Шануем сваё

Культура

 

Летам 2020 года Акцябрскі зноў ператворыцца ў вялікую пляцоўку, бо менавіта на нашай рудабельскай зямлі кожныя два гады праходзіць рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”.       

Гэтае маштабнае свята музыкі, песень і танцаў скіравана, у першую чаргу, на носьбітаў і пераемнікаў народнай культуры ва ўсіх яе традыцыйных праяўленнях. Грунтуецца ён на прынцыпах выяўлення, аднаўлення, пераймання, трансляцыі і папулярызацыі духоўнай і матэрыяльнай спадчыны Бацькаўшчыны.

Няглядзечы на тое, што да пачатку фестывалю яшчэ застаецца шмат часу, падрыхтоўка да яго ўжо актыўна вядзецца і зараз. Так, на прошлым тыдні да нас у раён завітаў даследчык харэаграфічнай культуры беларусаў, педагог, рэжысёр, сцэнарыст, менеджар, грамадскі дзеяч, член Беларускага саюза музычных дзеячаў, член Рады Беларускага фонду культуры, адзін з рупліўцаў на ніве фестывальнага фальклорнага руху Мікалай Козенка, удастоены ў гэтым годзе медаля Францыска Скарыны.

24 верасня ў Акцябрскім цэнтры вольнага часу сабраліся выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў, мастацкія кіраўнікі раённых фальклорных калектываў, удзельнікі ўзорнага фальклорнага ансамбля “Рудабельскія зорачкі”. Па-першае, былі вырашаны арганізацыйныя пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай да фестывалю, па-другое, Мікалай Козенка правёў майстар-клас беларускіх народных танцаў, асноўная мэта якога – навучыць, падказаць і паказаць, дапамагчы знайсці і раскрыць характэрныя асаблівасці танцавальных рухаў менавіта нашага рэгіёну, прадэманстраваць творчыя магчымасці ўдзельнікаў, уменне сымправізаваць.

Мікалай Аляксеевіч прывёў прыклады з гісторыі танца і паказаў сам некалькі традыцыйных беларускіх беларускіх рухаў.

— Без танца сёння немагчыма. Наша задача – прывіваць беларускае. Аднак, у першую чаргу, трэба выхоўваць бацькоў, а не дзяцей, і этычна, і эстэтычна. І тады цяжкае будзе лёгкім, а лёгкае стане любімым”, — падвёў вынік Мікалай Аляксеевіч.

Аксана Борсук. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *