алены Цярэнцьеўны, дачка той самай стрыечнай сястры, якая была ў яе на вяселлі дружкай. З маленства дзеці гадаваліся разам, бацькі далі ім добрую навуку і пуцёўку ў самастойнае жыццё. Зараз Надзея Генадзьеўна Курсевіч жыве ў аграгарадку Парэчча і таксама працуе настаўніцай у мясцовай школе. Яна вельмі ўдзячна сваёй цётачцы і дзядзечку, так ласкава Надзея Генадзьеўна называе сваіх другіх бацькоў, за іх дабрыню, міласэрнасць і пяшчоту. Абодва для яе, як глыток свежага паветра.
Максім Паўлавіч і Алена Цярэнцьеўна – людзі сапраўды адметныя. Увесь час, колькі я з імі размаўляла, ласкава трымаліся за рукі. Па ўсім было відаць, што і на дзявятым дзясятку сямейная пара не страціла тых вялікіх, светлых пачуццяў, якія захапілі іх калісьці ў маладосці. Здавалася, адлучы мужа ад жонкі, і згубіцца сэнс іх сумеснага жыцця, згасне, як тая зорка на небасхіле, непарыўная сувязь паміж іх роднаснымі душамі. Але падумалася, што абодвум усё па плячы, бо сапраўды іх цёплыя ўзаемаадносіны, быццам бы першая ластаўка вясной, якая нясе радасную вестку.
Распавядаць пра глыбокія, шчырыя пачуцці, працятыя чуллівым клопатам, – адно задавальненне. А як цікава было паслухаць пра незвычайны дзень вяселля Максіма Паўлавіча і Алены Цярэнцьеўны. Незвычайны не таму, што ён для ўсіх маладажонаў заўсёды такі хвалюючы, асаблівы і памятны, а таму, што нявеста мела намер збегчы ад жаніха. Прычына – нечаканая крыўда яго радні.
– Я зусім выпадкова пачула, як родзічы Максіма перашэптваліся, што была ў яго іншая дзяўчына, куды харашэйшая. Ды і свая – мясцовая, – зараз ужо з усмешкай успамінае Алена Цярэнцьеўна. – А мне тады, самі ўяўляеце, было зусім не да смеху, хаця я ведала, што нашы з Максімам пачуцці моцныя і выпрабаваныя часам, а каханне – чыстае і прыгожае. Але ж мне трэба было мець і нейкі дзявочы гонар. Вось тады ў мяне ўзнікла раптоўная думка: уцяку. Адной не было як. Пачала падбухторваць шаферку, сваю стрыечную сястру, каб разам падацца адсюль як мага далей. Аднак дарогі назад не ведалі, бо вяселле адзначалі ў Жывуні – вёсцы Максіма. Так, праглынуўшы камяк кроўнай крыўды, я засталася з мужам. І, як бачыце, назаўсёды. Дзякуй Богу, утрымаў, уратаваў ад глупстваў і паспешнага неабдуманага ўчынку.
Так Алена Цярэнцьеўна ўступіла ў законны шлюб з Максімам Паўлавічам. І ніколі не пашкадавала аб сваім выбранніку. За дзесяцігоддзі прывыклі адзін да аднаго, пры- звычаіліся і жывуць пад адным дахам душа ў душу. У гэтым зноў і зноў упэўнівалася, калі станавілася сведкай цікавых момантаў іх сумеснага жыцця. Сапраўды, ці трэба казаць, якія жаданні дапамагчы, цярплівасць і клопат патрабуюцца ад мужа, калі Алене Цярэнцьеўне трэба легчы на лячэнне ў бальніцу. Другая палова, як нітка за іголкай, заўсёды побач: і пакорміць, і прычэша, і лекі падась, і, зразумела, развесяліць. Але, нягледзячы на цяжкасці, гаспадар апавядаў толькі пра самае лепшае і прыемнае, хаця зразумела, што не кожны мужчына згадзіцца дзень і ноч быць побач з жонкай пры такіх умовах. У гэтай сям’і – наадварот: нікому не давярае Максім Паўлавіч сваю каханую, нават дзецям.
– Пад камень вада не падыдзе,– жартуе пакладзісты і мяккі па характары мужчына. – Трэба самому і заўсёды праяўляць ініцыятыву, хаця сыны і дачка абавязкова першыя прыходзяць на дапамогу. Здаровая і радасная матуля – для нас самае святое на зямлі. Але навошта ім лішні раз турбавацца. Сам, пакуль здолею, буду нашай матулечцы дапамагаць. Ды і ёй спакайней, калі адчувае маю падтрымку.
Глядзіш на гэтыя замілаваныя твары і дзіву даешся, наколькі духоўна багатыя гэтыя простыя сялянскія людзі, наколькі цесна звязаны яны паміж сабой нябачнымі ніцямі паразумення і адзінымі поглядамі на жыццё. Мабыць, таму і дачакаліся брыльянтавага вяселля? Але, хто ведае, ад чаго залежыць лёс чалавека. Самі ж немаладыя супругі з вышыні пражытага жыцця лічаць, што ўсё ў сваіх руках, трэба толькі прыкласці намаганні, каб навучыцца разумець адзін аднаго не толькі з першага слова, але нават з позірку. А яшчэ вельмі важна ўмець знаходзіцца ў добрым настроі. Гаспадары – аматары народных спеваў. Ох, і галасістыя абодва! Ніводнае сямейнае свята не праходзіць без выканання застольных песень. Да таго ж, муж і жонка любяць жартаваць. З іх вуснаў не сыходзілі ўсмешкі, бо лічаць, што з гумарам лягчэй пераадольваць любыя цяжкасці.
Вельмі сціплымі людзьмі аказаліся Максім Паўла-віч і Алена Цярэнцьеўна, таму ледзь згадзіліся сфатаграфавацца. Маўляў, мы ж простыя людзі, не прывыклі да такой публічнасці. Але ж зрабілі выключэнне і… І падзяліліся самым патаемным, але зусім не простым жаданнем, каб іх унукі, праўнукі і далейшыя пакаленні жылі ў такім жа моцным каханні і ў згодзе, якія застануцца нашчадкам, як яскравы прыклад Алены Цярэнцьеўны і Максіма Паўлавіча. Шчаслівай долі багатыя на жыццёвы вопыт юбіляры жадаюць ім больш за ўсё. Сталыя бацькі чакаюць гэтага, як стомленыя ад спякоты палі жадаюць спорнага дажджу, як апаленыя гарачынёй палявыя кветкі – сустрэчы з жыватворнай крыніцай. І такі момант абавязкова настане.
Наталля Ёвенка.
Фота аўтара



1 комментарий по теме “Тваё каханне – мая ўзнагарода

  1. где фотографии?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *