Сустрэча з кнігай

Культура

У раённай бібліятэцы 14 красавіка адбылося мерапрыемства, на якім прысутнічалі самыя маленькія чытачы – выхаванцы дзіцячых садоў і вучні малодшых класаў гарпасялковых школ. Спачатку адбылося знаёмства з бібліятэкай, хлопчыкаў і дзяўчынак правялі па залах, дзе “жывуць” кнігі, пра якія дзеці даведаліся, што яны могуць быць рознымі па зместу і жанру, а таксама як вельмі маленькімі, такімі як кніжкі-малышкі, так і, наадварот, вялікімі.

Далей пачалося самае цікавае: у госці да дзяцей завітала Казачніца, разам з якой яны адправіліся ў цудоўную краіну казак. Потым з’явілася Старуха Шапакляк, якая прынесла з сабою кнігі і пачала іх чытаць. Але яны былі зусім незразумелыя для рабят. Аказалася, што ў іх проста не хапае лістоў, бо з іх Шапакляк зрабіла самалёцікі і караблікі. За гэта Кніга рашыла пакараць шкодную Старуху і адправіць яе ў краіну Страшылак. Але хлопчыкі і дзяўчынкі дапамаглі ёй выканаць заданні Захавальніцы з “Бюро згубленых лістоў” і вярнуць вырваныя старонкі.
Працягам свята былі невялікія лялечныя п’ескі “Як Зайка навучыўся казаць “добрай раніцы”, “Чароўная смятана”, “Вось дык фокус”, якія навучылі дзяцей сяброўству, ветлівасці і іншым правілам паводзін.
Усім маленькім наведвальнікам бібліятэкі – гэтага цудоўнага кніжнага царства – вельмі спадабалася падарожжа ў казку, падчас якога дзеці даведаліся пра тое, што кніга з’яўляецца не толькі крыніцай ведаў, але яна можа быць і лепшым сябрам, і добрым дарадчыкам, і мудрым настаўнікам.
Ад імя бацькоў дзяцей – выхаванцаў сярэдняй групы “В” яслей-сада №3 г.п. Акцябрскі – хацелася б выказаць падзяку кіраўніцтву раённай бібліятэкі на чале з дырэктарам А. І. Мартыненка, а таксама ўсім супрацоўнікам гэтай установы культуры за цікавае мерапрыемства і пажадаць далейшых поспехаў, новых ідэй і цудоўных сцэнарыяў. Да наступнай сустрэчы ў краіне казак!
Аксана Борсук.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *