Таленавітыя майстры выразнага роднага слова

Образование

 

20 сакавіка на базе сярэдняй школы №2 г. п. Акцябрскі прайшоў раённы этап XIV абласнога конкурсу чытальнікаў “Захаваем свет разам!”.

Конкурс праводзіцца з мэтай стымулявання чытацкіх інтарэсаў школьнікаў, павышэння цікавасці да выразнага чытання мастацкіх твораў, а яго задачай з’яўляецца прапаганда твораў пісьменнікаў Гомельшчыны, прысвечаных роднаму краю і духоўнаму багаццю рэгіёна.

Прыемна, што з кожным годам удзельнікаў конкурсу становіцца ўсё больш і больш. Так, зараз юных чытальнікаў – вучняў агунаадукацыйных школ гарпасёлка і Акцябрскага раёна –  было 26.         

На працягу конкурсу хлопцы і дзяўчаты ва ўзросце з 12 да 17 гадоў дэкламавалі мастацкія творы сучасных літаратараў, якія жывуць на тэрыторыі Гомельскай вобласці, а таксама выхадцаў з Гомельшчыны – народных пісьменнікаў Беларусі.

Вучні чыталі выразна, натхнёна, артыстычна. І не проста чыталі, а пражывалі творы. Некаторыя з удзельнікаў нават стварылі цэлыя вобразы пры дапамозе касцюмаў. І ў гэтым, вядома, немалая заслуга педагогаў, якія рыхтавалі школьнікаў да ўдзелу ў конкурсе.

Прыгожа гучалі паэтычныя радкі, а яркае акцёрскае выкананне мастацкіх твораў яшчэ раз пацвердзіла думку: усё ж такi таленавітыя дзеці на нашай Акцябршчыне.

         Па рашэнню журы тыя чытальнікі, які змаглі выказаць мастацкую задуму аўтара і набралі найбольшую колькасць балаў, былі ўзнагароджаны Дыпломамі першай, другой і трэцяй ступені. Абсалютнай пераможцай стала вучаніца сярэдняй школы №1 г. п. Акцябрскі імя А. Р. Салаўя Дар’я Шурпач. Менавіта яна будзе прадстаўляць наш раён на абласным этапе конкурсу, які адбудзецца ў маі ў горадзе Жыткавічы.

         Віншуем і жадаем далейшых творчых поспехаў!

         Аксана Борсук. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *