Траецкі спеў, цудоўны дзень…

Культура

 

У нядзелю, 4 чэрвеня, жыхары і госці аграгарадка Рассвет урачыста адзначылі галоўнае для гэтых мясцін прастольнае свята – Дзень святой Тройцы.

Спрадвеку ў Рассвеце шанавалі Тройцу – яе з нецярпеннем чакалі, рыхтаваліся як след, каб годна адзначыць гэтае, бадай, галоўнае свята летняга абрадавага цыкла.  Асноўным рытуалам траецкіх урачыстасцяў лічыцца ўнікальны звычай пад назвай “Ваджэнне куста”. “Кустом” у ім выступае прыгожая дзяўчына, апранутая сяброўкамі ў зялёны ўбор з галінак клёна, кветак і траў, што сімвалізуе сабой род, сям’ю, кроўныя стасункі, з ім звычайна абыходзілі хаты, віталі гаспадароў, зычылі ім дабрабыту, здароўя і шчасця.  Па даўняй традыцыі з “Ваджэння куста” і пачалося свята ў аграгарадку Рассвет у мінулую нядзелю.  Дзеючыя персанажы абрада з ліку ўдзельнікаў узорнага дзіцячага калектыва “Цярэшкавы шчодрыкі” пад гукі гармоніка з песнямі і танцамі абыйшлі падворкі роднага населенага пункта, потым працягнулі прадстаўленне на цэнтральнай пляцоўцы траецкіх урачыстасцяў ля Рассветаўскага культурна-спартыўнага цэнтра. Да іх далучыліся і дарослыя самадзейныя артысты з калектыва аматарскай творчасці “Світанак”.

З прывітальным словам да жыхароў і гасцей аграгарадка Рассвет звярнулася старшыня Пратасаўскага сельвыканкама Людміла Васільеўна Вежнавец. На сцэну пачаргова выклікаліся землякі, для якіх сёлетні год лічыцца знамянальным у асабістым жыцці. Так падарункі (дарэчы, прызы і сувеніры былі набыты ў асноўным за кошт базавай гаспадаркі – ААТ “Маісееўка”) уручылі сямейным юбілярам, якія сёлета адзначаюць срэбранае вяселле – Валянціну Уладзіміравічу і Жанне Віктараўне Каранцам, Ігару Фёдаравічу і Таццяне Васільеўне Дземенкаўцам, і палатнянае (35 гадоў сумеснага жыцця) – Валерыю Аркадзьевічу і Святлане Мікалаеўне Галавачэнка, іншым рассветаўцам, у каго Тройца і бліжэйшыя да яе дні  супалі з круглымі датамі з дня нараджэння. І, безумоўна, без падарункаў не засталіся самыя сталыя і самыя маладыя мясцовыя жыхары. Гэта 93-гадовая Кацярына Мікалаеўна Іскрыцкая і зусім маленькая Стэфанія Новак – ёй толькі крыху больш за паўгода.

Самымі ж прыгожымі і дагледжанымі сядзібамі, прыбранымі да сёлетняй Тройцы, камісія прызнала падворкі Валянціна Мікалаевіча Жданюка і Анатаніны Дзмітрыеўны Алёхна, удастоеных тытула лепшых гаспадароў.

У ходзе свята  шматлікіх яго ўдзельнікаў з ліку як мясцовых жыхароў, так і прыезджых (прысутнічалі госці нават з Масквы) не раз віталі сваімі шчырымі выступленнямі мясцовыя артысты і госці – удзельнікі народнага ансамбля народнай музыкі “Радостея” Прудкоўскага СДК Светлагорскага раёна, якія з нядаўняга часу звязаны цеснымі творчымі зносінамі з рассветаўскай культустановай. Вельмі вялікую цікавасць у прысутнічаючых выклікаў незвычайны стэнд з выявай раённай газеты “Чырвоны Кастрычнік”, дзе апублікаваны артыкулы з фотаздымкамі пра добрыя і цікавыя справы жыхароў Рассвета ў розныя гады, аформлены бібліятэкарам Рассветаўскай сельскай бібліятэкі Тамарай Пятроўнай Савельевай, а таксама вабілі да сабе выставы-продажы вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, узораў выпечкі мясцовых гаспадынь, дзіцячыя атракцыёны.  Святочнаму настрою  ўсіх гасцей свята да таго ж садзейнічала вельмі лагоднае надвор’е, і музыка, і песні разнастайных жанраў і запатрабаванняў доўга яшчэ луналі ў гэты нядзельны дзень у харастве свята ў прыгожым аграгарадку Рассвет.

Юрый Каспяровіч.

Фота Тамары Савельевай.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *